Юліяна Вітан-Дубейкаўская

12 сьнежня 1886 г. нарадзілася Юліяна Вітан-Дубейкаўская, беларуская мастацтвазнаўца, пэдагог, грамадзкі дзеяч.

Паходзіла зь сям’і віленскіх немцаў-купцоў, вучылася ў прыватнай гімназіі. Падчас вучобы ў гімназіі пазнаёмілася з Алаізай Пашкевіч.

З 1907 ў Пэтэрбургу, у 1914 здала дзяржаўныя экзамены пры Пэтэрбурскім Унівэрсытэце на гісторыка-філялягічным аддзеле.

У 1915 пасля вяртання ў Вільню сустрэлася з Іванам Луцкевічам, пачала працу ў віленскім Беларускім камітэце. Прымала ўдзел у адкрыцці першай пачатковай беларускай школы, беларускіх настаўніцкіх курсаў і Віленскай беларускай гімназіі, дзе потым выкладала нямецкую мову і педагогіку. Дапамагала беларускаму руху абараняць свае інтарэсы перад нямецкай ваеннай акупацыйнай адміністрацыяй.

У 1922 стала жонкай вядомага беларускага дзеяча, архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Пасьля яго сьмерці (1940) дом i зямельны ўчастак былі нацыяналізаваныя, 6 сакавіка 1941 Юліяна разам з раднёй выехала ў Нямеччыну. Спачатку жыла ў лагеры для перасяленцаў, потым была накіравана ў Бэрлін, дзе працавала перакладчыцай у Беларускім аддзеле Міністэрства для патрэб вайны.

Пасьля 1945 зарабляла на жыцьцё лекцыямі. У верасьні 1947 ад’ехала ў Заходнюю Нямеччыну, у красавіку 1951 стала пасялілася ў Нюрнбэргу.

Напісала шэраг успамінаў пра дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, пра сябе i сваіх сваякоў. Так, напісала прысьвечаную Івану Луцкевічу кнігу “Мае ўспаміны”. У 1954 у Нью Ёрку выйшла кніга “Лявон Вітан-Дубейкаўскі”, якую Юліяна выдала пад псэўданімам Кветка Вітан.