Пытаньні і адказы

Чым займаецца Рада БНР?

Паводле Статуту Рады, “асноўная мэта і заданьне Рады БНР — перахаваньне і выкананьне волі беларускага народу‚ выказанай у Акце 25 Сакавіка 1918 г.‚ а гэта — адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасьці”. Рада аб’ядноўвае прыхільнікаў незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, праводзіць і падтрымлівае ініцыятывы, скіраваныя на ўмацаваньне незалежнасьці Беларусі і яе трансфармацыю ў прававую і дэмакратычную дзяржаву.

Як фінансуецца праца Рады?

Праца Рады фінансуецца пераважна з унёскаў беларускае дыяспары і сяброўскіх складак, якія плацяць радныя.

Якой ідэалёгіі прытрымліваецца Рада БНР?

Ключавымі каштоўнасьцямі, якімі кіруецца Рада БНР, зьяўляюцца нацыянальная і дзяржаўная незалежнасьць Беларусі і дэмакратычны дзяржаўны лад. Рада БНР не зьяўляецца палітычнай партыяй і была ўтвораная ў 1917 годзе ў якасьці калегіяльнага рэпрэзэнтатыўнага органа, дзе былі прадстаўленыя розныя палітычныя сілы. Яна стаіць па-над ідэалягічнымі спрэчкамі і партыйнай палітыкаю.

Ці прэтэндуе Рада БНР на ўладу ў Рэспубліцы Беларусь?

Па стану на сёньняшні дзень Рада БНР не зьяўляецца ўдзельнікам унутранай палітыкі Беларусі. Рада бачыць сваёй задачаю спрыяньне дэмакратычным пераўтварэньням у Беларусі, а таксама забесьпячэньне незалежнасьці Беларусі. Пасьля ўсталяваньня ў Беларусі дэмакратычнага дзяржаўнага ладу і пры ўмовах адсутнасьці пагрозаў незалежнасьці Беларусі Рада БНР перадасьць свае паўнамоцтвы дэмакратычным уладам Беларусі.

Чаму Івонка Сурвілла не прыязджае ў Беларусь?

Рада БНР мае статус найвышэйшага органу дзяржаўнае ўлады Беларускае Народнае Рэспублікі ў выгнаньні. Зважаючы на гэты статус, Старшыня Рады БНР не наведвае Беларусь без афіцыйнага запрашэньня дзеючых уладаў Рэспублікі Беларусь, накіраванага Старшыні Рады БНР у яго/яе афіцыйнай якасьці. Гэта тычыцца таксама сытуацыі, калі Старшыню не патрэбная віза для прыезду ў Беларусь. Старшыня Язэп Сажыч наведваў Беларусь у 1993 годзе па афіцыйным запрашэньні ўладаў Рэспублікі Беларусь у афіцыйным статусе Старшыні Рады БНР.

Ці можна атрымаць пашпарт БНР?

Паводле Закону аб Грамадзянстве БНР ад 19 сьнежня 1919 г. беларускім грамадзянінам лічылася кожная асоба, якая да 1914 года была прыпісаная да тэрыторыі Беларусі (у межах Беларускай Народнай Рэспублікі) і карысталася правам расейскага падданства. Грамадзяне гэтай катэгорыі залічваліся ў беларускае грамадзянства аўтаматычна і павінны былі неадкладна атрымаць нацыянальныя пашпарты.

Сучасная Рада БНР больш не займаецца выдачаю пашпартоў. Але нашчадкі пазначаных вышэй асобаў, а таксама ўсе грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія падзяляюць ідэалы дэмакратычнай і незалежнай Беларусі, маюць права дэкляраваць сябе грамадзянамі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Як зрабіцца радным БНР?

З Статуту Рады БНР:

§7. Рада БНР складаецца з радных‚ лікам ня больш як 80. Радных прапануюць пісьмова беларускія палітычныя і грамадзкія арганізацыі‚ верныя Акту 25 Сакавіка‚ а таксама і незарганізаваныя групы беларусаў-незалежнікаў у ліку найменш 5 асобаў. Кожнага новага сябру павінны пісьмова рэкамэндаваць 2 сябры Рады БНР. Прапанова аб прыняцьці кандыдата ў сябры Рады БНР высылаецца‚ разам з рэкамэндацыямі‚ на разгляд Старшыні або Прэзыдыюму Рады БНР. Ухваленыя кандыдатуры зацьвярджаюцца Сэсіяй Рады БНР. У выпадку надзвычайнай патрэбы ўхвалены кандыдат можа быць зацьверджаны Прэзыдыюмам Рады БНР.

§8. Зацьверджаныя Сэсіяй альбо Прэзыдыюмам Рады БНР кандыдаты абавязаныя на працягу трох месяцаў скласьці пісьмова прысягу на рукі Старшыні Рады БНР, або ўпаўнаважанай ім асобы, наступнага зьместу:

«Я‚ сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі‚ урачыста прысягаю перад Богам і Беларускім Народам‚ што буду непахісна стаяць на прынцыпах Акту 25 Сакавіка‚ дзеяць у кірунку ўжыцьцяўленьня яго‚ падпарадкавацца ўсім пастановам‚ прынятым Радаю БНР і ейным Прэзыдыюмам ды сьвята захоўваць усе тайніцы Рады БНР».

Толькі пасьля злажэньня пісьмовай прысягі кандыдат робіцца сябрам Рады БНР. Новыя сябры Рады БНР таксама складаюць традыцыйную вусную прысягу на наступнай сэсіі Рады БНР.

Як дапамагчы працы Рады?

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі мае скласьці свой мандат пасьля таго, як будзе гарантаваная дэмакратыя і незалежнасьць Беларусі. Усе дзеяньні, якія спрыяюць замацаваньню незалежнасьці Беларусі і ўсталяваньню сапраўднага дэмакратычнага дзяржаўнага ладу, дапамагаюць Радзе выканаць сваю місію. Падрабязьней пра спосабы, як можна дапамагчы Радзе, вы знойдзеце тут.