РАДА БНР АСУДЖАЕ ГВАЛТ СУПРАЦЬ ДЭМАНСТРАНТАЎ, ЗАКЛІКАЕ ЎЖЫЦЬ ПАЛІТЫЧНЫ І ЭКАНАМІЧНЫ ЦІСК НА ПРОРАСЕЙСКІ РЭЖЫМ У МЕНСКУ – ЗАЯВА

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі рашуча асуджае гвалтоўныя дзеяньні сілавых структураў лукашэнкаўскага рэжыму супраць грамадзянаў падчас мірных дэманстрацыяў 25 сакавіка 2017 году.

Дзень Волі – галоўнае сьвята беларускага народу і гадавіна падзеі, ад якой бярэ адлік гісторыя сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. У гэты дзень Беларусь упершыню абвесьціла сябе незалежнай дэмакратычнай дзяржаваю. У будучыні гэты дзень без сумневу будзе галоўным дзяржаўным сьвятам Беларусі.

Перашкаджаючы беларусам сьвяткаваць 25 сакавіка, дыктатарскі рэжым на чале з грамадзянінам Аляксандрам Лукашэнкам, які мінімум ад 1999 году незаконна займае пасаду Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, у чарговы раз прадэманстраваў сваю антыбеларускую і антыдэмакратычную натуру, а таксама сваю беспасярэднюю пераемнасьць з таталітарнай савецкай акупацыйнай уладай.

Злачынствам, зьдзейсьненым пэрсанальна Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама асобамі, што бяруць удзел у рэпрэсіях супраць грамадзянаў Беларусі, у будучыні будзе дадзеная адпаведная юрыдычная ацэнка, як гэта адбылося ўва ўсіх іншых краінах Усходняй Эўропы пасьля іхнага вызваленьня з-пад савецкай акупацыі або просавецкіх камуністычных дыктатураў.

Рада БНР патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх актывістаў, арыштаваных 25 сакавіка і напярэдадні, чый лік складае некалькі соцень чалавек.

Рада БНР зьвяртае ўвагу міжнароднай супольнасьці на факты далейшых яскравых парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, адсутнасьць будзь-якога прагрэсу ў справе дэмакратызацыі.

Рада БНР заклікае краіны Эўрапейскага Зьвязу, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Канаду і іншыя краіны Вольнага Сьвету ажыцьцявіць актыўны палітычны і эканамічны ціск на прорасейскую дыктатуру ў Беларусі з мэтай неадкладнай дэмакратычнай трансфармацыі і павагі да правоў чалавека ў Беларусі.