Статут Рады БНР

Статут Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

I. ПАЎНАМОЦТВЫ‚ МЭТЫ І ЗАДАНЬНІ

§1. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) — найвышэйшая ўстанова і адзінае праўнае прадстаўніцтва сувэрэнных правоў беларускага народу‚ выяўленых у праватворчым Акце 25 Сакавіка 1918 г.‚ зафіксаваным Трэцяй Устаўной Граматай БНР. Рада БНР выконвае функцыі дзяржаўнага заканадаўчага органу і ўраду ў выгнаньні.

§2. Правы Рады БНР вынікаюць зь неабмежаных паўнамоцтваў‚ дадзеных Усебеларускім Зьездам (Кангрэсам) Радзе Зьезду , як свайму найважнейшаму органу, 31 сьнежня 1917 г. Пасьля фармальнага абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі 9 сакавіка 1918 г. Другой Устаўной Граматай, Рада Ўсебеларускага Зьезду перадала свае паўнамоцтвы Радзе БНР. Старшыня Рады БНР Васіль Захарка перадаў іх у 1943 годзе тэстамэнтальна Міколу Абрамчыку, зь ініцыятывы якога дзейнасьць Рады БНР у экзылі была адноўленая ў сьнежні 1947 г.

§3. Паўнамоцтвы гэтыя трываюць‚ згодна з пастановай Усебеларускага Зьезду (Кангрэсу) 1917 г.‚ да часу вольных выбараў Устаноўчага Сойму ў незалежнай БНР.

§4. Асноўная мэта і заданьне Рады БНР — перахаваньне і выкананьне волі беларускага народу‚ выказанай у Акце 25 Сакавіка 1918 г.‚ а гэта — адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасьці на ўсіх беларускіх землях усімі магчымымі і даступнымі спосабамі і дарогамі.

§5. Выкананьне заданьняў Рады БНР рэалізуецца празь дзейнасьць ейных органаў‚ да якіх належаць:

Сэсія Рады БНР.
Прэзыдыюм Рады БНР на чале з Старшынём Рады БНР.
Сакратарыят Рады БНР.
Кантроль Рады БНР.
Суд Рады БНР.

§6. Пры перакладах у іншыя мовы словы Народная Рэспубліка перакладаюцца як Дэмакратычная Рэспубліка, а слова Старшыня як Прэзыдэнт.

II. СЯБРОЎСТВА Ў РАДЗЕ БНР

§7. Рада БНР складаецца зь радных‚ лікам ня больш як 80. Радных прапануюць пісьмова беларускія палітычныя і грамадзкія арганізацыі‚ верныя Акту 25 Сакавіка‚ а таксама і незарганізаваныя групы беларусаў-незалежнікаў у ліку найменш 5 асобаў. Кожнага новага сябру павінны пісьмова рэкамэндаваць 2 сябры Рады БНР. Прапанова аб прыняцьці кандыдата ў сябры Рады БНР высылаецца‚ разам з рэкамэндацыямі‚ на разгляд Старшыні або Прэзыдыюму Рады БНР. Ухваленыя кандыдатуры зацьвярджаюцца Сэсіяй Рады БНР. У выпадку надзвычайнай патрэбы ўхвалены кандыдат можа быць зацьверджаны Прэзыдыюмам Рады БНР.

§8. Зацьверджаныя Сэсіяй альбо Прэзыдыюмам Рады БНР кандыдаты абавязаныя на працягу трох месяцаў скласьці пісьмова прысягу на рукі Старшыні Рады БНР, або ўпаўнаважанай ім асобы, наступнага зьместу:

«Я‚ сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі‚ урачыста прысягаю перад Богам і Беларускім Народам‚ што буду непахісна стаяць на прынцыпах Акту 25 Сакавіка‚ дзеяць у кірунку ўжыцьцяўленьня яго‚ падпарадкавацца ўсім пастановам‚ прынятым Радаю БНР і ейным Прэзыдыюмам ды сьвята захоўваць усе тайніцы Рады БНР».

Толькі пасьля злажэньня пісьмовай прысягі кандыдат робіцца сябрам Рады БНР. Новыя сябры Рады БНР таксама складаюць традыцыйную вусную прысягу на наступнай сэсіі Рады БНР.

