Дзень Герояў – віншаваньне Старшыні Рады БНР

Дарагія Суродзічы!

Надыходзяць угодкі Слуцкага Збройнага Чыну і, як заўсёды, напаўняецца сэрца адначасна захапленьнем гераізмам Случчакоў, якія “ішлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”, і сумам, што іх ахвярнасьць была дарэмнай. Было іх замала, каб стрымаць чужую навалу, ня было адпаведнай зброі й ніхто ім не памог у іх змаганьні.

Але Случчакі назаўсёды застануцца ў нашай памяці. Яны ішлі змагацца зь верай у сваю праўду, не таму што нехта ім загадаў ісьці, а таму што яны ведалі, што няма большай каштоўнасьці ў чалавека за волю – сваю і свайго народу.

Дзевяноста восем гадоў таму яны былі гатовыя аддаць жыцьцё за волю!

За гэтых 98 гадоў шмат што зьмянілася на нашай зямлі. Чужакі зьнішчылі мільёны найлепшых сыноў і дачок Беларусі. Тыя, што засталіся, разьвілі неверагодны інстынкт выжываньня, які дазволіў ім выжыць дасюль.

І дзякаваць Богу за гэта! Але ці за гэта змагаліся Случчакі?

Барацьба за вольную і дэмакратычную Беларусь, якую яны вялі, працягваецца і па сёньня.

Сёлетні год – юбілейны для беларускай дзяржаўнасьці. Але мы бачым, як на фоне суседніх з намі краінаў, што таксама сьвяткуюць стагодзьдзе сваёй незалежнасьці, рэжым у Беларусі фактычна праігнараваў гэтую найважнейшую дату. Адначасова з гэтым для ўсіх відавочнай стала ўсё большая небясьпека, якую прадстаўляе агрэсіўная пуцінская Расея. Рада БНР папярэджвала пра гэтую небясьпеку шмат гадоў. Але ня ўсе хочуць яе чуць. Маскоўскае прамываньне мазгоў выконвае сваю зларадную працу

Хочу папрасіць кожнага з вас, дарагія Суродзічы, каб прыпомнілі сёньня гераізм нашых яшчэ недалёкіх продкаў і выказалі ім з глыбіні сэрца ўдзячнасьць беларускага народу за іх яскравы чын. Яны паказалі ўсім нам, як трэба цаніць сваю зямлю!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады БНР

You may also like...