Барыс Рагуля

1 студзеня 1920 г. у Наваградзкім павеце нарадзіўся Барыс Рагуля, намесьнік Старшыні Рады БНР, вайсковец, мэдык, выбітны дзеяч беларускай дыяспары ў Канадзе.

Ягоны бацька быў лекарам, але памёр падчас эпідэміі тыфусу, калі Барысу было толькі два гады. Маці з сынам пераехалі ў Любчу. Пасьля заканчэньня акушэрскіх курсаў у Варшаве маці атрымала працу ў наваградскім шпіталі ў 1930 г.

Таксама ў 1930 годзе Барыс паступіў у беларускую гімназію. Польскія ўлады ў рамках палітыкі дыскрымінацыі беларусаў у Заходняй Беларусі закрылі беларускую гімназію ў 1935 г., Барыс быў вымушаны перайсьці ў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча, дзе атмасфэра была вельмі няспрыяльная і дыскрымінацыйная ў адносінах да беларусаў.  Ён закончыў гімназію ў 1938 г. і здаў уступныя іспыты на мэдычны факультэт Унівэрсытэту імя Стэфана Баторыя ў Вільні. Аднак польскія ўлады не далі яму магчымасьці вучыцца і ў абыход закону забралі ў армію.

У чэрвені 1939 году Б. Рагуля скончыў польскую афіцэрскую школу ў Зэмбраве, быў прызначаны камандзірам эскадрону ў 42-м палку польскага войска ў Беластоку. У верасьні 1939 г. ён ваяваў супраць нацыстаў у складзе польскага войска на мяжы Польшчы і Ўсходняй Прусіі. Барыс Рагуля трапіў у палон, адкуль у 1940 г. уцёк на радзіму ў Заходнюю Беларусь, якую ў той жа самы час акупаваў СССР.  Працаваў настаўнікам у школе ў Любчы.

У студзені 1941 г. Барыс Рагуля арыштаваны савецкім НКВД, абвінавачаны «ў нелегальным пераходзе мяжы, контррэвалюцыйнай дзейнасьці, шпіянажы». Утрымліваўся ў менскай «амэрыканцы», у рэшце рэшт быў асуджаны на сьмерць. Здолеў вырвацца на волю на пачатку нямецка-савецкай вайны. Маці Рагулі загінула ў бамбёжцы, ратуючы сваіх пацыентаў.

Падчас нямецкай акупацыі Барыс Рагуля працаваў перакладчыкам у Наваградку, выкладчыкам настаўніцкай сэмінарыі. Ён быў прыняты ў склад ЦК паўпадпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. У ліпені 1942 Рагуля стаў камандзірам акруговага аддзела Беларускай самааховы ў Наваградку. З восені 1943 г. ён узначальваў беларускі швадрон у Наваградку. Са жніўня 1944 г. ён у дэсантным батальёне «Дальвіц».

Пасьля вайны Б. Рагуля апынуўся ў амэрыканскай зоне акупацыі Нямеччыны. Ён скончыў Лювэнскі ўнівэрсытэт у Бэльгіі, далучыўся да Рады БНР. Удзельнічаў у закідцы беларускіх дывэрсантаў за «жалезную заслону».

У 1954 г. Барыс Рагуля зь сям’ёй пераехалі ў Канаду, дзе пасяліліся ў г. Лёндане, правінцыя Антарыё.

Барыс Рагуля стаў адным з найбольш аўтарытных у Канадзе спэцыялістаў у галіне анкалёгіі. Яму належаць шматлікія публікацыі ў прафэсійных выданьнях, ён займаў пасады ў многіх канадзкіх і панамэрыканскіх прафэсійных аб’яднаньнях лекароў-анколягаў, выкладаў у мэдычнай школе, выступаў на шматлікіх канфэрэнцыях.

Дасягнуўшы вялікіх прафэсійных посьпехаў, Барыс Рагуля таксама актыўна ўдзельнічае ў жыцьці беларускай грамады Канады і ўсяго Вольнага сьвету: з 1971 г. заступнік Старшыні Рады БНР, старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады ад 1971 да 1989 году. Барыс Рагуля быў сябрам Canadian Councel of Multiculturalism ад 1976 да 1989 году. У 1963 г. ён быў запрошаны прадставіць ад імя беларускай грамады ў Канадзе меркаваньні адносна дзьвюхкультурнасьці і дзьвюхмоўя краіны. Ад 1976 г. да 1978 г. Рагуля працаваў з прадстаўнікамі латышоў, летувісаў, эстонцаў і ўкраінцаў над дакумэнтам аб дэкалянізацыі Савецкага Саюзу. Дакумэнт быў уручаны Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 20 лістапада 1978 г.

Пасьля 1986 Барыс Рагуля ўдзельнічаў у Камітэце дапамогі дзецям-ахвярам Чарнобылю. Ад 1990 Рагуля – мэдычны дырэктар дапамогі дзецям-ахвярам Чарнобылю.

У 1997 годзе Б. Рагуля быў ініцыятарам актывізацыі і абнаўленьня складу Рады БНР.

Памёр у 2005 годзе.

Аўтар мэмуараў:

Against the Current (2005)

Беларускае студэнцтва на чужыне (1996)