Tag Archives: Дзень Волі

Віншаваньне з угодкамі БНР ад Кангрэсу ЗША – 2.4.1978

У 1978 годзе Кангрэс ЗША з падачы кангрэсвуман М.Р. Оўкар выдаў афіцыйнае віншаваньне беларускай грамадзе з 60-годзьдзем абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Continue reading Віншаваньне з угодкамі БНР ад Кангрэсу ЗША – 2.4.1978

РАДА БНР АСУДЖАЕ ГВАЛТ СУПРАЦЬ ДЭМАНСТРАНТАЎ, ЗАКЛІКАЕ ЎЖЫЦЬ ПАЛІТЫЧНЫ І ЭКАНАМІЧНЫ ЦІСК НА ПРОРАСЕЙСКІ РЭЖЫМ У МЕНСКУ – ЗАЯВА

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі рашуча асуджае гвалтоўныя дзеяньні сілавых структураў лукашэнкаўскага рэжыму супраць грамадзянаў падчас мірных дэманстрацыяў 25 сакавіка 2017 году.

Continue reading РАДА БНР АСУДЖАЕ ГВАЛТ СУПРАЦЬ ДЭМАНСТРАНТАЎ, ЗАКЛІКАЕ ЎЖЫЦЬ ПАЛІТЫЧНЫ І ЭКАНАМІЧНЫ ЦІСК НА ПРОРАСЕЙСКІ РЭЖЫМ У МЕНСКУ – ЗАЯВА

Віншаваньне з Днём Волі ад прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша (старэйшага) – 1989

Афіцыйнае віншаваньне з гадавінай абвяшчэньня незалежнасьці БНР ад прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша (старэйшага), 1989 г.

БЕЛЫ ДОМ
ВАШЫНГТОН

31 сакавіка 1989 г.

Я рады вітаць усіх, хто разам зь Беларускім Каардынацыйным Камітэтам ушаноўвае 71-я ўгодкі Беларускай Незалежнасьці.

Адзначаючы гэтую падзею, мы ўшаноўваем багатую нацыянальную спадчыну, якою Беларусь дзялілася са сьветам на працягу стагодзьдзяў. Мы сьвядомыя таго, што нельга згасіць людзкую прагу да свабоды нават дзесяцігодзьдзямі часу. Я ўхваляю вас у вашых намаганьнях трымаць нядолю беларусаў перад увагаю амэрыканцаў, якім пашасьціла жыць у свабодным грамадзтве.

Continue reading Віншаваньне з Днём Волі ад прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша (старэйшага) – 1989

Рональд Рэйган: “Божа, блаславі Беларусь” – віншаваньне з Днём Волі, 1988 г.

Афіцыйнае віншаваньне з 70-мі ўгодкамі абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ад прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана, 1988 г.

БЕЛЫ ДОМ
ВАШЫНГТОН

24 сакавіка 1988 г.

Сардэчныя прывітаньні амэрыканскім беларусам і ўсім, хто адзначае 70-я ўгодкі Беларускае Незалежнасьці. Адзначэньнем гэтых угодкаў ушаноўваецца ўпартасьць беларусаў у сваім жаданьні жыць у свабодзе й незалежнасьці. Таксама гэта ўшанаваньне гордае і старажытнае спадчыны, дзеля захаваньня якое вы робіце так шмат.

Continue reading Рональд Рэйган: “Божа, блаславі Беларусь” – віншаваньне з Днём Волі, 1988 г.

Зварот Старшыні Рады БНР да беларускага народу з нагоды Дня Волі

Шаноўныя суродзічы, дарагія сябры беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам! У гэты дзень, 25 сакавіка 1918 г., пасьля доўгай няволі, калі вонкавы сьвет забыўся пра нашае існаваньне, народ наш заявіў, што хоча жыць у сваёй незалежнай дзяржаве.

Давялося чакаць яшчэ больш як сем дзесяцігодзьдзяў, пакуль Беларусь сталася ўсімі прызнанай дзяржавай, але калі б не было ў сакавіку 1918 году людзей, якія моцна верылі ў сваё права быць вольнымі на сваёй зямлі, – не здабылі б мы ў жніўні 1991-га сваёй дзяржавы.

