Category Archives: Актуальныя дакумэнты Рады БНР

Заява Рады БНР: амбасадар Сурыкаў мае стаць «пэрсонай нон грата»

Заява Рады БНР: амбасадар Сурыкаў мае стаць «пэрсонай нон грата»

Амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі А. Сурыкаў заявіў у інтэрвію газэце «Зьвязда», што ў выпадку абвастрэньня валютна-фінансавай сытуацыі Беларусі «варта падумаць пра пераход на агульную з Расеяй валюту».

Сурыкаў таксама даў зразумець, што Масква будзе перашкаджаць вытворчасьці легкавых аўтамабіляў на тэрыторыі Беларусі, калі яна будзе наладжаная ў абыход інтарэсаў Расеі.

Гэтыя заявы выяўляюць сапраўднае, імпэрскае стаўленьне Расеі да незалежнасьці нашай краіны. Не сакрэт, што толькі дзякуючы Расеі Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе — пацьверджаньне гэтаму і крызіс 1996 году, калі «маскоўскі дэсант» уратаваў Лукашэнку ад імпічмэнту, і так званыя выбары 2001, 2006, 2010 году, перад якімі Крэмль выдаткоўваў лукашэнкаўскаму рэжыму мільярдныя крэдыты.

Насуперак памылковаму і распаўсюджанаму ўяўленьню, Расея не зьяўляецца донарам Беларусі. У выпадку, калі б ў 1994 годзе быў абраны эўрапейскі шлях разьвіцьця, прамысловы, транзытны і, найперш, чалавечы, інтэлектуальны патэнцыял дазваляў Беларусі цягам некалькіх гадоў стаць нароўні з постсавецкімі краінамі Ўсходняй Эўропы. Аднак палітыка прарасейскага кіраўніка краіны, уцягваньне Беларусі ў вайсковую сыстэму АДКБ, якая кантралюецца маскоўскім Генштабам, разьмяшчэньне расейскіх вайсковых базаў, — паставілі заслону паміж Беларусьсю і дэмакратычнымі эўрапейскімі краінамі. Выкарыстоўваючы Беларусь як найважнейшы для сваіх стратэгічных інтарэсаў вайсковы пляцдарм, Масква расплачваецца з Лукашэнкам падачкамі, якіх, аднак, хапае, каб падтрымліваць ілюзію эканамічнай стабільнасьці. Ва ўсялякім разе, хапала да апошняга часу. Эканамічны крызіс, дэвальвацыя нацыянальнай валюты паставілі ўладу Лукашэнкі пад пагрозу, аднак і тут Масква прыйшла яму на дапамогу. Узамен Расея дамаглася яшчэ большай палітычнай і эканамічнай залежнасьці Беларусі — праз уваход нашай краіны ў т. зв. Мытны зьвяз ды поўны кантроль над «Белтрансгазам».

Рада БНР неаднаразова зьвяртала ўвагу на імпэрскую палітыку Расеі ў дачыненьні да Беларусі; цяпер жа гэтая палітыка стварае рэальную пагрозу беларускай незалежнасьці. Расея ніколі не падтрымлівала дэмакратычныя памкненьні беларускага грамадзтва; паказальна, што афіцыйная Масква ні слова не сказала ў абарону беларускіх палітычных вязьняў.

Расейскі амбасадар Сурыкаў і раней дазваляў сабе выказваньні, якія выходзілі па-за межы нормаў паводзінаў кіраўніка дыпляматычнай місіі. Аднак яны заставаліся без адэкватнага адказу з боку лукашэнкаўскага МЗС. Цяперашнія ягоныя заявы выяўляюць абсалютна недапушчальнае для дыплямата ўмешваньне ва ўнутраныя справы сувэрэннай краіны. Рада БНР лічыць, што спадар Сурыкаў павінен быць абвешчаны „пэрсонай нон грата“ і неадкладна пакінуць тэрыторыю Беларусі. У выпадку, калі гэта ня будзе зроблена цяпер — гэта павінна будзе зрабіць новая дэмакратычная ўлада, незалежна ад таго, якую пасаду будзе займаць цяперашні расейскі амбасадар.

