Янка Філістовіч

14 студзеня 1926 г. блізу Вялейкі нарадзіўся Янка Філістовіч, сябра Рады БНР, дэсантнік, партызан.

Раньнія гады Я. Філістовіча прайшлі ў Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад польскай акупацыяй. У час Другой Сусьветнай вайны Я. Філістовіч служыў у 13-ым паліцэйскім батальёне; перад прыходам Чырвонай Арміі быў перакінуты ў Нямеччыну.

Пасля вайны Я. Філістовіч пераехаў у Францыю. Вывучаў гісторыю ў Сарбонскім (Францыя) і Лювэнскім (Бэльгія) унівэрсытэтах. Выдаваў часопіс «Моладзь», быў адным зь лідараў Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі Моладзі ў Францыі.

У Парыжы ён наладзіў кантакт зь Міколам Абрамчыкам. 11 сакавіка 1951 г. Янка Філістовіч быў прыняты ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і прызначаны ўпаўнаважаным прадстаўніком ураду БНР на акупаванай тэрыторыі Беларусі.

У сакавіку 1951 ён узяўся за місію наладжваньня кантакту беларускіх эміграцыйных уладаў з падпольлем на тэрыторыі БССР. Пасля трохмесячнай падрыхтоўкі на базе Каўфбэрэн каля Мюнхена, 9 верасня 1951 г. Філістовіч быў накіраваны ў раён, зь якога паходзіў, у складзе амэрыканскага дэсанту.

Пасьведчаньне Янкі Філістовіча, падпісанае Міколам Абрамчыкам

Праз сваяка Янку Філістовічу ўдалося наладзіць сувязь з партызанскай групай Сяргея Мікуліча, якая складалася з 5 чалавек і дзейнічала на тэрыторыі Ільлянскага раёна з 1949 г. Я. Філістовіч пераняў камандаваньне групай і зрабіў спробу ператварыць яе ў вайскова-палітычную арганізацыю. Увёў дысцыпліну, праводзіў ідэйную і падпольную падрыхтоўку, забараніў рабіць грабяжы і напады на мясцовы актыў.

5 верасьня 1952 г. МГБ БССР правяло апэрацыю з мэтай ліквідацыі групы, але Янку Філістовічу атрымалася ўцячы. Ён меркаваў перайсьці мяжу з Польшчай, але 9 верасня 1952 г. у выніку здрады быў арыштаваны савецкімі карнымі ворганамі.

Судовы працэс над Янкам Філістовічам пачаўся 17 кастрычніка 1953 г. у Менску. Я. Філістовіч быў асуджаны ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі да сьмяротнай кары, якая, як лічыцца, была выкананая пасьля 11 лістапада таго году. Сваякі і паплечнікі Філістовіча былі рэпрэсаваныя.

You may also like...