Рада БНР — за наданьне бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці і статусу дзяржаўнага сьцягу

Заява Рады БНР аб аднаўленьні статусу дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь і наданьні беларускаму сьцягу статусу аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі падтрымлівае грамадзкую ініцыятыву аб наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу статусу аб’екта нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь.

Бел-чырвона-белы сьцяг – сымбаль руху за незалежнасьць Беларусі. Сваімі каранямі ён абапіраецца на старажытныя традыцыі беларускай дзяржаўнай сымболікі. Белы і чырвоны – гэта колеры старажытнага беларускага гербу “Пагоня”, які ўжо ўнесены ў сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, а таксама асноўныя колеры сьцягоў Вялікага Княства Літоўскага й Рэчы Паспалітае.

Пад бел-чырвона-белым сьцягам Беларусь зрабілася незалежнаю ў 1918 годзе. На працягу 20-х і 30-х гадоў бел-чырвона-белы сьцяг быў сымбалем руху за нацыянальныя правы беларусаў у міжваеннай Польшчы і ў БССР. У другой палове 20. стагодзьдзя сьцяг выкарыстоўваўся як сымбаль Беларусі ў краінах Вольнага сьвету. Гэты сьцяг шмат разоў падымаўся на Дзень незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка над афіцыйнымі ўстановамі (ратушамі Таронта, Манчэстэру і іншых гарадоў) у знак павагі да нашай краіны і да беларускага народу.

Пад бел-чырвона-белым сьцягам Беларусь адрадзіла сваю незалежнасьць і зрабілася агульнапрызнаным членам міжнароднай супольнасьці ў 1991 годзе. Менавіта гэты сьцяг быў падняты на першых амбасадах незалежнай Беларусі ў Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, ЗША, Расеі і іншых краінах.

Бел-чырвона-белы сьцяг усё 20. стагодзьдзе быў сымбалем незалежнай беларускай дзяржаўнасьці і беларусаў незалежна ад палітычных поглядаў.

Разам з тым, Рада БНР заклікае ня толькі надаць бел-чырвона-беламу сьцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, але і аднавіць у Рэспубліцы Беларусь ягоны статус дзяржаўнага сьцягу, зацьверджаны рашэньнем Вярхоўнага Савету Беларусі ад 19 верасьня 1991 г. Рада БНР адзначае, што рэфэрэндум, з спасылкаю на які быў скасаваны дзяржаўны статус бел-чырвона-белага сьцягу, гербу “Пагоня” і статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, быў прызначаны незаконна, а таксама арганізаваны і праведзены з істотнымі парушэньнямі, якія пазбаўляюць любыя ягоныя вынікі юрыдычнае сілы.

23 верасьня 2016 г.