§9. Сябры Рады БНР плацяць сяброўскія складкі‚ вышыню якіх вызначае Сэсія Рады БНР.

§10. Усіх сяброў Рады БНР забавязвае поўная тайніца ў справах адмысловай засьцярогі. За здраду гэткай тайніцы нясецца адказнасьць як за здраду дзяржаўнай тайніцы перад Судом Рады БНР.

§11. Сябры Рады БНР пазбаўляюцца сяброўства ў Радзе БНР у выпадку дзеяньняў‚ ня згодных з Актам 25 Сакавіка ці супярэчных з пастановамі Рады‚ здраджаньня тайніцаў Рады ці выяўленьня іншых маральных або нацыяльных заганаў ды неаплачваньня сяброўскіх складак на працягу аднаго году. У гэтым выпадку даўжніку даецца яшчэ год часу на аплату залегласьцяў пасьля апошняга прыпамненьня ў канцы году. Пра такія парушэньні раднымі Статуту і прысягі павінны паведамляць Старшыню ці Прэзыдыюм Рады БНР кіраўніцтвы Сэктараў або Сакратарыят Рады БНР.

§12. Сябра Рады БНР мае права дабраахвотна спыніць сваё сяброўства шляхам пісьмовай заявы на імя Старшыні Рады БНР.

§13. Сябра Рады БНР, пазбаўлены сяброўства пастановай Прэзыдыюму Рады БНР на падставе §11 гэтага Статуту, у выпадку нязгоды з гэтай пастановай можа адклікацца да Суду Рады БНР або найбліжэйшай Сэсіі Рады.

§14. Старшыня Рады БНР ці яе Прэзыдыюм можа завесіць у сяброўстве ў Радзе кожнага раднага‚ а таксама сябру органаў Рады да часу Суду ці Сэсіі Рады БНР.

III. СЭСІЯ РАДЫ БНР

§15. Сэсія Рады БНР — найвышэйшая інстанцыя ў працы Рады БНР. Да кампэтэнцыі яе належыць:

а) прыманьне і зьмена Статуту Рады БНР;
б) ратыфікаваньне ўмоваў;
в) выпрацоўваньне і зацьвярджэньне палітычнае лініі і тактыкі дзеяньня ў вонкавых сувязях і беларускім вызвольным руху;
г) прыманьне законаў‚ загадаў і інструкцыяў;
д) прыняцьцё і пазбаўленьне сяброўства ў Радзе БНР;
е) іншыя справы‚ што не належаць да кампэтэнцыі іншых органаў Рады ці Старшыні Рады.

§16. Сэсія Рады БНР склікаецца што 2 гады‚ а ў меру канечнае патрэбы і часьцей‚ Старшынём Рады БНР‚ а калі яго няма — заступнікам Старшыні‚ і калі яго няма — Прэзыдыюмам Рады БНР з собскае ініцыятывы або жаданьня ня менш як 1/5 радных.

§17. Сэсіі Рады правамоцныя‚ калі яны праўна скліканыя і сябры Рады паведамленыя пра тэрмін‚ месца і парадак дня Сэсіі ня менш як за месяц часу перад датаю Сэсіі.

§18. Сэсію вядзе Прэзыдыюм Сэсіі‚ які абіраецца на Сэсіі ў складзе Старышыні Сэсіі‚ 2 Сакратароў‚ 1 Сябры. Пастановы Сэсіі прымаюцца звычайнай бальшынёю галасоў. У выпадку роўнасьці галасоў справу пастанаўляе другі голас Старшыні Сэсіі.

§19. Галасаваньне на Сэсіі мае быць тайным:

1) Пры выбарах Старшыні Рады БНР і Прэзыдыюму Рады;
2) калі ня менш як 1/5 сяброў‚ прысутных на Сэсіі‚ зажадаюць тайнага галасаваньня пры разьвязваньні тае ці іншае справы.

Усе сябры маюць па 1 голасе‚ апрача тых‚ што маюць пісьмовыя ўпаўнаважаньні ад іншых сяброў‚ аднак ня больш за 5 галасоў разам з уласным.

