Янка Запруднік: Пра незалежнасьць, пытаньне беларускай «волі-няволі» ў мінуўшчыне ды паняцьце «незалежнік»

Хачу закрануць тут  пытаньне пра гістарычны час “волі” й “няволі” Беларусі: калі ў сваёй мінуўшчыне Беларусь была “вольнай” і калі перастала быць такой?

Даклад на святкаваньні ў Нью-Ёрку 23 сакавіка 2014 г. 96-х угодкаў абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларуская Народная Рэспубліка мае свой юрыдычны пачатак у трох устаўных граматах, апублікаваных Выканаўчым Камітэтам Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду.

Зьезд гэты, у якім ўзяло ўдзел 1915 дэлегатаў, быў скліканы ў сьнежні 1917 году. Пасьля колькіх дзён працы зьезду расейскія бальшавікі разагналі яго сілаю зброі. Ад імя гэтага форуму далей гаварыў выканаўчы ці, як тады казалася, спаўняючы камітэт. Камітэт выдаў у лютым і сакавіку 1918 году тры ўстаўныя граматы*, у якіх сьцісла выкладзены ідэі й прынцыпы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Першая Ўстаўная Грамата была зваротам-заклікам “Да народаў Беларусі”. У ім казалася:

“Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самавызначэньне”.

Выканаўчы Камітэт абвесьціў таксама, што “да скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму” “часовую ўладу ў краю будзе зьдзеясьняць створаны намі Народны Сакратарыят Беларусі”.

Наступным эпахальным дакумэнтам сталася праз два з палавінаю тыдні, 9-га сакавіка 1918 году, Другая Ўстаўная Грамата, якую можна назваць зародкам канстытуцыі Беларускай Народнай Рэспублікі. У ёй сказана, што гэта — “пастанова аб дзяржаўным устроі Беларусі і аб правох і вольнасьцях яе грамадзян і народаў”. У грамаце восем ляканічных параграфаў, у першым зь іх чытаем:

“Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай”.

Пяты параграф абвяшчаў дэмакратычны лад Рэспублікі:

“свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў; бязумоўную свабоду сумленьня, незачэпнасьць асобы й памешканьня”.

І ўрэшце раніцай 25 сакавіка 1918 году, пасьля ўсяночных напружаных дэбатаў, была прынятая Трэцяя Ўстаўная Грамата – акт аб дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі зь ягоным трыюмфальным сказам:

“Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай”.

Гэтак вось 96 гадоў таму ўжыцьцёвілася, аформілася палітычна й юрыдычна, зароджаная яшчэ ў другой палавіне 19-га стагодзьдзя ідэя дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.

Тры Ўстаўныя Граматы Выканаўчага Камітэту Першага Ўсебеларускага Зьезду — гэта асноўныя дакумэнты беларускай палітычнай гісторыі й незалежніцкага руху.

У сувязі з угодкамі Акту Незалежнасьці хачу закрануць тут  пытаньне пра гістарычны час “волі” й “няволі” Беларусі: калі ў сваёй мінуўшчыне Беларусь была “вольнай” і калі перастала быць такой?

Першая грамата гэтага пытаньня не кранала. А ў другой сказана:

“Пасьля трох з паловаю вякоў няволі зноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве і будзе жыць”.

“Пасьля трох з паловаю вякоў няволі…” Дык калі тая “няволя” пачалася?

Адняўшы ад 1918 “тры з паловай вякі”, мы вяртаемся ў 1568 год. Гэта – пярэдадзень Люблінскае вуніі Вялікага Княства Літоўскага з кароннай Польшчай.

Люблінская вунія 1569 году – вялікая тэма ў нашай гісторыі зь вельмі сумным вынікам для Беларусі.

