Архівы тэгаў: БАПЦ

Сьвяткаваньне 25 сакавіка з удзелам уладаў ЗША і прадстаўнікоў дыяспараў – 1957 г.

У час пасьля Другой сусьветнай вайны 25 сакавіка як Дзень незалежнасьці Беларусі шырока адзначаўся ў краінах вольнага сьвету, у тым ліку ў Злучаных Штатах, з удзелам найвышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва.

Прыкладам, у 1957 годзе Дзень незалежнасьці Беларусі быў адзначаны на паседжаньні Кангрэсу ЗША. У беларускіх сьвяточных мерапрыемствах у розных гарадах бралі ўдзел прадстаўнікі гарадзкіх і рэгіянальных уладаў, кангрэсмэны і сэнатары, прадстаўнікі нацыянальных дыяспараў. Былі атрыманыя віншаваньні ад губэрнатара і мэра Нью-Ёрка, мэра Дэтройта, некалькіх сэнатараў і кангрэсмэнаў. Дзень незалежнасьці Беларусі быў афіцыйна абвешчаны ў штатах Нью-Джэрсі, Мічыган, Ілінойс.

Ніжэй падаем артыкул з газэты “Беларус” ад чэрвеня 1957 г.

Працягнуць чытаць Сьвяткаваньне 25 сакавіка з удзелам уладаў ЗША і прадстаўнікоў дыяспараў – 1957 г.

Мэдалі да Стагодзьдзя БНР уручаныя Н. Дробінай, Доктару Р. Качаткову, доктару З. Шыбеку

У Таронта адбылося ўручэньне Мэдалёў да Стагодзьдзя БНР двум дзеячам беларускае дыяспары ў Канадзе: Надзеі Дробінай і доктару Руслану Качаткову. Мэдалі ўручыў сябра Прэзыдыюму Рады БНР Алесь Кот.

Надзея Дробіна – у мінулым старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады і Рады Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта (БАПЦ), удзельніца беларускага канадзкага фальклёрнага калектыву “Яваровы людзі”.

Доктар Руслан Качаткоў – Старшыня Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады, Старшыня Рады Парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта (БАПЦ), дабрачынца.

У Ізраілі мэдаль атрымаў доктар гістарычных навук прафэсар Захар Шыбека, дасьледчык гісторыі Менска і гарадзкой культуры Беларусі, а таксама гісторыі беларускага нацыянальнага руху.

Сьвяткаваньне 25 сакавіка ў ЗША ў 1960-я: фота

25 сакавіка заўсёды было цэнтральным сьвятам для беларускае дыяспары ва ўсіх краінах сьвету.

У гэты дзень адбываліся сьвяточныя імпрэзы, беларусаў афіцыйна віншавалі кіраўнікі дзяржаваў, дэпутаты, губэрнатары, мэры буйных гарадоў

25 сакавіка ў Лос Анжэлесе, 1966 год

25 сакавіка 1966 г. афіцыйна адзначалася як Дзень Незалежнасьці Беларусі ў Чыкага распараджэньнем мэра Рычарда Дэйлі (Richard J. Daley).
На фота з газэты “Бацькаўшчына” (крыніца – Biblioteka Kamunikat.org) беларускія дзяўчаты ўручаюць мэру букет ад імя беларускай дыяспары Чыкага

Дэлегацыя БАЗА ў віцэ-прэзыдэнта ЗША Губэрта Г. Гамфры (Hubert H. Humphrey).
Зьлева направа: Рэфэрэнт вонкавых дачыненьняў БАЗА доктар Станіслаў Станкевіч, капэлян Сэнату дастойны Фрэдэрык Браўн Гаррыс (Frederick Brown Harris), Біскуп БАПЦ Васіль (Тамашчык), віцэ-прэзыдэнт ЗША Г. Гамфры, старшыня Галоўнай Управы БАЗА інж. Мікалай Гарошка, прафэсар Барыс Кіт.

Крыніца: Бібліятэка “Камунікат” (http://kamunikat.org/)

Канчатковае зьнішчэньне праваслаўнай царквы ў БССР – 1937 г.

