Сьвяткаваньне 25 сакавіка з удзелам уладаў ЗША і прадстаўнікоў дыяспараў – 1957 г.

У час пасьля Другой сусьветнай вайны 25 сакавіка як Дзень незалежнасьці Беларусі шырока адзначаўся ў краінах вольнага сьвету, у тым ліку ў Злучаных Штатах, з удзелам найвышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва.

Прыкладам, у 1957 годзе Дзень незалежнасьці Беларусі быў адзначаны на паседжаньні Кангрэсу ЗША. У беларускіх сьвяточных мерапрыемствах у розных гарадах бралі ўдзел прадстаўнікі гарадзкіх і рэгіянальных уладаў, кангрэсмэны і сэнатары, прадстаўнікі нацыянальных дыяспараў. Былі атрыманыя віншаваньні ад губэрнатара і мэра Нью-Ёрка, мэра Дэтройта, некалькіх сэнатараў і кангрэсмэнаў. Дзень незалежнасьці Беларусі быў афіцыйна абвешчаны ў штатах Нью-Джэрсі, Мічыган, Ілінойс.

Ніжэй падаем артыкул з газэты “Беларус” ад чэрвеня 1957 г.

Сьвята 25 сакавіка 1957 г.

Ад колькі ўжо гадоў у Амэрыканскім Кангрэсе адзначаецца штогоду дзень незалежнасьці Беларусі. Сёлета гэты дзень быў асабліва ўрачыста адцемлены адмысловаю малітваю Ўладыкі Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы, архіепіскапа Васіля, малітваю за Беларусь, за Амэрыку, за волю ўсім народам сьвету. Малітваю гэтаю Ўладыка Васіль адкрыў паседжаньне Амэрыканскага Кангрэсу ў Вашынгтоне 21 сакавіка.

З амэрыканцаў сваё асьветчаньне склаў сёлета ў Кангрэсе ЗША з нагоды дня незалежнасьці Беларусі кангрэсмэн зь Мічыгану Дж. Д. Дынгел (J. D. Dingell). Асьветчаньне гэтае надрукаванае ў Кангрэсавым рэкордзе І сэсіі 85. Кангрэсу ЗША пад загалоўкам “Угодкі незалежнасьці Беларусі” (Vol. 103, No 54, бал. А 2540).

Адзначыўшы напачатку, што “геаграфічнае палажэньне Беларусі наканавала гісторыю яе”, кангрэсмэн Дынгел каротка прадставіў змаганьне беларускага народу ў 1917 – 1920 гадах за волю й сваю дзяржаўнасьць, абвешчаньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году ў Менску й пазьнейшае зьнішчэньне гэтае незалежнасьці перавагаю расейска-бальшавіцкае сілы.

У канцы свайго асьветчаньня кангрэсэн Дынгел сказаў: “Памеры савецкага народагубства ў Беларусі нечуваныя. Аблічана, што ад пачатку савецкай акупацыі зьнішчана больш за 4,5 мільёны беларусаў. Крэмль добра ўсьведамляў, што хоць беларускі народ і быў стагодзьдзямі паняволены, ён усё ж здолеў захаваць сваю нацыянальную самабытнасьць. І дзеля гэтага, каб забясьпечыць сваё панаваньне над гэтым гераічным народам, камуністы наважыліся дашчэнту вынішчыць беларускае нацыянальнае пачуцьцё дый падмяніць яго савецкаю культурай.

Цягам апошніх 39 гадоў беларускі народ цярпеў пад нялюдзкім савецкім тэрорам. І тым ня меней, камунізма ён добраахвотна ніколі не ўспрыняў. Нясупынным пасіўным супрацівам ды актамі сабатажу гэты гераічны народ выказаў сваё сапраўднае пачуцьцё да чырвонага рэжыму. Прага волі ў яго ніколі ня згасла. Пакуль ёсьць надзея, дух свабоды не замрэ ў беларускіх сэрцах.

Дзеля гэтага трэба, каб ва ўгодкі незалежнасьці Беларусі вольны сьвет падмацаваў гэтую надзею сваёю зарукаю таго, што няўгаснае імкненьне да свабоды абавякова зьнішчыць чужое панаваньне.

І будзе добра, калі з гэтай нагоды і амэрыканскі народ пацьвердзіць народу беларускаму, што мы не забыліся на яго дый што нашае сумленьне не супакоіцца да таго часу, пакуль беларусы ня стануцца вольнымі”.

Сьвяткаваньне ў Нью-Ёрку

39-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі сьвяткаваліся ў Нью-Ёрку асабліва ўрачыста й прадстаўніча.

На адным зь нью-ёрцкіх радыё прагучала адмысловая перадача пра Беларусь і яе барацьбу за незалежнасьць. Архіепіскап БАПЦ Васіль адслужыў сьвяточнае набажэнства з удзелам беларусаў з Саўт-Рывэру, Нью-Брансьвіку, Стэмфарду, Спрынгвілду.

