Мэдаль да стагодзьдзя БНР уручаны Надзеі Дземідовіч

Мэдаль да стагодзьдзя БНР уручаны Надзеі Дземідовіч – вэтэранцы беларускага незалежніцкага руху, вязьніцы Гулаг, удзельніцы паўстаньня вязьняў у Кенгіры, аўтаркі мэмуараў і паэзіі.

Надзея Дземідовіч нарадзілася ў 1927 годзе ў Слонімскім павеце ў беларускай нацыянальна сьвядомай сям’і. Пасьля пачатку савецкае акупацыі ў 1941 годзе яе бацька арыштаваны, але выратоўваецца з-за пачатку нямецка-савецкай вайны. У часе нямецкай акупацыі з восенi 1941 г. Дземідовіч вучылася ў Слонiмскай беларускай гiмназii, была сябрам Саюзу беларускае моладзі.

У 1944 годзе, пасьля вяртаньня савецкай адміністрацыі, у час масавых арыштаў сяброў СБМ у Слонiме яна перайшла на нелегальнае становiшча, зьехала ў Казахстан і пэўны час жыла пад чужым імём.

Да 1949 г. Дземідовіч арыштаваная савецкімі карнымі органамі, церпіць жорсткія катаваньні падчас допытаў. У выніку яна асуджаная да 25 гадоў лягераў і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Тэрмін адбывала спачатку ў Гарадзенскай турме, потым у паўночным Казахстане ў рэжымным лягеры Кенгір.

У траўні-чэрвені 1954 году Надзея Дземідовіч была ўдзельнікам Кенгiрскага паўстаньня (забастоўкі) вязьняў, якое савецкія карнікі патапілі ў крыві. Пасьля паўстаньня яна была пераведзеная ў Азёрны канцлягер у Іркуцкай вобласьці.

У 1956 годзе яна была вызваленая як цяжкахворая. Вярнуўшыся ў Беларусь, Надзея Дземідовіч працавала на гаспадарцы ў Слонімскім раёне, потым пераехала ў Менск, дзе ўладкавалася на завод “Гарызонт”. З-за свайго лягернага мінулага яна была абмежаваная ў магчымасьці выбраць месца работы. З 1977 году інвалід 2-й групы, з 1980 — 1-й.

З 1990-х гадоў Надзея Дземідовіч выступае ў друку зь вершамі і ўспамінамі. Выйшла некалькі яе кнігаў.

 

Глядзі таксама

You may also like...