Беларускія вайсковыя часткі на Румынскім фронце, 1918 год

9 студзеня 1918 г. загадам № 1332 па Румынскім фронце расейскага войска было абвешчана пра арганізацыю Беларускай вайсковай камісіі па стварэньні беларускіх вайсковых частак. Камісію ўзначаліў генэрал-маёр Пажарскі.

Да сярэдзіны снежня 1917 г. Румынскі фронт расейскага войска фактычна спыніў сваё існаваньне. Штабы фронту і армій, якія ўваходзілі ў яго склад, пераходзілі з рук у рукі паміж украінскім і бальшавісцкім камандаваньнем.

Прадстаўнікі нацыянальных партый сярод вайскоўцаў вялі моцную і пасьпяховую антыбальшавіцкую прапаганду. 30 кастрычніка (12 лістапада) 1917 г. франтавы камітэт пры падтрымцы ўкраінскіх атрадаў прыняў рашэньне аб непрызнаньні савецкай улады і адмове падпарадкоўвацца бальшавікам.

Пры падтрымцы румынскага вайсковага камандаваньня пачалася “нацыяналізацыя” расейскае арміі на Румынскім фронце: сфармаваныя па тэрытарыяльным прынцыпе беларускія адзінкі атрымлівалі статус беларускіх нацыянальных, зь іх звальняліся небеларусы, на месца якіх пераводзіліся жаўнеры-беларусы зь іншых частак.

У пачатку студзеня 1918 г. пры штабе Румынскага фронту была створаная “Нацыянальна-тэрытарыяльная дэмакратычная арганізацыя фронту”, у якую ўвайшлі камісары ад Беларусі (БНР), Украіны (УНР), армянаў, малдаўцаў, палякаў, мусульманаў, літоўцаў, эстонцаў, данскіх казакоў, грузінаў. Гэтая арганізацыя падрыхтавала загад аб нацыяналізацыі фронту, а камандуючы фронтам Шчарбачоў яго падпісаў.

Ніжэй падаем дакумэнты вайсковага камандаваньня фронту аб стварэньні беларускіх вайсковых аддзелаў (у перакладзе з расейскай мовы).

Загад расейскім войскам румынскага фронту

9 студзеня 1918 г., Нр. 1332

Гэтым апавяшчаю аб утварэньні Беларускай вайсковай камісіі для арганізацыі Беларускіх вайсковых злучэньняў на Румынскім фронце. У склад гэтай Камісіі ўвайшлі:

1. Старшыня – ген.-маёр Пажарскі
2. Сакратар – паручнік 117-га пяхотнага Яраслаўскага палка Ленчыоні
Сябры:
3. Падпалк. 4-га марскога палка Чуніхін
4. Штабс-капітан 481-га пяхотнага Мяшчэрскага палка Манцэвіч
5. Штабс-ротмістр 11-га Ізюмскага гусарскага палка Пажарскі
6. Паручнік 117-га пяхотнага Яраслаўскага палка Гаранскі
7. Старшыня франтавой Беларускай рады па назначэньню апошняй.

Вышэйменаваная Камісія разьмяшчаецца пры Штабе Фронту, куды ў выпадку патрэбы належыць зьвяртацца ўсім вайсковым чыном і ўстановам. Тэлеграфны адрас Камісіі, Штарум, Беларуская камісія.

Памочнік Аўгусьцейшага галоўнакамандуючага арміямі Румынскага фронту,
Генэрал ад інфантэрыі Шчарбачоў

***

Загад расейскім войскам Румынскага фронту

14 студзеня 1918 г. Нр. 1362

Згодна з пастановаю Камітэту нацыянальна-абласных камісараў пры штабе Румынскага фронту, загадваю: 6-ты Таўрогенскі пагранічны конны полк беларусізаваць, дзеля чаго загадам Штабу 6-й арміі сабраць усе, што ёсьць, аддзелы-эскадроны разам і расквартаваць іх у вёсках Баўгарцы і Табакі.

Прыгаданаму палку ад гэтае даты называцца: “Першым гусарскім беларускім нацыянальным палком”.

Абгрунтаваньне: Зносіны Старшыні Камітэту нацыянальна-абласных камісараў пры Штабе галоўнакамандуючага Румынскага фронту за нр. 228 і зносіны Старшыні Беларускай вайсковай камісіі для арганізацыі беларускіх вайсковых злучэньняў на Румынскім фронце за нр.1.

Памочнік Аўгусьцейшага галоўнакамандуючага арміямі Румынскага фронту,
Генэрал ад інфантэрыі Шчарбачоў

***

Загад расейскім войскам Румынскага фронту

21 студзеня 1918 г. Нр. 1399

Згодна з пастановаю Камітэту нацыянальна-абласных камісараў пры штабе Румынскага фронту, загадваю:

1. 4-ты Армейскі корпус у складзе 30-й і 40-й пяхотных дывізіяў з артылерыяй, штаб корпусу і ўсе дапаможныя адзінкі і ўстановы, 43-ю дывізію зь ейнай артылерыяй і прыдадзенымі ёй установамі і 26-ты аўтабранявы аддзел – беларусізаваць.

2. Усіх афіцэраў і жаўнераў – беларусаў загадамі Штабоў Арміяў перадаць, адпаведна: з 4-й і 6-й Арміяў у 4-ты Армейскі корпус, а з 8-й і 9-й Арміяў – у 43-ю пяхотную дывізію.

Усіх жа чыноў-небеларусаў, якія знаходзяцца ў прыгаданых злучэньнях, у выпадку іхнага жаданьня, выдзеліць і перадаць загадам штабаў 6-й і 9-й Арміяў у іншыя, не нацыяналізаваныя часткі.

