РАДА БНР ЗАКЛІКАЕ ДАЛУЧАЦЦА ДА АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНАГА СТРАЙКУ

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае сваю падтрымку агульнанацыянальнаму страйку, да якога заклікала Сьвятлана Ціханоўская, прызнаны лідар беларускага пратэстнага руху і верагодная пераможца прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні гэтага году.

Агульнанацыянальны страйк даказаў сваю эфэктыўнасьць як сродак негвалтоўнага супраціву ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму яшчэ ў часы польскай “Салідарнасьці”, калі нашыя суседзі палякі чынілі супраціў таталітарнаму у камуністычнаму рэжыму.

Пратэстуючы негвалтоўнымі мэтадамі, беларускае грамадзтва дэманструе сваю цывілізаванасьць і мірнасьць, заваёўваючы падтрымку ўсяго сьвету.

Рэакцыя рэжыма дэманструе, што масавы негвалтоўны супраціў мае моцны эфэкт на маральны дух асабовага складу карніцкіх органаў і бюракратычнага апарату, які не заўсёды бачны на паверхні, але вядзе нас да непазьбежнай перамогі. Гэткі супраціў размывае і без таго абмежаваныя матар’яльныя рэсурсы адміністрацыі А. Лукашэнкі. Рэжым ня здолее пратрымацца доўга ў такіх умовах.

Рада БНР заклікае ўсіх супрацоўнікаў дзяржаўных і калядзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў далучыцца да агульнанацыянальнага страйку з патрабаваньнем спыненьня гвалту і рэпрэсій, сыходу А. Лукашэнкі, правядзеньня новых сумленных выбараў ва ўсе органы ўлады.

Рада БНР заклікае прадстаўнікоў беларускае дыяспары ў сьвеце і прадстаўнікоў прыватнага бізнэсу, якія ня могуць далучыцца да страйку, ахвяраваць у профільныя фундацыі дзеля дапамогі страйкоўцам.

Рада БНР заклікае грамадзяніна А. Лукашэнку да складаньня сваёй фактычнай улады дзеля агульнанацыянальнай згоды і дзеля таго, каб Беларусь пачала рух да разьвіцьця ва ўмовах цяперашняга складанага часу.

You may also like...