За Раду БНР 5 студзеня 2012 году 

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Rada BNR expresses concern regarding repressions in Belarus after presidential elections

Statement

by the Rada of the Belarusian Democratic Republic in Exile

28th December 2010

The Rada of the Belarusian Democratic Republic (the BNR Rada) expresses its concern regarding the brutal repressions against opposition activists, political and human rights organisations, as well as journalists of the independent mass media, which have been unfolding in Belarus in the wake of the so-called presidential “elections” of 19 December, and which are currently gaining in scale. These repressions have involved not only the activists themselves but also their family members.

Continue reading Rada BNR expresses concern regarding repressions in Belarus after presidential elections

Rada BNR protests extraordinary brutal actions of the Lukashenka regime

Statement

by the Rada of the Belarusian Democratic Republic in Exile

20th December 2010

The Rada of the Belarusian Democratic Republic (the BNR Rada) protests the extraordinary brutal actions perpetrated by the anti-Belarusian regime of Lukashenka against the participants of peaceful street protests in Miensk on 19 December 2010.

Continue reading Rada BNR protests extraordinary brutal actions of the Lukashenka regime

Заява Рады БНР з нагоды падзеяў у Менску 19 сьнежня 2010 году

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае пратэст з прычыны надзвычай брутальных дзеяньняў лукашэнкаўскага антыбеларускага рэжыму супраць удзельнікаў масавых акцыяў у Менску 19 сьнежня.

Рада БНР заклікае кіраўніцтвы краінаў Захаду не прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, паколькі яны былі сфальшаваныя, а афіцыйна абвешчаны іх “пераможца” Аляксандар Лукашэнка ня меў канстытуцыйнага права балятаваца ў якасьці кандыдата.

У Беларусі павінны быць праведзены новыя прэзыдэнцкія выбары без удзелу Лукашэнкі, з удзелам прадстаўнікоў апазыцыйных кандыдатаў у выбарчых камісіях і пад максымальным кантролем міжнароднай супольнасьці.

Рада БНР заклікае краіны Захаду і міжнародныя арганізацыі выступіць у абарону прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі. Рада БНР патрабуе неадкладнага вызваленьня Уладзімера Някляева, зьвезанага са шпіталя, іншых затрыманых кандыдатаў у прэзыдэнты і ўсіх затрыманых апазыцыйных актывістаў.

RADA BNR APPLAUDS THE COURAGEOS ACT OF SIARHIEJ KAVALENKA

RADA BNR APPLAUDS THE COURAGEOS ACT OF SIARHIEJ KAVALENKA

January, 16 2010

The Rada of the Belarusian Democratic Republic (BNR) in Exile applauds the courageous act of the Belarusian patriots in Vitebsk, who on January 7th raised the prohibited white-red-white flag to the top of the city’s Christmas tree, the tallest in the country. The BNR Rada demands the immediate release of Siarhiej Kavalenka, an activist of the Conservative Christian Party of BPF who was arrested for this act.

Continue reading RADA BNR APPLAUDS THE COURAGEOS ACT OF SIARHIEJ KAVALENKA

Заява Рады БНР аб падтрымцы віцебскага патрыёта Сяргея Каваленкі

Заява Рады БНР аб падтрымцы віцебскага патрыёта Сяргея Каваленкі

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае захапленьне сьмелым учынкам беларускіх патрыётаў, якія 7-га студзеня ўзьнялі на каляднай ёлцы ў Віцебску (самай высокай у Беларусі) Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, і патрабуе неадкладнага вызваленьня арыштаванага за гэта актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленкі.

Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, як і Гэрб “Пагоня”, ёсьць нацыянальнымі сымбалямі і непарыўна зьвязаныя з гісторыяй Беларусі. Пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам беларускія ваяры атрымлівалі слаўныя перамогі. Пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Пад Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі 25 жніўня 1991 году тысячы мінчанаў на плошчы перад Домам ураду віталі аднаўленьне Незалежнасьці Беларусі.

