Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае захаваць недакранальнасьць Курапатаў

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае сваё абурэньне фактам перагляду ахоўнай зоны Курапацкага мэмарыялу і адкрыцьця забаўляльных установаў на ягонай тэрыторыі.

Курапаты – адзін з галоўных гістарычных помнікаў і мэмарыялаў на тэрыторыі Беларусі.

На тэрыторыі ўрочышча Курапаты савецкія акупанты ў трыццатыя і саракавыя гады мінулага стагодзьдзя расстралялі тысячы мірных жыхароў Беларусі. Гэтае месца зьяўляецца галоўным нацыянальным мэмарыялам, дзе ўшаноўваюцца ахвяры савецкага рэжыму на Беларусі. Апроч гэтага, у 1988 годзе Курапаты сталіся знакавым месцам для фармаваньня агульнанацыянальнага дэмакратычнага руху, які зрабіўся асноўнай сілай, што спрычынілася да зьяўленьня на карце сьвету незалежнай Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе.

Савецкія акупацыйныя ўлады і постсавецкі рэжым Аляксандра Лукашэнкі неаднаразова дэманстравалі сваё жаданьне зганьбіць Курапаты, а таксама сьцерці народную памяць аб гэтым месцы і страшных падзеях, якія там адбываліся, праз:

  • замоўчваньне савецкіх злачынстваў і наўмысны распаўсюд хлусьні аб Курапатах у дзяржаўных СМІ,
  • будаўніцтва аўтамабільнай шашы непасярэдна па магілах ахвяраў рэпрэсій,
  • дэманстратыўнае нерасьсьледваньне фактаў наўпроставага вандалізму і нападаў на добраахвотнікаў, што займаюцца ўпарадкаваньнем мэмарыяла, – а, магчыма, і арганізацыю вандалізма і правакацыяў,
  • неналежную ахову мэмарыяла,
  • дазвол на будаўніцтва рэстарану на тэрыторыі Курапатаў.

Рада БНР заяўляе, што пабудова забаўляльных установаў на месцы масавых расстрэлаў і пахаваньняў ахвяраў рэпрэсій, а таксама перагляд ахоўных межаў мэмарыяла зьяўляюцца злачынствам супраць нацыянальнай памяці.

Рада БНР выказвае сваю падтрымку і шчырую падзяку ўсім, хто асабіста ўдзельнічае ў акцыях пратэсту на месцы і спрыяе пашырэньню інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Курапатах.

Рада БНР заяўляе, што маўклівая згода афіцыйных уладаў Рэспублікі Беларусь на зганьбаваньне Курапатаў у чарговы раз сьведчыць аб тым, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў важных аспэктах па-ранейшаму захоўвае характар палітычнага пераемніка акупацыйнага савецкага рэжыму. На працягу вось ужо больш за дваццаць гадоў маральная і ідэйная пераемнасьць рэжыма А. Лукашэнкі і савецкага рэжыму праяўляецца як у сымбалічнай прасторы, так і на практыцы, праз сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека, адсутнасьць дэмакратычных выбараў, адкрытую пагарду да годнасьці беларусаў як грамадзянаў і і да ключавых складнікаў беларускай нацыянальнай памяці і годнасьці. Палітыка ў справе мэмарыялу ахвярам савецкага тэрора ў Курапатах відавочна і востра супярэчыць пазытыўным жэстам з боку кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, якія маглі былі быць з надзеяй успрынятыя беларускім дэмакратычным грамадзтвам і дыяспарай у кантэксьце адзначэньня 100-годдзя незалежнасьці БНР у сакавіку гэтага году.