Устаўныя Граматы Рады БНР

Тры Ўстаўныя Граматы, прынятыя Выканаўчым Камітэтам Рады Ўсебеларускага Зьезду (Радай БНР) у лютым і сакавіку 1918 г. – галоўныя дакумэнты, у якіх абвяшчалася воля беларускага народу адносна сваёй нацыянальна-дзяржаўнай будучыні. У Першай, Другой і Трэцяй Устаўных Граматах сфармуляваныя галоўныя прыярытэты і каштоўнасьці, на якіх па сёньняшні дзень грунтуецца дзейнасьць Рады БНР.

Першая Ўстаўная Грамата да народаў Беларусі

Прынятая 21 лютага 1918 г., на наступны дзень пасьля стварэньня першага беларускага ўраду (Народнага Сакратарыята). У Грамаце абвяшчалася пра асноўныя мэты і накірункі працы беларускага руху ў тагачасных умовах: “Мы павінны ўзяць свой лёс ва ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне‚ а нацыянальныя меншасьці – на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Правы нацыі павінны знайсьці сваё зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму.”

Другая Ўстаўная Грамата да народаў Беларусі

Прынятая 9 сакавіка 1918 года. Беларусь абвяшчалася Народнай рэспублікай, жыхарам якой гарантуюцца асноўныя правы чалавека.

Трэцяя Ўстаўная Грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Прынятая 25 сакавіка 1918 г. Паводле яе Беларусь упершыню ў найноўшай гісторыі абвяшчалася незалежнай і вольнай дзяржавай. Дзень прыняцьця Трэцяй Устаўной Граматы сьвяткуецца беларусамі па ўсім сьвеце як Дзень Незалежнасьці (ад 90-х гадоў таксама вядомы як Дзень Волі).

Rada of the Belarusian Democratic Republic. Official website