Рада БНР нагадвае, што замена нацыянальнай сымболікі ў статусе дзяржаўнай на тую, якую сёньня мае Рэспубліка Беларусь, адбывалася на гэтак званым “рэфэрэндуме” 1995 г. з ініцыятывы Лукашэнкі і шэфа ягонай адміністрацыі Леаніда Сініцына (у мінулым – кіраўніка шітабу Лукашэнкі на выбарах 1994 года, пазьней – аўтара ідэі рэфэрэндуму аб уваходжаньні Беларусі ў склад Расеі). На гэты “рэфэрэндум” выносіліся таксама пытаньні аб пазбаўленьні беларускай мовы статусу адзінай дзяржаўнай, аб праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт і аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

Варта памятаць, што пытаньні г.зв. “рэфэрэндуму” супярэчылі дзейнай на той момант Канстытуцыі і шэрагу законаў. Ён быў прызначаны гвалтоўна — праз зьбіцьцё па загаду Лукашэнкі дзевятнаццаці дэпутатаў Апазыцыі БНФ у залі парляманту. Сам г.зв. “рэфэрэндум” праходзіў пры манаполіі рэжыму на СМІ і з масавымі фальсыфікацыямі. Усё гэта дае падставы лічыць яго нелегітымным.

Вынікам гэтага “рэфэрэндуму” сталі зьдзек над нацыянальнымі сымбалямі, татальная русыфікацыя і выцясьненьне беларускай мовы з усіх сфэраў ужытку, усталяваньне дыктатуры Лукашэнкі і эканамічная залежнасьць краіны ад Масквы.

Для кожнага сьвядомага беларуса Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і “Пагоня” застаюцца сымбалямі беларускай дзяржаўнасьці. Сьведчаньнем гэтага – вывешваньне нацыянальнага Сьцяга легэндарным віцебскім Міронам, масавыя акцыі пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам – нягледзячы на судовыя прысуды, арышты ды штрафы.

Рада БНР лічць сваім абавязкам зьвярнуць увагу кіраўнікоў дэмакратычных краінаў і міжнародных арганізацыяў на сытуацыю вакол Сяргея Каваленкі і яго паплечнікаў.

Рада БНР уважае, што салідарнасьць з мужнымі віцебскімі патрыётамі ў гэтыя дні павінна быць найпершай справай для праваабарончых арганізацыяў, а таксама для ўсіх тых палітычных партыяў і рухаў Беларусі, якія дэкляруюць адданасьць нацыянальным каштоўнасьцям.

Мы ўпэўненыя, што Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і “Пагоня” будуць дзяржаўнымі сымбалямі вольнай і дэмакратычнай Беларусі.

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР
9 студзеня 2010

Зварот да Беларускага Народу з нагоды 91 Угодкаў БНР

Дарагія суродзічы-беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі маю гонар вітаць Вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам, угодкамі абвешчаньня 25 сакавіка 1918 году незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якія мы называем Днём Волі.

Нацыянальныя сьвяты кожны народ сьвяткуе радасна і ўрачыста. З глыбіні сэрца жадаю, каб і для ўсіх нас як на Бацькаўшчыне, гэтак і па-за яе межамі гэты дзень стаўся нагодай выявіць сваю любоў да Бацькаўшчыны. Адначасна прашу кожнага з вас задумацца над пытаньнем, куды вядзе нашу краіну палітыка сёньняшняга рэжыму ў Беларусі.

Жыве беларускі народ ува ўмовах няволі. Кантрактная сыстэма; забарона дзецям з чарнобыльскай зоны карыстацца дапамогай добразычлівых людзей цывілізаванага сьвету; тэрор у форме падслухоўваньня тэлеразмоваў, адбіткаў пальцаў, несанкцыяваных ператрусаў, канфіскацыяў й затрыманьняў, фатаграфаваньня людзей на грамадзкіх мерапрыемствах; новапрыдуманае зьнявольваньне ў войску непаслухмянае моладзі пасьля яе выключэньня са школаў і ўнівэрсытэтаў; абмяжоўваньні доступу да праўдзівае інфармацыі. Беларусь сталася падобнай да афрыканскае Зымбабвэ пад дыктатураю Мугабэ. Засталося толькі правесьці рэфэрэндум аб пажыцьцёвай прэзыдэнтуры ды пераемнасьці ўлады па прызначэньню, без галасаваньня.

