Мэдаль да стагодзьдзя БНР уручаны пастару Эрнсту Сабілу

Рада БНР уручыла Мэдаль да стагодзьдзя БНР пастару Эрнсту Сабілу – дысыдэнту, палітвязьню ў СССР, аднаму зь лідараў беларускіх эвангельскіх хрысьціянаў.

Эрнст Сабіла нарадзіўся ў 1932 годзе пад Менскам. Празь некалькі гадоў ягоную сям’ю як “недобранадзейных” перасялілі ўглыб тагачаснай БССР, у Бабруйск.

У 1949 годзе савецкія карніцкія ворганы завялі на Сабілу крымінальную справу за спробу стварыць беларускую дэмакратычную арганізацыю. Летам 1951 г. яго арыштоўваюць і зьмяшчаюць у “Амэрыканцы”. Праз два месяцы ён быў асуджаны да расстрэлу за “антысавецкую агітацыю на падставе рэлігійных і нацыянальных забабонаў”, але неўзабаве пакараньне замененае дваццаціпяцігадовым тэрмінам зьняволеньня ў ГУЛАГу.

Сабіла знаходзіўся ў савецкіх лягерах да 1956 году – спачатку ў Падмаскоўі, потым у паўночным Казахстане, Сыбіры і Ўладзіміры.

Хутка пасьля вызваленьня ў 1957 годзе Сабіла зноў зьмешчаны ў турму ў сувязі з падаўленьнем паўстаньня ў Вугоршчыне і хваляй рэпрэсіяў супраць патэнцыйных актывістаў. Ён адбывае сямігадовае зьняволеньне ў Мардовіі, дзе збліжаецца з гуртом беларускіх палітычных вязьняў, у тым ліку Цімохам Вострыкавым, Браніславам Ржэўскім, афіцэрамі швадрону Барыса Рагулі і іншымі.

Пасьля вызваленьня ў 1964 г. Эрнст Сабіла знаходзіцца пад наглядам КГБ, савецкія спэцслужбы перашкаджаюць яму атрымліваць менскую прапіску і ўладкоўвацца на працу. У 1970 годзе ён сканчвае вечаровае аддзяленьне Менскага інстытуту замежных моваў.

З пачатку сямідзясятых гадоў Сабіла – адзін зь лідараў незарэгістраваных менскіх баптыстаў, арганізоўвае рэлігійнае жыцьцё ва ўмовах жорсткага перасьледу з боку савецкага рэжыму.

З 1988 году Эрнст Сабіла – прасьбітар Эвангельскае царквы ў Менску. Ён асьвячае першы зьезд Беларускага народнага фронту, потым выступае адным зь лідараў беларускіх хрысьціянска-дэмакратычных арганізацыяў.

Глядзі таксама