Зварот XXIV Сэсіі Рады БНР да суродзічаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы

ЗВАРОТ

Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
да суродзічаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы,
прыняты на 24-й Сэсіі Рады БНР 25 кастрычніка 2003 году

ПЫТАНЬНЕ ВЕКУ

Паважаныя суайчыньнікі!

Беларуская дзяржава сёньня апынулася перад крытычным выбарам шляху ў будучыню. Кардынальным застаецца пытаньне прынцыпу дзяржаўнага будаўніцтва. Рада БНР цьвёрда перакананая, што беларускі народ здолее дамагчыся максымальнага эканамічнага й культурнага дабрабыту толькі ў сваёй дэмакратычнай, сувэрэннай і незалежнай дзяржаве. Гэтая ідэя закладзеная ў трэцяй Устаўной Грамаце Рады БНР, якою была абвешчаная незалежнасьць Беларусі 25 сакавіка 1918 году. Далейшая беларуская дзяржаўнасьць — Беларуская ССР і Рэспубліка Беларусь – была й застаецца ў вялікай меры пазбаўленай галоўнага фактару ў дзяржаўным  будаўніцтве – свабоды эканамічнай дзейнасьці ды свабоды разьвіцьця нацыянальнай культуры.

На прынцыпе незалежнасьці й свабоды культурнага разьвіцьця пабудаваныя ўсе дэмакратычныя грамадзтвы сьвету. Гэтая ісьціна застаецца ў сіле на далейшыя часы і для беларускага дзяржаўнага разьвіцьця. Яе трэба ўсьведаміць сабе, намагацца ўводзіць яе ў практыку, у штадзённы быт. Да поўнага ўжыцьцёўленьня гэтай ісьціны доўгая дарога, але чым раней і чым шырэй укарэніцца яна ў беларускім грамадзве, тым хутчэй дарога будзе пройдзеная, тым хутчэй наладзіцца нармальны быт і аптымальны дабрабыт.

А таму Рада БНР зьвяртаецца  да ўсіх суродзічаў як на Бацькаўшчыне, гэтак і ў замежжы з заклікам спрыяць як мага шырэйшаму ўсьведамленьню, што ніякія дзяржаўныя саюзы, пагатоў саюз зь імпэрскай сваімі палітычнымі інстынктамі Расеяй, не прынясуць беларускаму народу выгодаў, наадварот – будуць уцягваць толькі ў чужыя міжнародныя афэры й канфлікты. Будаўнікі беларускай дзяржавы павінны трымацца дэвізу: жывём, супрацоўнічаем, гандлюем з усімі ў брацкай згодзе, але захоўваем незалежнасьць.

На пачатку мінулага стагодзьдзя прарок Беларускага Адраджэньня Янка Купала заклікаў “маладую Беларусь” заняць “свой пачэсны пасад між народамі”. На пачатку новага стагодзьдзя Рада БНР кажа: ня можа быць пачэснага пасаду між народамі ў дзяржавы, у якой няма пачэснага месца незалежнасьці, свабодзе эканамічнай дзейнасьці й свабодзе нацыянальнай культуры. Быць на “пасадзе” між народамі значыць выконваць свой маральны й ганаровы абавязк – рабіць уклад у сусьветную скарбніцу культуры. А ці можа сёньня рабіць свой адпаведны ўклад у гэтую скарбніцу Беларусь, дзе ў загоне нацыянальная мова як цэнтральны элемэнт культуры? Вось — пытаньне веку. Пытаньне ўсім грамадзянам РБ, а найперш і найбольш моладзі, пра якую Янка Купала ў сваім вершы казаў: “На цябе, наша моладзь, надзея”.

Беларуская моладзь! Шануй і беражы сваю нацыянальную мову, карыстайся ёю як мага шырэй. Бяры прыклад з моладзі іншых народаў. Імкніся пазнаваць праўдзівую гісторыю Краіны. Будзь вартая сваіх вялікіх продкаў-патрыётаў Бацькаўшчыны.

Рада ж БНР і надалей застаецца носьбітам ідэі незалежнасьці Беларусі й будзе рабіць усё магчымае дзеля ўжыцьцёўленьня гэтай ідэі.

Жыве Беларусь!