Эўропа стараецца памагчы Беларусі, але толькі сам народ Беларусі можа стрымаць разгул дыктатуры й самаволі. Толькі вы, дарагія суродзічы, можаце паказаць адзін аднаму й цэламу сьвету, што вы адчуваеце зьдзек нялюдзкага рэжыму, прагнеце спакайнейшага, лепшага жыцьця.

Рада БНР із свайго боку робіць усё магчымае, каб вонкавы дэмакратычны сьвет ведаў праўду пра становішча ў Беларусі ды спрыяў справе аднаўленьня ў ёй дэмакратычнага ладу й грамадзянскіх свабодаў. Рада БНР працуе на тое, каб непаслабна трывалі нашы адраджэнскія намаганьні, каб жыла й разьвівалася беларушчына, каб гарэла сьвяцільня Акту 25 Сакавіка 1918 году. Ведайма, што зарука будучыні ў памятаньні мінуўшчыны.

Дапамажы нам Божа.

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Заява Рады БНР аб ператрусе ў былога дэпутата парлямэнцкай Апазыцыі БНФ Мікалая Аксаміта

Заява Рады БНР аб ператрусе ў былога дэпутата парлямэнцкай Апазыцыі БНФ Мікалая Аксаміта

8 лютага ў Ваўкавыску адбыліся арышты прадпрымальнікаў і ператрусы ў кватэрах апазыцыйных актывістаў.

У тым ліку, быў праведзены ператрус у хаце былога дэпутата Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Мікалая Аксаміта, які мае непасрэднае дачыненьня да прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі і наданьня ёй статусу канстытуцыйнай сілы, зацьвярджэньня Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і Гербу “Пагоня” у якасьці дзяржаўных сымбаляў. У іншай краіне такі чалавек меў бы пашану ад дзяржавы – у Беларусі, што паказальна, Мікалай Аксаміт вось ужо некалькі гадоў ня можа ўладкавацца на працу.

Сярод іншага, у Мікалая Аксаміта былі канфіскаваныя дакумэнты, якія маюць дачыненьне да ягонай дэпутацкай дзейнасьці 1990-1995 гадоў, два дэпутацкія пасьведчаньні, а таксама два Бел-Чырвона- Белыя Сьцягі. Пры гэтым супрацоўнікі спэцслужбаў заявілі, што сям’я ня мае права захоўваць у сябе гэтыя сьцягі.

Канфіскацыя дакумэнтаў, зьвязаных з працай у парлямэнцкай Апазыцыі БНФ – праява мэтанакіраванай палітыкі па вынішчэньню з грамадзкай сьвядомасьці усяго, што мае дачыненьне да абвяшчэньня Незалежнасьці ў 1918 годзе і яе аднаўленьня ў 1991 годзе. Гэта ёсьць праява выразнай антынацыянальнай палітыкі, накіраванай на вынішчэньне культуры, палітыкі, несумяшчальнай з нацыянальнай уладай. Тое, што беларускай сям’і забараняецца нават захоўваць нацыянальныя сьцягі, яскрава пацьвярджае, што, нягледзячы на заявы пра “лібэралізацыю” ды “дэмакратызацыю”, рэжым Лукашэнкі застаецца антынацыянальным і антыбеларускім.

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР
9 лютага 2009

Заява Рады БНР з нагоды падпісаньня чарговых пагадненьняў з Расеяй

Заява Рады БНР аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі

Днямі ў Маскве Аляксандар Лукашэнка падпісаў чарговыя пагадненьні, якія ставяць пад пагрозу сувэрэнітэт і Незалежнасьць Беларусі.

