Генадзь Карпенка

6 красавіка 1999 г. пры нявысьветленых абставінах памёр Генадзь Карпенка, беларускі навуковец і палітык, адзін зь лідараў дэмакратычнай апазыцыі Аляксандру Лукашэнку.

Г. Карпенка нарадзіўся ў 1949 годзе ў Менску, у 1972 г. скончыў Беларускі Політэхнічны Інстытут.

У 1987 годзе стаў дырэктарам Маладэчанскага Заводу Парашковай Мэталюргіі. У 1990 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю па тэхналёгіі матэрыялаў. Зрабіў 50 вынаходніцтваў, укаранёных у 15 краінах. У 1994 годзе абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі Навук Беларусі. Уганараваны Дзяржаўнай прэміяй.

Карпенка быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня, дзе кіраваў камісіяй па навуцы й навукова-тэхнічным прагрэсе.

У 1992 годзе ён узначаліў Маладэчанскі гарвыканкам, і за два гады зладзіў ў горадзе эканамічныя рэформы, запачаткаваў музычны і тэатральны фэстывалі, стварыў футбольны клюб, карэнным чынам дэсаветызаваў гарадзкую тапанімію.

У 1996 годзе Генадзь Карпенка, тагачасны намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, накіроўваў працэс імпічмэнту прэзыдэнта Лукашэнкі.

У 1998 годзе ён стаў на чале Нацыянальнага выканаўчага камітэту, створанага перад заканчэньнем легітымнага тэрміну кіраваньня Лукашэнкі.

Генадзь Карпенка лічыўся лідэрам беларускай апазыцыі і найбольш верагодным кандыдатам ад апазыцыі на наступных прэзыдэнцкіх выбарах.

Абставіны сьмерці Генадзя Карпенкі застаюцца ня высьветленымі.

31 сакавіка 1999 году Генадзь Карпенка быў дастаўлены ў 9-ы менскі клінічны шпіталь з дыягназам «крывацёк у мозг». 1 красавіка яму зрабілі апэрацыю па выдаленьні гематомы. Усе гэтыя дні ён знаходзіўся ў рэанімацыйным аддзяленьні шпіталю ў несьвядомым стане. Генадзь Карпенка памёр а 7 гадзіне раніцы 6 красавіка.

Сьмерць палітыка была нечаканай, бо перад гэтым ён ніколі ня скардзіўся на дрэннае здароўе. Паводле даступнай інфармацыі, Карпенку зрабілася кепска пасьля таго, як ён паддаўся на настойлівыя прапановы глытнуць кавы на сустрэчы з журналісткай, якая, як потым высьветлілася, у той момант не працавала ні ў якім СМІ.

Генадзь Карпенка памёр за месяц да альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў, прыхільнікі правядзеньня якіх адмовіліся прызнаць навязаныя Лукашэнкам зьмены ў Канстытуцыі, што працягвалі тэрмін ягоных паўнамоцтваў на два гады.

Празь месяц пасьля сьмерці Карпенкі бясьсьледна зьнік адзін зь яго найбліжэйшых паплечнікаў — Юры Захаранка, яшчэ праз паўгоду другі — Віктар Ганчар.

“Час “Ч” Генадзя Карпенкі” – відэа з выказваньнямі Карпенкі і ягоных знаёмых

You may also like...