Мікола Пашковіч

1 сьнежня 1893 г. у Глыбокім нарадзіўся Мікола Пашковіч – сябра Фінансавай камісіі Рады БНР, пэдагог, ахвяра савецкіх рэпрэсіяў.

Піша Анатоль Сідарэвіч:

Пра М. Пашковіча вядома, што ён, як і многія дзеячы БНР — настаўнік, пэдагог. У 1915 ён скончыў Маладэчанскую настаўніцкую сэмінарыю і адразу ж быў мабілізаваны ў войска. У 1916 скончыў Уладзімерскае вайсковае вучылішча ў С.-Пецярбургу і адпраўлены на фронт. Паказаў сябе добрым воінам: за мужнасьць узнагароджаны ордэнам сьв. Ганны 4-й ступені. Пэўна, у канцы 1918 паступіў на вучобу ў Менскі беларускі пэдагагічны інстытут, які скончыў у 1921 як Менскі інстытут народнай адукацыі, а ў 1926 ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

Да беларускага руху далучыўся ў 1917 г. Падпаручнік Пашковіч узначальваў Беларускі камітэт ХІІ арміі Паўночнага фронту. На беларускім вайсковым зьездзе Паўночнага фронту, які адбыўся 15–20.11 у Віцебску, яго дэлегавалі ў склад Часовай Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады. У сьн. 1917 ён удзельнічаў у працы Ўсебеларускага Зьезду.

У сак. 1918 Пашковіч стаў сябрам Рады БНР ад ЦБВР. 1.05.1918 ён увайшоў у Фінансавую камісію Рады. І тады ж разам з іншымі народнікамі пакінуў Беларускую Сацыялістычную Грамаду і стаў адным з заснавальнікаў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Пачаўшы вучобу ў пэдагагічным інстытуце, уступіў у эсэраўскую арганізацыю «Маладая Беларусь», якая — на чале з У. Ігнатоўскім — дзейнічала пры гэтай установе.

Палітычную дзейнасьць Пашковіч спалучаў з асьветніцкай, пэдагагічнай. У 1918–1920 ён працаваў загадчыкам менскай 29-й пачатковай беларускай школы. Стаўшы інструктарам Школьнай Рады па арганізацыі беларускіх школаў, выяжджаў на правінцыю. Адначасна ў 1919–1920 гг. узначальваў Беларускі Настаўніцкі Хаўрус. З канца 1919 ён працаваў таксама ў Часовым Беларускім Нацыянальным Камітэце. Як эсэр, вёў падпольную працу супраць польскіх акупантаў, уваходзіў у створаны эсэрамі і бальшавікамі Аб’яднаны паўстанцкі камітэт. З апублікаваных матэрыялаў вынікае, што быў ён і сувязным паміж ЧБНК і інтэрнаваным ў Варшаве А. Луцкевічам.

З прыходам у ліп. 1920 бальшавікоў Пашковіча на кароткі час мабілізавалі ў Чырвоную армію. Вярнуўшыся з войска, працаваў настаўнікам. Перад падпісаньнем Рыскага трактату паміж бальшавікамі і Польшчай быў арыштаваны. Адбыўшы кароткатэрміновы арышт, вярнуўся да культурніцкай і пэдагагічнай працы. Стаў актыўным сябрам гуртка «Беларуская моладзь» пры «Беларускай хатцы», якая месьцілася на Конным пляцы побач з Камароўкай (увесну 1923 бальшавікі дзейнасьць гуртка забаранілі), працаваў настаўнікам узорнай сярэдняй школы пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.

Застаючыся актыўным эсэрам, Пашковіч быў у ліку тых, хто ў сак. 1924 падпісаў дэклярацыю аб уступленьні ў бальшавіцкую партыю. У чэрв. 1924 ён удзельнічаў у працы зьезду БПС-Р, які прыняў рашэнне аб роспуску партыі. Гэта, аднак, не палегчыла ціск з боку бальшавікоў ды іх «узброенага атраду». Можна думаць, што Пашковічу забаранілі працаваць па спэцыяльнасьці, бо з 1926 г. ён непрацяглы час працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. А ў сак. 1927 г. Пашковіча выслалі на 3 гады ва Ўральск (Казахстан).

Як вынікае з дакумэнтаў Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення, нелегальная «нацыянал-дэмакратычнай арганізацыя», да якой ён нібыта належаў і ў якую нібыта ўваходзілі студэнты, называлася «Летуценьнікі» («Мечтатели»). Пасьля адбыцьця тэрміну пакараньня вярнуцца ў БССР яму не дазволілі. Таму пасяліўся ў Смаленску і працаваў у абласной плянавай камісіі. Неўзабаве яго зноў арыштавалі. На гэты раз — у «справе» так званага Саюзу вызваленьня Беларусі. У крас. 1931 саслалі на 5 год у Елабугу (Татарстан). У ліп. ён 1935 выйшаў на свабоду, але на кароткі час. Пасьля чацьвёртага арышту яго асудзілі на 10 год лягероў і адправілі на Салаўкі. Там жыцьцёвы шлях Пашковіча скончыўся.

Дакладаная дата сьмерці і месца пахаваньня невядомыя.

You may also like...