Вунія гэтая, як агульна ведама, прывяла амаль да татальнай палянізацыі верхняга пласта беларускага грамадзтва й да страты беларускай мовай у 1696 годзе статусу афіцыйнай мовы ВКЛ. Вось чаму, азіраючыся ў 1918 годзе назад у мінуўшчыну, аўтары Другой Устаўной Граматы, бачачы, што панятак “беларускі народ” зьведзены ў асноўным да панятку абяздоленай сялянскай масы, далі мінулым стагодзьдзям такую адмоўную ацэнку — “няволя”.

Зусім інакш, аднак, выглядае наша мінуўшчына праз прызму Трэцяй Устаўной Граматы. Тут ужо чытаем, што

“ярмо дзяржаўнай залежнасьці… гвалтам накінулі расійскія цары на наш вольны і незалежны край”.

Гістарыяграфічнае разыходжаньне паміж другой і трэцяй устаўнымі граматамі адносна “няволі” й “волі” роднага краю вымагае тлумачэньня, бо дасюль, наколькі мне ведама, ніхто ім не займаўся. А гэта, бадай, таму, што недастаткова матэрыялаў для такога разгляду: няма патрэбных пратаколаў паседжаньяў, прэсавых паведамленьняў, лістоў, мэмуарных запісак. Нам ня ведама, якія канкрэтна былі спрэчкі-дыскусіі, як адбывалася галасаваньне, як уплывалі на працу выканаўчага камітэту вонкавыя ваенна-рэвалюцыйныя абставіны. Але разам з тым мы ведаем, што сярод лідэраў незалежніцкага руху ды палітычных дзеячоў таго часу былі людзі высока адукаваныя й палітычна дасьведчаныя. Натуральна, яны маглі адрозьнівацца адзін ад аднаго палітычнымі перакананьнямі ды паглядамі на мінуўшчыну краю.

Думаю, што аўтары Трэцяй Устаўной Граматы сказалі пра Рэч Паспалітую, у складзе якой была Беларусь, як пра “наш вольны і незалежны край” з гледзішча на Канстытуцыю 1791 году. Канстытуцыя гэтая была сфармуляваная ў духу францускай рэвалюцыі й дэмакратычных ідэяў незалежных Злучаных Штатаў Амэрыкі. Хоць яна й абвяшчала дзяржаву ўнітарнай, касуючы асобны статус Вялікага Княства Літоўскага, яна адначасна пашырала грамадзянскія й муніцыпальныя правы, давала значна больш свабоды, чымся яе мелі ў Расейскай імпэрыі падданыя самаўладнае царыцы Кацярыны 2-й. Менавіта каб спыніць пашырэньне на ўсход волялюбных ідэяў, расейская імпэрытарыца й захапіла рэшту беларускіх тэрыторыяў у двух апошніх падзелах Рэчы Паспалітай у 1793-м і 1795-м гадох, неўзабаве пасьля прыняцьця Канстытуцыі 3-га травеня 1791 году.

Як бы ні ацэньвалі тварцы ўстаўных граматаў мінуўшчыну свайго краю, ягоную будучыню яны бачылі аднолькава: незалежнасьць і дэмакратыя: нацыянальна-пэрсанальная аўтаномія, роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі; зямля бяз выкупу тым, што самі на ёй працуюць. Гісторыя паказала заснавальнікам Беларускай Народнай Рэспублікі, што адзіны шлях да справядлівага ўсенароднага дабрабыту — гэта дзяржаўная незалежнасьць! І, як трэба разумець — ніякіх вуніяў ці саюзаў ні на захад ні на ўсход, ні з Польшчаю, ні з Расеяй.

Ад часу трох устаўных граматаў Рады БНР і праз усе далейшыя гады ў беларускай гісторыі былі й ёсьць незалежнікі: тысячы іх, шчырых працаўнікоў, герояў-мучанікаў, ведамых і няведамых. Вось жа на заканчэньне сказанага прапаную задумацца над гэтым шматзначным словам “незалежнік”. Пашукайма ў гэтым слове зьместу ня гэтулькі “для народу”, колькі для сябе асабіста, для свайго ўласнага жыцьцёвага компасу.