Дарагія сябры, праз год, 25 сакавіка 2018 г., мы адзначым 100–гадовы юбілей абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У нармальнай дэмакратычнай краіне, дзяржава рыхтавалася б да вялікага сьвята – але цяпер, на жаль, настрой не сьвяточны. У гэтым 2017 годзе наш край ізноў апынуўся пад пагрозай быць зьняволеным тым самым захопнікам.   Разьвіцьцё апошнім часам падзеяў вельмі трывожнае. Перад мілітарызацыяй нашай зямлі расейскімі базамі і манэўрамі з удзелам тысячаў расейскіх вайскоўцаў, Беларусь успрымаецца Захадам верным саюзьнікам Масквы, і падзел паміж двума сьветамі пакідае нас штораз часьцей на баку варожай нам імпэрыі. У выпадку вайны наш народ ізноў зробіцца першай яе ахвярай.

Зьвяртаюся сёньня да беларускага народу, у Беларусі і ўва ўсім сьвеце. Гэтак, як нашая гераічная моладзь, якая нядаўна бараніла Курапаты, скажыце ўсяму сьвету і прамаскоўскім хаўрусьнікам у Менску, што беларускі народ не зьбіраецца ізноў паміраць за чужыя імпэрыі, што край наш выбраў нэўтралітэт, калі ён меў магчымасьць выказаць сваю волю, і што ён быў уцягнуты ў варожую нам Эўразійскую зону, нягледзячы на гэтае жаданьне, выказанае ў Канстытуцыі.

У гэты вельмі неспакойны час, калі кожная дзяржава мае свае ўласныя клопаты і ня мае часу прыслухоўвацца да чужых праблемаў, цяжка пераканаць тых, хто гэтага ня ведае, што мілітарныя базы на сваёй зямлі мы ўспрымаем – як пагрозу незалежнасьці нашай дзяржавы.

Аднак пра гэта трэба гаварыць, трэба пісаць усім нам як індывідуальна, гэтак і калектыўна, ад імя беларускіх арганізацыяў, звароты да ўрадаў краінаў, дзе мы пражываем. Трэба рабіць усё магчымае, каб нас бачылі, каб нас чулі, каб ведалі, што народ наш ізноў пад пагрозай з боку суседа, злачынную небясьпеку якога сьвет нарэшце зразумеў. Трэба, каб лінія абароны Эўропы праходзіла ня ўздоўж зяходняй мяжы Беларусі з Эўразьвязам, а ўздоўж мяжы ўсходняй – з Расеяй.

Дарагія мае суродзічы на Бацькаўшчыне, трэба, каб вы таксама заявілі сьвету, што вы ізноў быць калёніяй Масквы не зьбіраецеся. З сумам канстатую, што трэба быць героем, каб у Беларусі змагацца за волю нашай зямлі. З глыбіні сэрца віншую тых, хто гэта штодзённа робіць. Сьвет пра вашае змаганьне ведае. Воля і Незалежнасьць Беларусі, у першую чаргу – у вашых руках!

Жыве Беларусь!

 

Івонка Сурвілла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сакавік, 2017 г.

Мэр Нью-Ёрка абвесьціў 25 сакавіка Днём Незалежнасьці Беларусі ў сваім горадзе – 1957 г.

Дзякуючы намаганьням беларускай дыяспары ў ЗША па папулярызацыі інфармацыі пра Беларусь сярод уплывовых колаў ЗША мэр найбуйнейшага гораду Амэрыкі афіцыйна абвесьціў 25 сакавіка 1957 г. Днём Незалежнасьці Беларусі ў Нью-Ёрку і запрасіў жыхароў гораду “далучыцца да грамадзянаў беларускага паходжаньня ў малітвах за мір, свабоду й справядлівасьць у сьвеце”

Ніжэй тэкст афіцыйнай Праклямацыі, якую выдала мэрыя Нью-Ёрку.

 

Continue reading Мэр Нью-Ёрка абвесьціў 25 сакавіка Днём Незалежнасьці Беларусі ў сваім горадзе – 1957 г.

Дзень Беларускай Незалежнасьці – афіцыйная праклямацыя мэра Нью-Ёрка, 1995 г.