IV. ПРЭЗЫДЫЮМ РАДЫ БНР

§20. Прэзыдыюм Рады БНР складаецца з Старшыні Рады БНР‚ ягоных Першага Заступніка і Заступнікаў‚ Сакратара‚ Скарбніка і сяброў. Абірае іх‚ устанаўляючы пры гэтым колькасьць заступнікаў і сяброў‚ Сэсія Рады БНР на тэрмін 6 гадоў. Склад Прэзыдыюму можа быць зьменены рашэньнем Сэсіі Рады БНР паводле патрэбы. Паседжаньні Прэзыдыюму Рады БНР закрытыя. Паводле патрэбы, на паседжаньне Прэзыдыюму Рады БНР Старшынём Рады БНР могуць быць запрошаныя дарадчыкі і госьці. Сябры Рады БНР інфармуюцца аб усіх рашэньнях, прынятых на паседжаньнях Прэзыдыюму.
Старшыня Рады БНР мае права ўводзіць у склад Прэзыдыюму Рады БНР новых сяброў з тым, што канчатковае зацьверджаньне іх застаецца прэрагатывай наступнай Сэсіі Рады БНР.

§21. Да кампэтэнцыі Прэзыдыюму Рады БНР належыць:

а) вядзеньне справаў Рады БНР у часе паміж ейнымі Сэсіямі;
б) дапільноўваньне выкананьня пастановаў Сэсіі органамі Рады БНР;
в) рэпрэзэнтацыя Рады БНР навонкі;
г) скліканьне Сэсіяў Рады БНР.

V. СТАРШЫНЯ РАДЫ БНР

§22. На чале Рады БНР стаіць Старшыня Рады БНР.

§23. Старшыня Рады БНР — найвышэйшы прадстаўнік Рады БНР і Беларускага Народу. Яго абірае Рада БНР на Сэсіі Рады БНР на тэрмін 6 гадоў.

§24. Старшыня Рады БНР паклікае Сакратарыят Рады БНР у патрэбнай колькасьці асобаў.

§25. Да кампэтэнцыі Старшыні Рады БНР належыць:

а) рэпрэзэнтаваньне БНР перад урадамі і нацыянальнымі прадстаўніцтвамі іншых народаў;
б) прызначэньне прадстаўнікоў БНР пры ўрадах і прадстаўніцтвах іншых народаў;
в) іншыя справы‚ што вынікаюць з займанага становішча‚ а не прызначаныя іншым органам.

§26. У выпадку немагчымасьці выконваць абавязкі Старшыні Рады БНР, ягоныя паўнамоцтвы пераймае Першы Заступнік Старшыні Рады БНР да наступнай Сэсіі Рады БНР.

VI. СЭКТАРЫ РАДЫ БНР

§27. У месцы‚ дзе зьбярэцца 3 ці больш сяброў Рады‚ паводле пастановы Прэзыдыюму Рады БНР можа быць утвораны Сэктар Рады БНР.

§28. Да заданьняў Сэктараў належыць:

а) сачыць разьвіцьцём палітычных падзеяў у сваім асяродку і ў дадзеным краі‚ сачыць прэсу ў справах Беларусі ды ў важных выпадках безадкладна інфармаваць Прэзыдыюм Рады БНР або рэагаваць адпаведна сытуацыі самім на месцы;
б) рупіцца пра разьвіцьцё палітычнага, грамадзкага і культурнага жыцьця ў сваім асяродку і краі.

§29. Сэктар мае сваю Ўправу ў складзе Старшыні‚ Сакратара і Скрабніка. Старшыня Сэктару — прадстаўнік Рады БНР у сваім асяродку і краі. Для краю‚ дзе ёсьць колькі Сэктараў‚ прадстаўніка Рады БНР прызначае Старшыня Рады БНР.

§30. Паводле патрэбы склікаюцца агульныя сходы сяброў Сэктару Рады БНР раз на два гады, але не пазьней, чым за два месяцы да Сэсіі Рады БНР. Да кампэтэнцыі сходу належыць:

а) аапрабаваньне справаздачаў Управы Сэктару;
б) перавыбары Ўправы;
в) прыняцьце бюджэту і пляну працы Сэктару.