У ноч 29 ліпеня 1937 г. савецкія акупацыйныя ўлады арыштавалі пагалоўна ўсё ацалелае праваслаўнае духавенства Менску, іншых гарадоў і вясковых прыходаў на тэрыторыі БССР, якая тады ахоплівала ўсходнюю частку Беларусі. Усе праваслаўныя цэрквы былі зачыненыя, маёмасьць духавенства была канфіскаваная.

Праваслаўныя Біскуп Бабруйскі Філарэт, Біскуп Слуцкі Мікалай памерлі ў турме. Біскуп Мазырскі Іван быў дэпартаваны ў канцэнтрацыйны лягер, дзе памёр. Падобны лёс спаткаў многіх прадстаўнікоў духавенства і вернікаў, арыштаваных у тую ноч.

Акцыя 29 ліпеня 1937 сталася пікам савецкага тэрору супраць праваслаўнай царквы ва Ўсходняй Беларусі.

Працягнуць чытаць Канчатковае зьнішчэньне праваслаўнай царквы ў БССР – 1937 г.

Мікола Дзямідаў

10 сьнежня 1888 нарадзіўся Мікола Дзямідаў, беларускі вайсковец, удзельнік збройнай барацьбы за незалежнасьць Беларусі ў 1918 — 1921 гг.

Працягнуць чытаць Мікола Дзямідаў

Слова Старшыні Рады БНР на памінальнай бяседзе пасьля паховінаў Мітрапаліта Першаерарха БАПЦ Уладыкі Мікалая

Высока Дастойны Уладыка, Дастойныя Айцы,
Дарагія Сябры ў Смутку,

Пару гадзін таму мы разьвіталіся з Уладыкам Мікалаем і правялі яго на ягоным апошнім зямным шляху.

Сабраліся мы цяпер, каб аддаць чэсьць выдатнаму чалавеку, які ў чацьвер 20 червеня 2002-га году скончыў сваю працу на гэтай зямлі і адыйшоў у вечнасьць.

Уладыка Мікалай увасабляў найбольш цэнныя якасьці нашага народу. Быў ён справядлівым і працавітым, лагодным і ветлівым. І бесканечна любіў сваю (і нашу) Бацькаўшчыну.

Бог яму даў таксама вялікую веру ў Бога і ў людзей.

Жыцьцёвы шлях які ён сабе выбраў, быў цяжкім у эмігранцкіх умовах. Вялізарная праца, вялізарнае пачуцьцё адказнасьці, і адначасна матэрыяльна вельмі цяжкое жыцьцё, самота.

Паколькі мне ведама, не наракаў Уладыка Мікалай на свой лёс. Да самага канца свайго жыцьця выконваў абавязкі. Верыў у людзкую дабрыню. Дараваў нават тым, хто яго асабіста моцна пакрыўдзілі.

Бараніў аўтакефалію, бо ведаў, што вера ў Беларусі мусіць быць беларускай. Жыў надзеяй, што прыйдзе час, калі Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква вызваліць наш народ ад маскоўскіх экзархіяў, роля якіх нам усім добра ведамая ў дачыненьні да нашага народу.

Моцна перажываў Уладыка Мікалай раскол у Царкве. Колькі разоў казаў, што зь яго боку, няма перашкодаў да згоды зь Ізяславам. Нам трэба памятаць ягоныя малітвы за еднасьць — еднасьць у Царкве й еднасьць у народзе.

У гэтыя цяжкія часы для нашай дзяржавы, хацелася б каб мы памяталі Уладыку Мікалая якраз за ягоную любоў да кожнага з нас. Будзьма зьяднаныя ў змаганьні за лепшую долю нашага народу, бо разам мы ўсё асягнем. Спрэчкі, недавер, нязгода між намі йдуць толькі на карысьць нашых ворагаў.

Хай дабрыня, лагоднасьць, усьмешка нашага дарагога Уладыкі Мікалая, а таксама ягоная любоў да Бацькаўшчыны, заўсёды жывуць у нашых сэрцах.

Вечная яму памяць!
Вечны супакой!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР

Дадзенае 25-га чэрвеня 2002 году ў залі царквы БАПЦ у Хайлянд Парку, Н.Дж., ЗША.