Старшыня Рады

Івонка Сурвілла (Шыманец), VIII Старшыня Рады БНР.

Нарадзілася ў 1936 годзе ў Стоўпцах. З 1944 году – у эміграцыі. Жыла ў Францыі‚ Даніі‚ Гішпаніі. Цяпер жыве ў Канадзе.

Вучылася ў Вышэйшай Мастацкай Школе ў Парыжу. Скончыла лінгвістычнае аддзяленьне Сарбонскага Ўнівэрсытэту (1959). Акрамя роднае беларускае мовы валодае ангельскай‚ францускай‚ гішпанскай і дацкай мовамі‚ у мінулым таксама прафэсійна валодала нямецкай‚ лацінскай‚ нарвэскай‚ і польскай мовамі.

У 1959-1965 гадох працавала ў беларускай рэдакцыі Гішпанскага Нацыянальнага Радыё, выкладала францускую мову ў Францускім Інстытуце ў Мадрыдзе. З 1969 па 1996 гг. працавала на розных пасадах у Бюро перакладаў пры Фэдэральным Урадзе Канады.

На працягу многіх гадоў Івонка Сурвілла была сярод лідараў беларускай грамады ў Канадзе. У 1974 г. была абраная старшынёю Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе. У 1984 г. абраная ў склад праўленьня Канадзкае Этнакультурнае Рады (Canadian Ethnocultural Council) – арганізацыі, якая аб’ядноўвае інтарэсы розных этнічных групаў, што жывуць у Канадзе.

Займалася жывапісам‚ удзельнічала ў прыкладна трыццаці мастацкіх выставах у Канадзе і ЗША.

У 1989 годзе разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай дыяспары заснавала Канадзкі Фонд Дапамогі Ахвярам Чарнобыля ў Беларусі (Canadian Relief Fund for Chernobyl Victims in Belarus) і была яго кіраўніком да моманту абраньня Старшынёю Рады БНР. Фонд займаўся зборам дапамогі для беларускіх шпіталёў, арганізацыяй адпачынку для дзяцей з пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі раёнаў, арганізацыяй стажыровак для беларускага мэдычнага пэрсаналу ў Канадзе. У 1997 годзе па праграме Фонду ў Канаду на летні адпачынак прыехала 600 беларускіх дзяцей.

Ад 1997 г. – Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У 1959 годзе выйшла замуж за раднага БНР Янку Сурвіллу, дырэктара беларускіх перадачаў Гішпанскага Нацыянальнага Радыё, якія вяшчаліся на Беларусь. Мае дзьвюх дачок, Ганну Прадславу і Паўліну.

Аўтар кнігі ўспамінаў “Дарога” (2008).