Лявон Рыдлеўскі

14 кастрычніка 1903 г.  у Магілёўскай губэрні нарадзіўся Лявон Рыдлеўскі, віцэ-прэзыдэнт Рады БНР, актывіст беларускага руху ў Францыі, удзельнік Слуцкага збройнага чыну і францускага антынацыстоўскага супраціву.

У 1917—1920 навучаўся ў Слуцкай беларускай гімназіі, сябра культурна-асьветніцкага гуртка «Папараць-кветка». У 1923 годзе скончыў Віленскую беларускую гімназію, у 1929-м — Вышэйшы політэхнічны інстытут у Подэбрадах (Чэхаславаччына).

Быў адным з самых маладых удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну 1920 году і антысавецкага партызанскага руху на Палесьсі да 1921 году. Падчас навучаньня ў Чэхаславаччыне быў сябрам Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў замежжа і Заходняй Беларусі. У 1929 разам зь Міколам Абрамчыкам выехаў у Францыю. Быў ініцыятарам стварэньня і адным з кіраўнікоў «Хаўруса беларускай працоўнай эміграцыі ў Францыі» ў Парыжы (1930—31).

На пачатку Другой Сусьветнай Вайны дамогся дазволу ваяваць беларусам у складзе францускага замежнага легіёну; падчас акупацыі Францыі ўдзельнічаў у францускім Супраціве.

У 1945-1947 выдваў газэту «Беларускія навіны».

У 1947 годзе абраны сакратаром Прэзыдыюму, пазьней — віцэ-прэзыдэнтам Рады БНР. У лістападзе 1948 на 1-м сусьветным зьезьдзе беларускай эміграцыі выбраны старшынём «Сусьветнага аб’яднаньня беларускай эміграцыі». Падтрымліваў цесныя сувязі зь Беларускай каталіцкай місіяй у Лёндане і іншымі рэлігійнымі арганізацыямі.

Лявон Рыдлеўскі памёр 24 кастрычніка 1953 году, быў пахаваны на могілках Гэмпстэд у Лёндане. 11 сьнежня 1955 году на ягонай магіле быў усталяваны помнік, які пазьней зьнік. 27 лістапада 2010 году помнік Лявону Рыдлеўскаму быў адноўлены.