Прызнаньне расейскага рубля ў якасьці так званай “рэгіянальнай валюты” – гэта чарговая капітуляцыя Лукашэнкі перад Крамлём, спроба расплаціцца яшчэ адной часткай сувэрэнітэту краіны за пятнаццаць гадоў свайго некампэтэнтнага кіраваньня.

Дамоўленасьці аб адзінай з Расеяй сыстэме супрацьпаветранай абароны і стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня сумесна з Расеяй і іншымі недэмакратычнымі рэжымамі замацоўваюць Беларусь у арбіце мілітарысцкіх інтарэсаў Крамля.

Гэтыя дамоўленасьці адбыліся на фоне далейшай экспансіі Расеі літаральна ва ўсе сфэры жыцьця Беларусі і зьнішчэньня нацыянальных каштоўнасьцяў. Вось ужо некалькі гадоў грамадзяне Расеі валодаюць абсалютна роўнымі правамі на набыцьцё нерухомасьці ў Беларусі, пры тым, што грамадзяне іншых краінаў (у тым ліку і этнічныя беларусы замежжа) такіх магчымасьцяў пазбаўленыя. Адначасна, зьмяншаецца колькасьць беларускамоўных школаў, беларуская мова практычна зьнікла з дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё, дыскрымінацыя беларусаў па нацыянальнай прыкмеце набыла масавы характар. Такое аслабленьне нацыянальнай ідэнтыфікацыі, пераўтварэньне нацыі ў русыфікаванае “насельніцтва” можа быць падрыхтоўкай для чарговага “рэфэрэндуму”, на якім Незалежнасьць беларускай дзяржавы ліквідуюць паводле “волі народу”.

Рада БНР заяўляе, што адзіным паратункам для беларускага народу зьяўляеца як найхутчэйшае пазбаўленьне ад цяперашняга рэжыму Лукашэнкі і ягоных хаўрусьнікаў шляхам вольных, справядлівых і празрыстых выбараў, праведзеных пад кантролем заходніх інстытуцыяў.

Рада БНР заклікае беларускія арганізацыі ў давесьці да ўрадаў сваіх краінаў інфармацыю пра небясьпеку апошніх крокаў Лукашэнкі і падтрымаць незалежніцкія сілы на Бацькаўшчыне.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР
Канада, 4 лютага 2009

Асноўныя Пастановы прынятыя на паседжаньні Прэзыдыюму Рады БНР ад 3 лютага 2007 г. у Нью-Ёрку

  1. Прызначыць Заступнікам Старшыні Рады БНР Сп. Вячку Станкевіча. Сп. Станкевіч будзе адказваць за каардынацыю дзейнасьці Радных БНР.
    Сп. Сяргей Навумчык, які ёсьць Заступнікам Старшыні Рады БНР ад 1997 г., прызначаецца Першым Заступнікам Старшыні Рады БНР.
  2. Былі ўхваленыя дзьве новыя кандыдатуры ў Раду БНР з Эўропы.
  3. Было пастаноўлена пачаць плянаваць адзначэньне 90-х угодкаў Абвяшчэньня Незалежнасьці – 25 Сакавіка. Пранановы і ідэі наконт урачыстага сусьветнага адзначэньня просіцца прысылаць на электронны адрас Сп-ні Аллы Орса-Романо: Mikita172@optonline.net.
  4. Было пастаноўлена працягваць акцыю наконт Парыжскага Праекту (гістарычнае для БНР памешканьне на 65 rue des Gravilliers).
  5. Ухвалена праграма Прэміі імя Вацлава Ластоўскага для беларускамоўных выкладчыкаў вышэйшых навучальных установаў у Беларусі.
  6. Падняць узровень інфармацыі пра Раду БНР на сайце Рады, у замежнай прэсе, выданьнем англамоўнага раскладышу і лепшай камунікацыяй з адлеглымі краінамі.
  7. Падтрымоўваць дзейнасьць Апазыцыі ў Беларусі накіраваную на ажыцьцяўленьне ідэалаў 25-га Сакавіка.