Павал Жаўрыд

13 чэрвеня 1889 г. у Слуцкім павеце нарадзіўся Павал Жаўрыд, адзін з кіраўнікоў Слуцкага Збройнага Чыну.

Скончыў Слуцкую гімназію (1909), вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту.

У 1916 мабілізаваны ў расейскую армію, у 1917 скончыў Віленскую вайсковую вучэльню.

Удзельнік Першага Ўсебеларускага зьезду (1917).

Потым працаваў юрысконсультам у Слуцку. У 1919 годзе арыштаваны ЧК, абвінавачаны ў дапамозе расейскаму «беламу» генэралу Денікіну. Вызвалены, у лістападзе 1919 году вярнуўся ў Слуцак.

У канцы 1920 году Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускае рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага Збройнага Чыну 1920 году.

У 1921 г. знаходзіўся ў Вільні, потым вярнуўся на Случчыну. У 1923—1930 гадох працаваў на розных гаспадарчых пасадах у Менску і Мар’інай Гроцы, пасьля — у Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Інбелкульце, рэдакцыі газэты «Звязда» (пад час арышту стыльрэдактар).

Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 году па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 году асуджаны за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў ППК. Вызвалены 21 чэрвеня 1934 году. Пасьля выхаду зь лягеру жыў у ссылцы ў Сарапуле, Удмурцкая АССР.

Зноў арыштаваны ў 1937 годзе і асуджаны на 10 гадоў лягераў, верагодна, этапаваны ў Паўночна-чыгуначны канцлягер НКУС Комі АССР (пас. Княж-Пагост), дзе памёр ад хваробы.

Рэгабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суду БССР 10 чэрвеня 1988 году. Быў жанаты, гадаваў траіх дзяцей.