СТАГОДНІ ЮБІЛЕЙ УСЕБЕЛАРУСКАГА ЗЬЕЗДУ – ГЭТА СТАГОДНІ ЮБІЛЕЙ РАДЫ БНР. ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР

Дарагія радныя БНР, дарагія мае сябры і паплечнікі,

У гэтыя дні мы адзначаем стагодзьдзе важнай гістарычнай падзеі – Першага Ўсебеларускага Зьезду. Гэты кангрэс пачаўся 18 сьнежня (5 сьнежня па старым стылі) 1917 году. Ён праходзіў цягам амаль двух тыдняў галоўным чынам у будынку Менскага гарадзкога тэатру – цяперашняга Тэатру Янкі Купалы, які нядаўна набыў амаль той самы вонкавы від, які ён меў тады.

Той агульнанацыянальны зьезд быў адметны тым, што на ім было абвешчана пра ўтварэньне агульнабеларускага прадстаўнічага кіраўнічага органу. Гэты орган неўзабаве стаў называцца Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, а 25 сакавіка 1918 году абвесьціў Беларусь незалежнай дзяржаваю.

Такім чынам, стагодні юбілей Усебеларускага Зьезду – гэта стагодні юбілей Рады БНР. Я шчыра віншую ўсіх вас з гэтаю датай.

Роўна стагодзьдзе Рада БНР нясе сьцяг дэмакратычнай і сувэрэннай беларускай дзяржаўнасьці. Празь некалькі замежных акупацыяў. У выгнаньні ў Коўне, Празе і на Захадзе. Празь цяжкія цяперашнія часы прорасейскай дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі, калі Беларусь хаця і сталася фармальна незалежнаю, але знаходзіцца пад кантролем узурпатара, гатовага прамяняць сувэрэнітэт сваёй бацькаўшчыны на шанец заняць трон у Крамлі.

У дваццатым стагодзьдзі многія нашыя з вамі паплечнікі і калегі паплаціліся сваім жыцьцём за прыналежнасьць да Рады БНР і за сваю барацьбу за вольную Беларусь. Савецкімі акупантамі былі забітыя як мінімум дваццаць чатыры радных БНР, у тым ліку прынамсі чацьвёра прам’ер-міністраў БНР і адзін Старшыня Рады БНР. Дзясяткі радных прайшлі празь зьняволеньне ў савецкім ГУЛАГу, цярпелі перасьлед ад гітлераўскіх акупантаў і ўладаў міжваеннай Польшчы.

Гісторыя даказала, што калябарацыя з вонкавымі акупантамі ня можа быць пасьпяховаю. Беларускія структуры, створаныя, хай нават з найлепшымі памкненьнямі, пад эгідай міжваенных польскіх уладаў, ці, тым болей, нямецкіх нацыстаў, пацярпелі паразу. Паплаціліся за сваю трагічную памылку і тыя беларускія дзеячы, хто паверыў бальшавікам і вярнуўся з эміграцыі ў марыянэткавую БССР.

Рада БНР як структура заўжды падкрэсьлівала сваю незалежнасьць і ставіла беларускія нацыянальныя інтарэсы вышэй за ўсё. Дзякуючы гэтаму яна выстаяла.

Цягам дзесяцігодзьдзяў Рада БНР была галоўным прадстаўніком Беларусі ў Вольным сьвеце. Яна гуртавала беларускую палітычную эміграцыю, якая па сутнасьці складала асноўную частку несавецкае беларускае палітычнае апазыцыі і грамадзкае эліты, якая была вымушаная зьехаць зь Беларусі, каб пазьбегнуць сьмерці ў сталінскіх канцэнтрацыйных лягерах. Перад Радаю БНР стаяла задача ня проста ўсталяваць кантакты з урадамі дэмакратычных краінаў, але і проста данесьці да іх інфармацыю пра Беларусь, пра тое, што мы самастойны народ з уласнымі гісторыяй, культурай і інтарэсамі, які хоча жыць ува ўласнай дэмакратычнай дзяржаве ў міры з суседзямі.

Праз стагодзьдзе Рада БНР зьмяніла фармат сваёй працы. Дзякуючы сучасным тэхналёгіям мы працуем і ўзаемадзейнічаем, знаходзячыся на розных кантынэнтах. Рада БНР працягвае аб’ядноўваць найбольш выбітных палітычных актывістаў сярод прадстаўнікоў беларускай дыяспары па ўсім сьвеце. Статус раднага БНР – гэта пачэсны, ганаровы статус, які адначасова падкрэсьлівае дасягненьні чалавека, але і накладае на яго дадатковыя абавязкі: перадусім, абавязак быць годным тых, хто ўваходзіў у склад нашае структуры раней.

Зьмяняюцца пакаленьні радных БНР. Цяпер у нашых шэрагах і прадстаўнікі старога пакаленьня эміграцыі, і вымушаныя зьехаць зь Беларусі палітычныя актывісты й дэпутаты, і прадстаўнікі другога пакаленьня беларускай дыяспары. Найбольш маладыя цяперашнія радныя на сто гадоў маладзейшыя за тых людзей, хто стаяў ля вытокаў нашае структуры ў 1917 годзе. Рада БНР была і застаецца адкрытаю да супрацоўніцтва з усімі, каму неабыякавы лёс Беларусі.

Да той працы, якую Рада БНР рабіла ў часы савецкай акупацыі і якая ўключала прадстаўніцтва Беларусі ў замежжы, камунікаваньне з урадамі дэмакратычных краінаў дзеля прыцягненьня ўвагі да праблемаў Беларусі, цяпер далучылася і беларуская дэмакратычная апазыцыя. Шмат непасярэднай працы з урадамі і грамадзтвамі ў асобных краінах узялі на сябе арганізацыі беларускай дыяспары, чыіх прадстаўнікоў Рада БНР імкнецца аб’ядноўваць.

Але функцыя Рады БНР, якую ніхто ня зможа выконваць за нас, – гэта працягненьне традыцыяў беларускага дэмакратычнага і незалежніцкага руху. Гэта забесьпячэньне юрыдычнае пераемнасьці паміж беларускай дзяржавай і воляй беларускага грамадзтва, выказанай на Першым Ўсебеларускім Зьездзе 1917 г. і ўва Ўстаўных Граматах 1918 году.

Рада БНР – гэта жывая гісторыя і бадай што самая старая дзеючая беларуская палітычная структура. Захоўваць гэты інстытут, гэтую беларускую гістарычную каштоўнасьць – гэта вялікі гонар і вялікая адказнасьць.

Нашая мэта – перадаць наш гістарычны мандат, атрыманы роўна сто гадоў таму на Ўсебеларускім Зьезьдзе, дэмакратычна абранай беларускай уладзе пры ўмовах гарантаванай незалежнасьці Беларусі. І нашыя высілкі былі й будуць надалей скіраваныя на тое, каб Беларусь як найхутчэй заняла свой пачэсны пасад між эўрапейскімі народамі.

 

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР

Сьнежань 2017 г.