ПАЛІТЫКА ЭЗ АДНОСНА БЕЛАРУСІ НЕДАЛЬНАБАЧНАЯ, САНКЦЫІ БЫЛІ ЗЬНЯТЫЯ БЕЗ ПРАГРЭСУ Ў ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ – РЭЗАЛЮЦЫЯ РАДЫ БНР

Рэзалюцыя
XXIX чарговай сэсіі
Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Аб палітыцы Эўрапейскага Зьвязу да Беларусі

 Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, разгледзіўшы на XXIX чарговай сэсіі ў Нью-Ёрку стан палітыкі Эўрапейскага Зьвязу да Беларусі, заклікае супрацьстаяць тэндэнцыям у гэтай палітыцы да разыходжаньня як з падставовымі каштоўнасьцямі Эўрапейскага Зьвязу, гэтак і зь беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі ў галіне забесьпячэньня незалежнай і дэмакратычнай будучыні для Беларусі, і прыймае наступную Рэзалюцыю:

– З увагі на заявы Рады БНР, палітычных, грамадзкіх і праваабарончых арганізацыяў у Беларусі і ў замежжы, з заклікамі да захадаў міжнароднага супрацьдзеяньня палітычным рэпрэсіям, парушэньню палітычных правоў і правоў чалавека ў Беларусі з 1995 году, асабліва са спасылкаю на Зварот Рады БНР ад 28 сьнежня 2010 г. і Заяву Прэзыдыюму Рады БНР ад 18 кастрычніка 2013 г.,

– Прыгадваючы «Мэмарандум нарады старшыняў і кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў са Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі „Аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі “» ад 3 лістапада 2012 г., у асаблівасьці ў п. 4: «Павінен быць мацнейшы скаардынаваны ціск палітычнай і грамадзянскай супольнасьці ў краіне і за яе межамі дзеля зьмяншэньня ў беларускім грамадзтве пачуцьця страху, найперш вызваленьня і рэгабілітацыі палітычных вязьняў, спыненьня палітычных рэпрэсіяў і дэмантажу рэпрэсіўнага апарату, свабоды для сродкаў масавай інфармацыі, а ўрэшце – правядзеньня свабодных выбараў»,

– Прыгадваючы матывацыйныя часткі рашэньняў Рады Эўрапейскага Зьвязу пры ўвядзеньні і падаўжэньні абмежавальных мераў супраць фізычных і юрыдычных асобаў, на падставах іх датычнасьці да арганізацыі палітычных рэпрэсіяў, бесчалавечнага абыходжаньня з ахвярамі, фальсыфікацыяў выбараў, падтрыманьня рэпрэсіўнага рэжыма, іншых цяжкіх парушэньняў грамадзянскіх, палітычных правоў і правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, асабліва са спасылкаю на: «Агульная пазыцыя Рады» [ЭЗ] №2004/848/CFSP ад 13 сьнежня 2004 г., «Агульная пазыцыя Рады» [ЭЗ] №2006/276/CFSP ад 10 красавіка 2006 г., «Рашэньне Рады» [ЭЗ] №2010/639/CFSP ад 25 кастрычніка 2010 г., «Рашэньне Рады» [ЭЗ] №2011/69/CFSP ад 31 студзеня 2011 г., «Рашэньне Рады» [ЭЗ]  №2012/642/CFSP ад 15 кастрычніка 2012 г.,

– Разглядаючы рашэньне Рады ЭЗ аб прыпыненьні санкцыяў супраць згаданых вышэй юрыдычных і фізычных асобаў у Беларусі, прынятае шляхам «Рашэньня Рады» [ЭЗ] (CFSP) №2015/1957 ад 29 кастрычніка 2015 г., а таксама разглядаючы «Высновы Рады [ЭЗ] аб Беларусі» ад 15 лютага 2016 і «Рашэньне Рады» [ЭЗ] (CFSP) №2016/280 ад 25 лютага 2016 г., шляхам чаго названыя санкцыі былі скасаваныя, акрамя як супраць чатырох асобаў,

Супастаўляючы рашэньні Рады ЭЗ (CFSP) №2015/1957 ад 29 кастрычніка 2015 і №2016/280 ад 25 лютага 2016, а таксама зьмест «Высноваў Рады [ЭЗ] аб Беларусі» ад 15 лютага 2016 – з адначасовымі высновамі прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў, у прыватнасьці:

— «Канчатковая справаздача Мiсii па назiраньнi за выбарамi АБСЭ/БДIПЧ» на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі 11 кастрычніка 2015 г. ад 28 студзеня 2016 г.,  у высновах якой адзначаецца, што згаданыя выбары не адпавядалі стандартам дэмакратычных, што для адпаведных рэформаў адсутая палітычная воля кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, што «наяўнасьць істотных праблемаў […] ставіць пад сумнеў сумленнасьць выбарчага працэсу», і што вызваленыя палітычныя вязьні надалей пазбаўлены права вылучацца кандыдатамі на выбарах і знаходзяцца пад пагрозаю далейшых рэпрэсіяў;