Афіцыйная праклямацыя мэра Нью-Ёрка Рудольфа Джуліяні аб абвяшчэньні Дня Беларускай Незалежнасьці ў Нью-Ёрку з нагоды Дня Волі, 1995 год.

OFFICE OF THE MAYOR
CITY OF NEW YORK

PROCLAMATION

Continue reading Дзень Беларускай Незалежнасьці – афіцыйная праклямацыя мэра Нью-Ёрка, 1995 г.

Віншаваньне з Днём Волі ад прэзыдэнта ЗША Дуайта Айзэнгаўэра – 1958

З нагоды 40-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі Прэзыдэнт ЗША Айзэнгаўэр перадаў на рукі старшыні Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Кастуся Мерляка прывітаньне наступнага зьместу:

БЕЛЫ ДОМ
ВАШЫНГТОН
АСЫСТЭНТ ПРЭЗЫДЭНТА

15 сакавіка 1958 г.

Паважаны пане Мерляк,

Прэзыдэнт папрасіў мяне перадаць Вам, а таксама членам і сябрам Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, ягоныя віншаваньні і найлепшыя пажаданьні посьпеху Вашай грамадзе.

Ініцыятыўны дух і багатыя навыкі грамадзянаў беларускага паходжаньня зрабілі істотны ўнёсак у веліч нашае краіны.

Хаця сёлетняе сьвяткаваньне адбываецца ў пэрыяд міру, неабходна заўжды быць гатовымі перад небясьпекамі, якія пагражаюць міру ў цяперашнім неспакойным сьвеце. У намаганьнях захаваць нашую краіну моцнай і гатовай, мы ведаем, што нашыя грамадзяне беларускага паходжаньня робяць сваю важную долю працы.

з павагаю,
Шэрман Адамс

Continue reading Віншаваньне з Днём Волі ад прэзыдэнта ЗША Дуайта Айзэнгаўэра – 1958

ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ДА ДНЯ ВОЛІ – 2016

Дарагія суродзічы,

98 гадоў таму – ранічкай 25 сакавіка 1918-га – на нашай зямлі адбыўся цуд: паняволены, зьняможаны вайной беларускі народ заявіў, што “ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай вольнай дзяржавай”.

Сёньня Беларусь жыве!

Жыве, дзякуючы рашучасьці нашых продкаў у 1918-м годзе, але таксама дзякуючы жыцьцяздольнасьці кожнага з нас!

Дваццатае стагодзьдзе было адным з найстрашнейшых у гісторыі чалавецтва, і асабліва моцна пацярпеў наш край. Мы вытрымалі дзьве чужыя вайны, шматлікія спробы генацыду нашага народу – высылкі, расстрэды, дыктатуры, выгнаньне траціны нашага народу ў замежжа.

Чужакі нішчылі нашую прыгожую мову, нашую шматвяковую культуру, нашую веру, нашае пачуцьцё годнасьці. Нягледзячы на ўсё гэта, мы выжылі. Мы жывём, і жыве Беларусь!
Дарагія суродзічы, прыпамінаю цяжкія часы, каб вы не зьнеахвоціліся.

Калі мы часам робімся больш асьцярожнымі, ці памяркоўнымі, гэта таму, што адчуваем, што надыходзяць цяжкія часы, і нам трэба іх перажыць.

Сёньня, аднак, хачу яшчэ раз выказаць вам сваю веру, што мы дасягнем тае лепшай будучыні, пра якую мы марым. Пацьверджаньне нашай моцы бачым у зусім нядаўняй гісторыі – калі 25 жніўня 1991 году беларусы здолелі скарыстаць шанец і аднавілі Незалежнасьць, зьдзейсьніўшы мару пакаленьняў. І вось ужо чвэрць стагодзьдзя наш край незалежны –  але ўсё яшчэ не свабодны.

Прыйдзе час, калі будзем сапраўды той незалежнай, вольнай дзяржавай, пра якую гаварылі нашыя Дзяды, калі наш кай далучыцца да сям’і заможных і паважаных эўрапейскіх народаў. Мы даказалі, што мы вартыя гэтай павагі.

Жадаю вам сёньня мужнасьці і вытрываласьці. Мы яшчэ пабачымся у вольнай Беларусі. Моцна веру ў гэта, і хачу, каб кожны з вас у гэта верыў.

Жыве Беларусь!

 

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Сакавік 2016