ПРАЗ 10 ГАДОЎ ПАСЬЛЯ ВАЙНЫ Ў ГРУЗІІ РАСЕЯ ПРАЦЯГВАЕ ПАГРАЖАЦЬ МІЖНАРОДНАЙ БЯСЬПЕЦЫ — ЗАЯВА РАДЫ БНР

У гэтыя дні спаўняецца 10 гадоў вайне паміж Расеяй і Грузіяй у 2008 годзе.

Рада БНР канстатуе, што вайна сталася вынікам вонкавапалітычнай агрэсіі з боку Расеі, якая ад пачатку 1990-х гадоў аказвала матар’яльную і палітычную падтрымку сэпаратысцкім утварэньням на тэрыторыі Грузіі, выкарыстоўвала свой міратворчы мандат для прыкрыцьця гэтае падтрымкі і нарошчваньня вайсковае сілы ў Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Рада БНР падкрэсьлівае, што Расея нясе адказнасьць таксама за падрыхтоўку і беспасярэдняе разьвязваньне баявых дзеяньняў у жніўні 2008 году.

Рада БНР падтрымлівае тэрытарыяльную цэласьць Грузіі ў міжнародна прызнаных межах і выказвае сваю салідарнасьць з народам Грузіі, які разам зь беларусамі пакутаваў ад дзесяцігодзьдзяў савецкае акупацыі, а пасьля распаду СССР таксама вымушаны супраціўляцца агрэсіўнаму рэваншызму з боку Расеі.

Рада БНР зьвяртае ўвагу, што вайна 2008 году сталася перадвесьнікам вайны ва Ўкраіне, якую пуцінская Расея разьвязала ў 2014 годзе. Вонкавапалітычная агрэсія постсавецкай Расеі сталася вынікам недастатковай рашучасьці міжнароднае супольнасьці ў рэагаваньні на ўмяшальніцтва ў справы суседніх краінаў з боку Расеі, а таксама недастатковай увагі міжнароднай супольнасьці да працэсаў дэмакратычнае трансфармацыі ў Расеі і іншых постсавецкіх краінах з пачатку дзевяностых гадоў.

Рада БНР зьвяртае ўвагу, што вайне ў Грузіі папярэднічаў дзяржаўны пераварот у Беларусі ў 1995-1996 гадах, які адбыўся пры падтрымцы Расеі і прывёў да ўсталяваньня прорасейскага аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, адказнага за цэнзуру, фальсыфікацыю выбараў, масавыя парушэньні правоў чалавека і палітычныя рэпрэсіі, а таксама забойства палітычных апанэнтаў.

Рада БНР зьвяртае ўвагу на тое, што пуцінская Расея працягвае ўтвараць пагрозу міжнароднай бясьпецы і перадусім суседнім краінам, у тым ліку Беларусі.

Рада БНР заклікае да міжнароднай салідарнасьці і да супольнага адпору агрэсіўным дзеяньням Расеі пад кіраўніцтвам рэжыма Ўладзіміра Пуціна як на ўзроўне грамадзянскае супольнасьці, так і на дзяржаўным ўзроўні.