— Заява Прадстаўніка АБСЭ па справах свабоды прэсы ад 27 студзеня 2016 г., з асуджэньнем гвалту міліцыі супраць журналіста ў Беларусі, і з чарговым заклікам да ўладаў спыніць перасьлед прадстаўнікоў СМІ;

— Заява Спэцыяльнага Дакладчыка ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі ад 9 лютага 2016 г., дзе зазначаецца, што «напрацягу чатырох месяцаў з часу прэзыдэнцкіх выбараў у кастрычніку, у Беларусі не было запачаткавана ніякіх зьменаў дзеля зьмены рэпрэсіўных законаў і практыкі, тады як паўсталі шматлікія выпадкі новых парушэньняў падставывых правоў», а таксама: «Нягледзячы на частковае прыпыненьне санкцыяў ЭЗ і ЗША, аб чым было вырашана ў чаканьні далейшага паляпшэньня становішча з правамі чалавека, улады не спынілі сыстэматычны перасьлед тых, хто спрабаваў карыстацца сваімі асабістымі, грамадзянскімі палітычнымі і іншымі правамі»;

Беручы пад увагу, што:

  1. Як даводзіцца, у прыватнасьці, высновамі міжнародных арганізацыяў – Рада ЭЗ прыпыніла, а пасьля скасавала дзеяньне названых санкцыяў насуперак таму, што тыя абставіны, факты і палітыка ўладаў у Рэспубліцы Беларусь, якія былі зафіксаваныя Радай ЭЗ 2006-2015 у якасьці законных падставаў для ўвадзеньня і падаўжэньня гэткіх санкцыяў, засталіся прынцыпова і ў цэлым нязьменнымі. Рада ЭЗ сама не сьцьвярджае аб зьнікненьні гэтых падставаў, а ў «Высновах Рады [ЭЗ] аб Беларусі» 15 лютага 2016 (п.2) прызнае, што і на момант рашэньня аб зьняцьці санкцыяў правы чалавека ў Беларусі застаюцца прадметам занепакаеньня;
  2. Палітычныя рэпрэсіі, рэакцыяй на якія было ўведзеньне санкцыі, не былі ў Беларусі юрыдычна скончаныя, у прыватнасьці пацярпелыя не былі рэгабілітаваныя, правы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў на ўдзел у палітычным жыцьці застаюцца парушаныя, умовы для свабодных і справядлівых выбараў ня створаныя, працягваюцца акты брутальнасьці сілавых структур супраць актывістаў апазыцы і прадстаўнікоў прэсы, палітычна-матываваны судовы персьлед удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту:

II-1. Рада БНР зьвяртае ўвагу ў прыватнасьці на справу кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах РБ 2010 г. сп. Алеся Міхалевіча, якому было адмоўлена ў закрыцьці крымінальнае справы ўжо пасьля рашэньня Рады ЭЗ (CFSP) №2015/1957 ад  29 кастрычніка 2015 г., і які быў пакінуты ў статусе абвінавачанага і пасьля рашэньня Рады ЭЗ  аб скасаваньні санкцыяў (CPRF) №2016/280 ад 25 лютага 2016 г.;

II-2. Рада БНР зьвяртае ўвагу на вынясеньне ўладамі РБ мноства палітычна матываваных рэпрэсіўных прысудаў ужо пасьля прыпыненьня і скасаваньня санкцыяў. Назіраецца зьмена акцэнта з арыштаў на штрафы ў памерах, што часта шматкроць перавышаюць сярэдні месячны заробак у Беларусі. Шляхам такіх штрафаў ахвары матэрыяльна паралізуюцца, ствараюцца падставы для канфіскацыі і арышта. Варты адзначэньня факт вынясеньня такіх прысудаў судзьдзямі, зь якіх Рада ЭЗ зьняла санкцыі шляхам названых вышэй рашэньняў. Рада БНР зьвяртае ў гэтай сувязі ўвагу на справы, сярод іншых, кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 г. сп.сп. Ўладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча, старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоля Лябедзькі, актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова і Максіма Вінярскага, лідэра руху салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, аднаго зь лідараў беларускіх прадпрымальнікаў Алеся Макаева, актывіста абароны правоў чалавека Мікалая Казлова;

III. Названыя вышэй рашэньні Рады ЭЗ аб зьняцьці санкцыяў не суправаджалася ані адпаведным узмацненьнем падтрымкі з боку ЭЗ для беларускіх дэмакратычных сілаў, ані захадамі дзеля эўрапейскай інтэграванасьці для грамадзян Рэспублікі Беларусь;