На ўрачыстай імпрэзе, якую вёў старшыня аддзелу БАЗА Кастусь Мерляк, выступілі з прывітаньнямі і прамовамі:

Старшыня Рады гораду Нью-Ёрку Джон П. Морысэй,

Кангрэсмэн Фрэнсыс Э. Дорн зь Нью-Ёрку,

Судзьдзя Арманд А. Ротман, прадстаўнік амэрыканскіх вэтэранаў замежных войнаў,

Амбасадар Джэймс Генры Робэрт Кромвэл, актыўны сябра групы амэрыканцаў, якія выступаюць за палітыку актыўнага вызваленьня народаў, паняволеных Савецкай Расеяй.

Выступаў таксама з прамовай сталы прадстаўнік Кітайскай Рэспублікі ў ААН і сябра Рады бясьпекі ААН доктар Тынг-фу Ф. Тсянг. Ягоная прамова адзначалася трапнаю ацэнкай бальшавіцкае палітыкі, якая выкарыстоўвае перабольшаны страх на Захадзе перад бальшавіцкай сілай.

Ад Лігі вызваленьня народаў СССР (“Парыскі блёк”) з прывітаньнем выступіў сп. Глазкоў.

Ад іншых нацыянальнасьцяў на акадэміі былі:

Прафэсар І. Палівода, прадстаўнік Украінскай нацыянальнай рады,

Палкоўнік В. Рыбак, прадстаўнік Украінскага кангрэсавага камітэту,

Сп. Ерэменка, старшыня Казацкага саюзу ў Амэрыцы,

Сп. Балько ад Каталіцкай фэдэрацыі славакаў у Амэрыцы,

Сп. Д. Тагібэрлі, прадстаўнік ад туркестанцаў,

Сп. Р. Райхтэрцэр ад Амэрыканска-харвацкага задзіночаьня,

Сп. Гарутунян ад Амэрыканскага камітэту вызваленьня Армэніі,

Сп. Р. Марыновіч, кіраўнік украінскіх радыёперадачаў,

Сп. Ф. Дуруты, генэральны сакратар Дэмакратычнага саюзу Цэнтральна-ўсходняе Эўропы.

На жаль, прадстаўнікам іншых нацыянальнасьцяў не было часу на выступленьні.

Сёлетні дзень 25 сакавіка быў прагалошаны Днём беларускае незалежнасьці і губэрнатарам штату Нью-Ёрк сп. Гарыманам і мэрам гораду Нью-Ёрка сп. Робэртам Вагнэрам. Апрача таго, Дзень незалежнасьці Беларусі быў прагалошаны ў штатах Нью-Джэрсі, Мічыган, Ілінойс.

Пасьля прачытаньня праклямацыяў Дня беларускай незалежнасьці й прывітаньняў ад некаторых кангрэсмэнаў і сэнатараў, а таксама прадстаўнікоў іншых народаў – у тым ліку й ахвяры нядаўняй страшнай трагедыі вугорскага народу – і розных беларускіх арганізацыяў у Амэрыцы і іншых частках сьвету, акадэмія скончылася сьпяваньнем беларускага нацыянальнага гімну.

Пра сьвяткаваньне выйшлі паведамленьні ў амэрыканскіх і нацыянальных СМІ.

Сьвяткаваньне ў Дэтройце

На мерапрыемстве зачытаная праклямацыя губэрнатара штату Г. Мэнэн Вільямса (G. Mennen Williams), які абвесьціў дзень 25 сакавіка Днём Беларускай Народнай Рэспублікі ў штаце Мічыган і заклікаў усіх грамадзянаў штату аказаць маральную падтрымку беларусам, якія ў няроўнай барацьбе змагаюцца супраць камуністычнай дыктатуры.

З прамоваю выступіў кангрэсмэн Джон Лесінскі. Ён падкрэсьліў значэньне барацьбы паняволеных чырвонай Масквою народаў і адзначыў, што апошнія падзеі на Вугоршчыне ёсьць ясным довадам, што канцэпцыя суіснаваньня дэмакратычных дзяржаваў з камуністычным таталітарызмам – гэта наскрозь фальшывая дактрына, якая вядзе заходні сьвет на вельмі небясьпечны шлях.

Былі зачытаныя прывітаньні ад сэнатараў Патрыка МакНамары (Patric McNamara) і Чарльза Потэра (Charles E. Potter), кангрэсмэнаў Тадэуса Махровіча (Thaddeus M. Machrowicz), Джона Дынгела (John D. Dingell), Алвіна М. Бэнтлі (Alvin M. Bentley) і мэра гораду Дэтройта Албэрта Э. Кобо (Albert E. Cobo).

Ад беларускіх арганізацый віталі Аддзел БАЗА ў Дэтройце Галоўная ўправа БАЗА ў Нью-Ёрку і сп. Янка Чарапук, былы Міністар надзвычайных справаў Міністэрства замежных справаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Акадэмію таксама наведалі прадстаўнікі грамадаў вугорцаў, армянаў, харватаў, эстонцаў, латышоў і ўкраінцаў.

Крыніца: “Беларус”, 30 чэрвеня 1957 г., Год VIII, №60