ЗАБАРОНА СЬЦЯГА ПРАДЭМАНСТРУЕ СТРАХ РЭЖЫМА ЛУКАШЭНКІ ПЕРАД БЕЛАРУСКІМ НАРОДАМ

Рада БНР выказвае абурэньне намерам аўтарытарнага рэжыма Аляксандра Лукашэнкі афіцыйна забараніць выкарыстаньне беларускага бел-чырвона-белага сьцяга.

Бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца галоўным беларускім нацыянальным сымбалем і, бясспрэчна, ізноў будзе дзяржаўным сьцягам дэмакратычнай справядлівай Беларусі. Ніякія распараджэньні незаконнай улады ня змогуць адняць гэты сьцяг у беларускага народа.

Бел-чырвона-белы сьцяг – адзіны легітымны сьцяг Беларусі і ўсіх беларусаў, незалежна ад роднай мовы і палітычных поглядаў.

Пад гэтым сьцягам Беларусь упершыню абвесьціла пра свой дзяржаўны сувэрэнітэт у 1918 годзе і здабыла незалежнасьць у 1991 годзе, роўна трыццаць год таму. Пад гэтым сьцягам адчыніліся першыя амбасады Беларусі ў сьвеце, а беларускія спартоўцы ўпершыню выступілі на Алімпійскіх гульнях ад імя незалежнай Рэспублікі Беларусь.

У 2020 годзе сотні тысячаў беларусаў выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў пад бел-чырвона-белым сьцягам. Яны выйшлі за сваю годнасьць, за свабоду і справядлівасьць – супраць тыраніі, страху, нянавісьці і хлусьні, якія ўвасабляе чырвона-зялёны сьцяг.

Размовамі пра забарону беларускага сьцяга рэжым былога прэзыдэнта Лукашэнкі ў чарговы раз праяўляе сваю антыбеларускую і акупацыйную сутнасьць, сваю нянавісьць да беларусаў.

Адзіная прычына магчымай спробы забароны сьцяга – страх дыктатарскага рэжыму перад беларускім народам, які падняў сваю галаву. Страх перад сотнямі тысячаў свабодных і годных людзей, якія адчулі сябе гаспадарамі на сваёй Бацькаўшчыне.

Ніякія забароны ня выратавалі савецкі рэжым, трыццацігодзьдзе скону якога сёлета адзначаюць усе краіны нашага рэгіёну і ўвесь свабодны сьвет. Ніякія забароны і ніякія рэпрэсіі ня выратуюць рэжым А. Лукашэнкі ад непазьбежнага канцу і непазьбежнага справядлівага суду.

You may also like...