У вызвольным змаганьні ёсьць два аспэкты: вонкава-калектыўы й нутрана-асабісты. Задумаймася над гэтым апошнім, нутрана-асабістым аспэктам.
Слова “незалежнасьць” значыць ня быць у залежнасьці ад каго-небудзь ці ад чаго-небудзь, інакш кажучы, быць самастойным у сваіх думках і ўчынках. Найлепш бараніць інтарэсы ўласнай краіны могуць толькі незалежнікі — людзі вольныя, незалежныя ад чужое волі, ад чужое ідэялёгіі; вольныя ад няведы свае гісторыі й культуры, ад няздольнасьці валодаць мовай продкаў. Няведаньне нацыянальнае мовы асабліва згубнае, небясьпечнае, бо ў чужой мове закладзены чужыя эмоцыі, чужыя ацэначныя крытэрыі й чужыя інтарэсы.

Спрадвечная мова свайго народу – гэтая ня толькі словы, гэта й пачуцьці, гэта й сьветагляд, сьветаўспрыйманьне й сьветаразуменьне. Пра гэта сказана тысячы разоў найбольш выдатнымі мысьлярамі чалавецтва: гісторыкамі, філёзафамі, культуролягамі, філёлягамі,псыхолягамі, рэлігійнымі дастойнікамі.

Вось адно зь нядаўных красамоўных выказваньняў на гэтую тэму — глыбокамысныя словы нунцыя Ватыкану ў Баларусі, арцыбіскупа Кляўдыа Гуджэроцьці. У пасьмяротным разьвітаньні з волатам беларускага слова Рыгорам Барадулінам ён сказаў:

“Мова — гэта інструмэнт, якім карыстаецца Бог, каб размаўляць з народам.Таму яна сьвятая і вартая, каб яе шанавалі й любілі, як маці. На гэтым інструмэнце Рыгор Барадулін умеў выконваць дзівосныя мэлёдыі й дазволіў беларускаму народу сваёй мовай дакрануцца да вышынь прыгажосьці”.

Сёньня, калі расейскамоўнасьць выкарыстоўваецца Масквой як прычэпка для захопу суседзкае тэрыторыі, валоданьне нацыянальнай мовай – гэта фронт абароны Бацькаўшчыны, фронт абароны ейнай незалежнасьці.

Абагульняючы сказанае пра Незалежнасьць, хачу падкрэсьліць:

Слова-лёзунг “незалежнасьць”, ягоную практычную вартасьць, ягоны ўплыў на хаду падзеяў лягчэй зразумець і ацаніць, калі яго разглядаць з гледзішча асабістага, пэрсанальнага, не абстрагуючы яго на рэшту грамадзтва, на цэлы народ, а перш-наперш прыкладаючы яго да самога сябе, да самое сябе.

Змаганьне за незалежнасьць і абарона незалежнасьці найбольш эфэктыўныя, выніковыя, калі яны ўгрунтаваныя на пэрсанальным разуменьні каштоўнасьці свабоды, на асабістай ведзе мінуўшыны роднага краю.

Быць незалежнікам значыць быць упэўненым, што асабістыя, уласныя перакананьні, асабістыя ўчынкі арганічна ўплываюць на нацыянальна- масавыя падзеі, на хаду гісторыі свайго народу.

Асабістая веда, асабістыя перакананьні ды абумоўленыя імі асабістыя ўчынкі — гэта той ручаёк, які зьліваецца ў шырокую плынь, сэнс і мэта якое — ужыцьцяўляць ідэі папярэднікаў і свае ўласныя аб свабодзе, незалежнасьці й народным дабрабыце.

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Аўтар: доктар Янка Запруднік, радны БНР

* Тэксты гэтых трох дакумэнтаў гл. у: Сяргей Шупа, Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Том І, кн. 1. (Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва – Таварыства Беларускага Пісьменства – Наша Ніва. Вільня – Нью-Ёрк – Менск – Прага, 1998), сс. 46-47, 52-53, 62-63.