Цімох Вострыкаў

28 жніўня 1922 г. на Гомельшчыне нарадзіўся Цімох Вострыкаў – дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, дэсантнік БНР, палітычны вязень у СССР.

Цімох Вострыкаў нарадзіўся ў вёсцы Баршчоўка Добрускага раёну Гомельшчыны ў працавітай сялянскай сям’і. Бацька Якім не прызнаў савецкае ўлады й не ўступіў у калгас, за што быў рэпрэсаваны і загінуў у ГУЛАГу.

Вальналюбны бацькаў дух перадаўся сыну. Цераз усё жыцьцё ён імкнуўся быць самім сабой і працаваць толькі для Беларусі. Дзеля гэтага здолеў некалькі разоў уцячы то з савецкага войска, то зь нямецкага палону, кожны раз вяртаючыся ў сваю вёску. Калі фронт Другой усясьветнай вайны наблізіўся да Беларусі, Вострыкаў эміграваў на Захад.

У Нямеччыне Цімох Вострыкаў узяў сабе кансьпірацыйнае імя Міхась. Там ён пасябраваў са знаным дзеячам беларускае эміграцыі будучым дырэктарам Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўтам Кіпелем.

Пры канцы жніўня 1952 году Цімох Вострыкаў у якасьці паўнамоцнага прадстаўніка Рады Беларускай Народнай Рэспублікі дэсантаваўся з амэрыканскага самалёту на тэрыторыі БССР.

Празь дзесяць дзён быў арыштаваны савецкімі спэцслужбамі й засуджаны на 23 гады лягераў. Прысуд адбыў цалкам, вярнуўся на радзіму ў Гомель у 1975 годзе і да самай сьмерці ў 2007 ня быў рэабілітаваны.

Верш Цімоха Вострыкава:

 

Жыве Літва — Беларусь!

Маці краіна — наша дзяржава,
Нас ты зьяднала дружбаю зноў.
Бела-чырвона-белы сьцяг славы
Велічна ўзьняўся наноў.

Мы, беларусы, колісь — літвіны
Доўгім змагарным шляхам ішлі
Выгнаць хапугаў, каб іх краіне,
Даць дабрачыннасць жыцьці.

Спадчыну нашу — дзедавы гоні
Ў бітвах за праўду Бог ратаваў.
Люд акрылёны роднай “Пагоняй”
Гонар і волю каваў.

Нашых абшараў — цуда прыроды,
Мы не дадзім іх ніколі на зьдзек.
Дай жа нам, Божа, шчырае згоды,
Моцнай дзяржавы вавек!