кс. Міхал Буклярэвіч

12 кастрычніка 1884 г. у Ашмянскім павеце нарадзіўся кс. Міхал Буклярэвіч, каталіцкі сьвятар, ініцыятар антыбальшавіцкага паўстаньня на Браслаўшчыне ў 1919 г., удзельнік беларускага хрысьціянскага руху пачатку 20 ст.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў навучальню пры Віленскім настаўніцкім інстытуце, здаў іспыт на званьне аптэкарскага вучня. З 1904 г. – у Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Пасьвячоны ў сьвятары ў 1908 г. У гэтым жа годзе распачаў душпастырскую дзейнасьць, працаваў адміністратарам у парафіі Нараўка Сакольскага павета. З 1917 г. – адміністратар у мястэчку Іказьнь Дзісенскага павета.

Займаўся беларускай культурна-асьветнай дзейнасьцю, адкрываў беларускія школы. Браў удзел у зьездзе каталіцкага духавенства Дзісенскага дэканата (06-07.08.1918), які выказаўся за шырокае адкрыцьцё ў дэканаце беларускіх школ «з мовай навучаньня беларускай». Удзельнікі зьезда падкрэсьлілі і той факт, што «абшар дзейнасьці Каталіцкай дэмакрацыі ў дэканаце ёсьць беларускі».

Па закліку кс. Міхала Буклярэвіча ў чэрвені 1919 распачалося адно з шматлікіх антыбальшавіцкіх паўстаньняў на тэрыторыі Беларусі. 14 чэрвеня 1919 года ў Іказьні быў парафіяльны фэст Найсьвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Ксёндз Міхал Буклярэвіч зьвярнуўся да тысячаў людзей, што прыйшлі на фэст, заклікаў іх браць зброю і змагацца супраць бальшавіцкіх акупантаў. Паўстаньне цягнулася больш за тыдзень. Пасьля яго падаўленьня кс. Міхал Буклярэвіч быў расстраляны бальшавікамі. У сакавіку 1920 г. ягонае цела было ўрачыста перапахавана ў Іказьні.

You may also like...