Леў Сапега

4 красавіка 1557 у Віцебскім павеце нарадзіўся Леў Сапега, выбітны дзяржаўны дзеяч і дыплямат Вялікага княства Літоўскага.

Нарадзіўся ў магнацкай сям’і, Сапегаў. Род быў праваслаўным, але Лява Сапегу ў 7-гадовым узросьце аддалі вучыцца ў Нясьвіскую пратэстанцкую школу, дзе выкладалі вядомыя тагачасныя дзеячы навукі і культуры. У 13-гадовым узросьце Сапега паехаў у Ляйпцыгскі ўнівэрсытэт, дзе некалькі гадоў вывучаў гісторыю рымскага і царкоўнага права, знаёміўся з мастацтвам Рэнэсансу. Пасьля вяртаньня ў ВКЛ Лява Сапегу прымаюць на службу да двара караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя, які быў уражаны эрудыцыяй і ведамі юнака.

На працягу свайго жыцьця Леў Сапега займаў розныя высокія пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім: 4 лютага 1580 году атрымаў пасаду сакратара Яго Каралеўскай Міласьці Стэфана Баторыя, а пасьля складаньня перамір’я з Маскоўскай дзяржавай стаў Пісарам Вялікім Літоўскім.

Пасьля адмаўленьня Крыштапа Радзівіла Перуна ад пасады падканцлера быў прызначаны на гэтую пасаду 2 лютага 1585 году. 20 ліпеня 1586 году атрымаў прывілей на Слонімскае судовае староства па сьмерці Р. Валовіча. Гэтую пасаду займаў да 1605 году.

У канцы красавіка 1589 году атрымаў ад Жыгімонта Вазы пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага, якую займаў да прызначэньня ваяводам віленскім. Прызначэньне на апошнюю пасаду атрымаў у 1623 годзе.

Захаваўшы пасаду віленскага ваяводы, каля 25 ліпеня 1625 году атрымаў прызначэньне на найвышэйшага (або вялікага) гетмана Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя таго, займаў пасаду маршалка Галоўнага Трыбуналу у 1604, 1624 і 1630 гадох.

На апошнім этапе Інфлянцкай вайны (1558—1583) атрымаў вядомасьць як вайсковы дзяяч і дыплямат. Сфармаваўшы за свой кошт гусарскі полк, зьвярнуў на сябе ўвагу пасьпяховымі дзеяньнямі ў бітвах пад Завалаччам, Вялікіх Луках, пры аблозе Пскову.

Пасьля заканчэньня вайны ўзначаліў пасольства Рэчы Паспалітай у Маскву, дзе падпісаў з царом Фёдарам Іванавічам мірнае пагадненьне на 10 гадоў. У 1600 зноў езьдзіў з пасольствам у Маскву, дзе зноў склаў мірнае пагадненьне на на 20 гадоў ужо з Барысам Гадуновам.

Нягледзячы на тое, што паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім частымі былі ваенныя і розныя дыпляматычныя сутыкненьні і асабістыя адносіны Льва Сапегі да гэтай краіны не заўсёды былі дружалюбнымі, пасьля сьмерці караля Стэфана Баторыя яго апанавала думка пра аб’яднаньне Рэчы Паспалітай з Масквой. Аб’яднаньне гэтых народаў і абраньне імі адзінага манарха, на думку Льва Сапегі, спрыяла б росту іх эканамічнага і вайсковага патэнцыялу, забясьпечыла б трывалы мір.

Калі ў 1620-я гады ў межы Вялікага Княства Літоўскага ў чарговы раз уварваліся швэды, браў удзел у ваенных дзеяньнях, вылучыўшы на фінансаваньне войска значную частку сваіх уласных сродкаў. Быў адным з ініцыятараў падпісаньня сэпаратнага Балдэнмуйскага замірэньня з Швэцыяй 1627 году і Альтмарцкага міру, складзенага ў 1629 годзе.

Апошнія гады жыцьця правёў у Вільні, дзе актыўна займаўся ўпарадкаваньнем архіваў Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Памёр і пахаваны ў Вільні ў касьцёле сьвятога Міхала.

You may also like...