Абгрунтаваньне: Зносіны старшыні Камітэту нацыянальна-абласных камісараў (КНАК) за нр.нр. 281 і 280.

Памочнік Аўгусьцейшага галоўнакамандуючага арміямі Румынскага фронту,
Генэрал ад інфантэрыі Шчарбачоў

***

Загад расейскім войскам Румынскага фронту

23 студзеня 1918 г. Нр. 1407

Загадваю 357-ю Віцебскую і 410-ю Менскую дружыны беларусізаваць.

[Магчыма, памылка. Мова, верагодна, ідзе пра большыя, а не найменшыя вайсковыя аддзелы, якімі ёсьць дружыны – рэд. “Зважай”]

Абгрунтаваньне: Зносіны Камісара ў беларускіх справах Румынскага фронту г.г. за нр. 113.

Памочнік Аўгусьцейшага галоўнакамандуючага арміямі Румынскага фронту,
Генэрал ад інфантэрыі Шчарбачоў

***

Загад расейскім войскам Румынскага фронту

2 лютага 1918 г. Нр. 1436

У дапаўненьне да загаду Расейскім войскам Румынскага фронту нр. 1309.

Загадваю: Цяпер жа прыступіць да фармаваньня Беларускай дывізіі з войскаў 4-га Армейскага корпусу. На ўкамплектаваньне вышэйзгаданай Дывізіі з Румынскага фронту прызначыць усіх беларусаў – афіцэраў і жаўнераў, прычым апошніх, пачынаючы з прызыву 1913 году і пазьней. Афіцэры і жаўнеры іншых нацыянальнасьцяў, якія выкажуць ахвоту служыць у Беларускай дывізіі, падлягаюць залічэньню ў шэрагі прыгаданай Дывізіі.

Парадак фармаваньня Дывізіі будзе дадаткова паказаны асобнымі распараджэньнямі.

Памочнік Аўгусьцейшага галоўнакамандуючага арміямі Румынскага фронту,
Генэрал ад інфантэрыі Шчарбачоў

***

Загад расейскім войскам Румынскага фронту

3 лютага 1918 г. Нр. 1442

Насуперак загаду па фронту гэтага году за нр. 1332 падаю да ведама войскам фронту:

Старшыня Беларускай вайсковай камісіі ген.-маёр Пажарскі і сакратар Камінскі і паручнік Ленчыолі выбылі, пачынаючы ад 17.1. із складу прыгаданай Камісіі ў сувязі зь пераводам іх на службу ў 7-мы Армейскі корпус. У склад Беларускай вайсковай камісіі з 24.1. г.г. увайшлі: Старшыня Камісіі генэральнага штабу падпалкоўнік Біттэнбіндэр і сябрамі Камісіі – падпалкоўнік Загароўскі і штабскапітан Гартц.

Спраўка: Зносіны Беларускага камітэту Румфронту за нр. 20 ад 30 студзеня 1918 г.

Памочнік Аўгусьцейшага галоўнакамандуючага арміямі Румынскага фронту,
Генэрал ад інфантэрыі Шчарбачоў

***

Выпіска. Журнальнае пастанаўленьне Рады Міністраў Малдаўскай Рэспублікі ад 5 лютага 1918 г.

Слухалі: Даклад: 8) Захады прадстаўніка ген. Шчарбачова аб дазволе на фармаваньне бяз зброі Беларускіх вайсковых злучэньняў у межах Малдаўскай Рэспублікі.

Пастанавілі: Урад Малдаўскай Рэспублікі не сустракае прынцыповых перашкодаў на дазвол аб фармаваньні на тэрыторыі Малдаўскай Рэспублікі Беларускіх вайсковых злучэньняў бяз зброі і прапануе тым, што фармуюцца, у пытаньнях харчу зьвязацца з аддзелам харчаваньня пры Міністэрстве ўнутраных справаў і Міждзяржаўнай харчовай камісіяй. Месца і падрабязнасьці фармаваньня павінны быць выпрацаваныя ў згодзе з Вайсковым міністрам і румынскім камандаваньнем.

Праўдзіва. За кіраўніка справамі Рады міністраў (подпіс)

***

Загад расейскім войскам Румынскага фронту

11 лютага 1918 г. Нр. 1475

Для фармаваньня з часьцей войскаў 4-га Армейскага корпусу Беларускай пяхотнай дывізіі, загадваю адразу ж прыступіць да расфармаваньня штабу гэтага корпусу, яго ўпраўленьняў, установаў і майстэрняў і ўсіх злучэньняў, што знаходзяцца пры прыгаданым корпусе, а таксама 30-ю і 40-ю пяхотныя дывізіі з іхнымі штабамі, установамі, артылерыяй і прыдаткамі да гэных часьцей.

Пры расфармаваньні кіравацца дадзенымі ўжо ў гэтак справе паказаньнямі. Расфармаваньне скончыць да 25.2.1918 г., спыняючы ад гэтае даты выдаваньне ўсякага гатунку надобы.

Аб расфармаваньні паведаміць мне.

Спраўка: Загады расейскім войскам Румынскага фронту ад 21 студзеня нр: 1399 і ад 2.2.1918 г. за нр. 1436.

Памочнік Аўгусьцейшага галоўнакамандуючага арміямі Румынскага фронту,
Генэрал ад інфантэрыі Шчарбачоў

(Публікуецца паводле “Зважай”, Нр. 3 (55), верасень 1989 г. )