  1. Зазначае, што пры акрэсьленых вышэй абставінах скасаваньне санкцыяў адносна асобаў і ўстановаў, адказных за цяжкія парушэньні правоў грамадзян Беларусі, падрывае эфэктыўнасьць усіх ужытых дагэтуль захадаў ЭЗ па супрацьдзеяньні рэпрэсіям у Беларусі, а таксама дыскрэтуе патэнцыял дзейснасьці такіх захадаў у будучыні, як з пункту гледжаньня сытуацыі ў Беларусі, гэтак і ў рэгіянальным і шырэйшым міжнародным вымярэньні;
  2. Зазначае, што спасылка ў «Высновах Рады [ЭЗ] аб Беларусі» ад 15 лютага 2016, у кантэксьце рашэньня аб скасаваньні санкцыяў, на «канструктыўную ролю ў рэгіёне», якую нібыта граюць улады Аляксандра Лукашэнкі, паказвае на магчымасьць, што рашэньне Рады ЭЗ аб скасаваньні было прынята без істотнай сувязі з тымі падставамі і мэтамі, дзеля якіх санкцыі былі ўведзеныя. Рада БНР заяўляе аб непрыймальнасьці палітыкі вырашэньня рэгіянальных задачаў трэціх бакоў за кошт інтарэсаў аднаўленьня дэмакратыі, законнасьці, свабоды і правоў беларусаў. Дадаткова Рада БНР заяўляе, што рэжым, дзяржаўная палітыка якога ёсьць закладнікам неабмежаванай волі і інтарэсаў адной асобы, ня можа быць сапраўдны канструктыўным фактарам рэгіянальнай стабільнасьці;
  3. Заклікае Эўрапейскі Парлямэнт разгледзіць зьмест і абставіны рашэньняў эўрапейскіх інстытуцыяў у адносінах з рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі, з увагі на небясьпеку адыходу ў дзеяньнях Рады ЭЗ ад падставовых каштоўнясьцяў, закладзеных у падмурку Эўрапейскага Зьвязу, дзеля тымчасовых інтарэсаў і кароткатэрміновых задачаў;
  4. Заклікае Раду Эўрапейскага Зьвязу і іншыя інстытуцыі Эўрапейскага Зьвязу кардынальна ўзмацніць і пашырыць падтрымку тым грамадзкім і палітычным сілам у Беларусі і ў замежжы, якія імкнуцца да аднаўленьня ў Беларусі дэмакратыі. Рада БНР дадаткова засьцерагае ад спрычыненьня, у выніку рашэньняў Рады ЭЗ аб скасаваньні санкцыяў, шкоды адносным палітычным пазыцыям пра-дэмакратычных, дэмакратычна-незалежніцкіх і пра-эўрапейскіх сілаў у Беларусі, і заклікае да захадаў з боку Эўрапейскага Зьвязу дзеля кампэнсаваньня такой палітычнай шкоды;
  5. Заклікае Раду Эўрапейскага Зьвязу настойваць у рамках яе адносінаў зь дзяржаўнымі ўладамі ў Беларусі на забесьпячэньні абавязковага прадстаўніцтва для голасу тых незалежных беларускіх палітычных і грамадзкіх сілаў, якія дамагаюцца аднаўленьня дэмакратыі, забесьпячэньня правоў чалавека і вяршэнства закона ў Беларусі;
  6. Заклікае Раду Эўрапейскага Зьвязу да комплексных аднабаковых захадаў дзеля збліжэньня з грамадзтавам Беларусі, не зважаючы на інтарэсы і без умовы супрацоўніцтва з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку да лібэралізацыі візавага рэжыма для грамадзянаў Беларусі, за выключэньнем асобаў, адносна якіх была ўсталяваная датычнасьць да катэгорыяў парушэньняў, зафіксаваных у адпаведных рашэньнях аб санкцыях, або такая датычнасьць будзе ўсталяваная ў прышласьці;
  7. Даручае Прэзыдыюму Рады БНР ажыцьцяўляць захады спрыяньня ў разе, калі зацікаўленыя бакі пададуць адпаведныя рашэньні Рады ЭЗ на разгляд Эўрапейскага Суду Справядлівасьці, з увагі на фармаваньне істотнай доказнай базы таго, што Рада ЭЗ скасавала санкцыі насуперак нязьменнасьці фактаў і абставінаў, усталяваных Радаю ЭЗ у якасьці законных падставаў для ўвядзеньня санкцыяў ды шматразовага іх падаўжэньня і карэкцыі;
  8. Пацьвярджае, што бачыць будучыню для належнага забесьпячэньня беларускіх нацыянальных інтарэсаў у кантэксьце далучэньня Беларусі да Эўра-Атлянычнай супольнасьці дэмакратычных дзяржаваў;
  9. Даручае Прэзыдыюму Рады БНР накіраваць гэтую рэзалюцыю да ўвагі беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі і ў замежжы, а таксама да ўвагі Рады Эўрапейскага Зьвязу, Эўрапейскай Камісіі, Эўрапейскага Парлямэнта, Парляманцкай Асамблеі Эўранэст, Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе, Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, урадам і заканадаўцам дзяржаваў.

19 сакавіка 2016 г.

Рэзалюцыя ў фармаце PDF