Палітычныя рэпрэсіі застаюцца фактам жыцьця сучаснай Беларусі – Заява Рады БНР да Дзядоў-2017

З нагоды Дзядоў, якія ад канца 1980-х гадоў сталі ня толькі народным днём ушанаваньня продкаў, але і днём памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае ўсіх беларусаў шанаваць памяць соцен тысячаў нашых землякоў, якія сталіся ахвярамі палітычных рэпрэсій і сацыяльных экспэрымэнтаў таталітарнага акупацыйнага савецкага рэжыму, што панаваў на Беларусі большую частку XX стагодзьдзя.

Савецкі тэрор супраць беларусаў не абмяжоўваецца падзеямі 1937 году, які быў пікам гэтай шматгадовай злачыннай палітыкі. Рэпрэсіі супраць беларускіх палітыкаў і актывістаў, сялянаў, вернікаў і любых нязгодных з камуністычным рэжымам пачаліся адразу пасьля ўсталяваньня савецкай акупацыі Беларусі ў 1919 годзе. З той ці іншай інтэнсіўнасьцю рэпрэсіі працягваліся да аднаўленьня незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе.

Савецкая палітыка ў дачыненьні да Беларусі насіла характар зьнешняй акупацыі. Дзеяньні савецкай улады былі скіраваныя на асыміляцыю самастойнай беларускай нацыі, эксплюатацыю Беларусі, яе прыродных і чалавечых рэсурсаў для мэтаў агрэсіўнай савецкай імпэрыі, падаўленьне любога пратэсту супраць савецкай эканамічнай, культурніцкай, міжнароднай палітыкі камуністычнага рэжыму.

Пасьля аднаўленьня незалежнасьці савецкі рэпрэсіўны апарат так і ня быў зьнішчаны. Ён быў неўзабаве выкарыстаны аўтарытарным рэжымам прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, які ўсталяваўся ў 1995-1996 гг. у выніку дзяржаўнага перавароту.

Палітычныя рэпрэсіі застаюцца фактам жыцьця сучаснай Беларусі. За час кіраваньня А. Лукашэнкі ў Беларусі мелі месца масавыя факты палітычных рэпрэсіяў:

– Выкраданьні і, відавочна, забойствы лідараў апазыцыі;

– Увязьненьні лідараў і актывістаў апазыцыі, супрацьзаконны прызыў у войска;

– Зьбіцьці і катаваньні апазыцыйных актывістаў у турмах;

– Звальненьні з працы, выключэньні з унівэрсытэтаў па палітычных матывах;

– Апраўданьне і ўхваленьне палітычных рэпрэсіяў ў агульнанацыянальных прапагандысцкіх СМІ.

Рада БНР канстатуе, што цяперашняя нібыта палітычная адліга ў Беларусі застаецца збольшага ілюзіяй, якую актыўна стварае рэжым Лукашэнкі з дапамогай падкантрольнай яму прапаганды і лябісцкіх высілкаў на Захадзе. Мэтаю рэжыма ёсьць заваяваць давер кіраўніцтва краінаў Вольнага сьвету ва ўмовах далейшай дэградацыі беларускай эканамічнай мадэлі і супярэчнасьцяў паміж А. Лукашэнкам і ягоным традыцыйным палітычным і эканамічным спонсарам – пуцінскай Расеяй. За кратамі ў Беларусі застаюцца прынамсі два палітычных вязьня – Зьміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны. Улада гвалтоўна падаўляе мірныя акцыі пратэсту і ладзіць перасьлед грамадзянаў па палітычных матывах. СМІ краіны падлягаюць цэнзуры, у інфармацыйнай прасторы Беларусі дамінуе дзяржаўная прапаганда. Адсутнасьць прагрэсу ў справе дэмакратызацыі адзначаюць міжнародныя арганізацыі, у тым ліку спэцыяльны дакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасьці.

Рада БНР заяўляе, што задачай будучай дэмакратычнай улады Беларусі зьяўляецца:

– Рассакрэчваньне і па магчымасьці публікацыя ўсёй інфармацыі аб рэпрэсіях і аб агентурнай працы ВЧК, НКВД, КГБ СССР і іншых савецкіх карных органаў, як гэта было зроблена амаль ва ўсіх суседніх краінах – ва Ўкраіне, Польшчы, краінах Балтыі;

– Мэмарыялізацыя злачынстваў савецкага рэжыму на тэрыторыі Беларусі, забесьпячэньне шырокай асьветніцкай працы ў беларускім грамадзтве па тэме савецкіх рэпрэсіяў;

– Расфармаваньне або рашучая рэарганізацыя цяперашніх органаў дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, расьсьледваньне іхнай мінулай дзейнасьці на прадмет зьдзяйсьненьня палітычных рэпрэсіяў і перасьледу грамадзянаў па палітычных матывах, увядзеньне абмежаваньняў на заняцьце пасадаў на дзяржаўнай службе і ў іншых сфэрах асобнымі катэгорыямі былых супрацоўнікаў КГБ БССР, КГБ СССР і КДБ РБ;

– Расьсьледваньне сувязяў КДБ Рэспублікі Беларусь або ягонага кіраўніцтва з ФСБ Расеі, якія маглі б пагражаць інтарэсам незалежнасьці і дэмакратыі ў Беларусі, а таксама ролі гэтых сувязяў ва ўсталяваньні і функцыянаваньні рэжыму А. Лукашэнкі;

– Прыняцьце законадаўчых актаў, якія давалі б належную юрыдычную ацэнку савецкім рэпрэсіям і прадухілялі б паўтарэньне любых палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.