VII. САКРАТАРЫЯТ РАДЫ БНР

§31. Паколькі Рада БНР выконвае функцыі дзяржаўнага заканадаўчага органу і ўраду ў выгнаньні, ствараецца Сакратарыят Рады БНР, які зьяўляецца выканаўчым органам Рады БНР. Сакратарыят прызначаецца Старшынёй Рады БНР. Яму надаюцца пэўныя функцыі.

VIII. СКАРБ РАДЫ БНР

§32. Фінансавыя сродкі на дзейнасьць Рады БНР зьбіраюцца ў Скарбе Рады БНР ды паходзяць з:

а) сяброўскіх складак Рады БНР;
б) ахвяраў грамадзтва;
в) асыгнаваньняў беларускіх арганізацыяў;

§33. Грошы ў Скарб зьбірае Скарбнік Рады БНР беспасярэдна і праз Скарбнікаў Сэктараў Рады БНР. Скарбнік Рады БНР адказны перад Радай БНР як фінансава‚ гэтак і ў дзейнасьці ды робіць раз на год фінансавыя справаздачы Прэзыдыюму Рады БНР. Скарбнік Рады БНР абавязаны падаць фінансавю справаздачу ў кантрольную камісію Рады БНР не пазьней як за месяц да Сэсіі Рады БНР.

IX. КАНТРОЛЬ РАДЫ БНР

§34. Кантроль Рады БНР ужыцьцяўляецца Кантрольнаю Камісіяй‚ абранай на Сэсіі Рады БНР на тэрмін 6 гадоў у складзе Старшыні‚ Сакратара і Сябры.

§35. Да кампэтэнцыі Кантрольнай Камісіі належыць кантроль грашовае гаспадаркі Рады БНР ды складаньне справаздачаў з гэтага.

Х. СУД РАДЫ БНР

§36. На аснове параграфаў 5 і 10 гэтага Статуту ўстанаўляецца Суд Рады БНР у складзе Старшыні і 2 Судзьдзяў‚ абіраных на Сэсіі Рады БНР на тэрмін 6 гадоў.

§37. Разгляду Суду падлягаюць справы‚ што вынікаюць з параграфаў 10 і 11 гэтага Статуту‚ а таксама з магчымых канфліктаў паміж сябрамі Рады БНР. Усе справы разглядаюцца на аснове Статуту.

§38. З мэтаю абароны інтарэсаў сяброў Рады БНР і органаў БНР Старшыня Рады БНР вызначае Абвінавальніка зь ліку радных‚ што праводзіць сьледзтва і абвінавачаньне на паседжаньнях Суду ў выпадках‚ калі справа скіраваная ў Суд зь ягонае ініцыятывы або з пастановы Прэзыдыюму Рады БНР.

§39. Кожны сябра Рады‚ як і кожная асоба‚ што мае справу ў Судзе Рады БНР‚ мае права абраць сабе Правазаступніка зь ліку радных.

§40. Справы кіруюцца ў Суд Абвінавальнікам‚ зацікаўленымі ў справе бакамі або пастановаю Прэзыдыюму Рады БНР.

§41. Апэляцыя на пастанову Суду Рады БНР можа быць пададзеная ў месячным тэрміне да Сэсіі Рады БНР.

ХI. АРХІЎ РАДЫ БНР

§42. Дакумэнты Рады БНР і ўсіх ейных органаў з усіх часоў ейнага існаваньня і дзеяньня‚ а таксама ўся карэспандэнцыя‚ што захавалася ў органах Рады БНР ды ў розных прыватных асобаў‚ што маюць ці мелі дачыненьне з Радаю БНР ці ейнымі органамі‚ — уважаецца за собскасьць Рады БНР.

§43. Усе гэтыя дакумэнты і карэспандэнцыя павінны захоўвацца ў Архіве Рады БНР, месца якога зацьвярджаецца Прэзыдыюмам Рады БНР.

§44. Органы Рады БНР‚ улучна зь ейнымі Сэктарамі‚ могуць затрымваць у сябе толькі копіі матар’ялаў‚ патрэбных дзеля іхняе працы‚ а іншыя дакумэнты перадаюць у архіў Рады БНР.

XII. ЗЬМЕНЫ СТАТУТУ

§45. Гэты Статут можа быць зьменены або дапоўнены на кожнай Сэсіі Рады БНР бальшынёю 3/4 галасоў удзельнікаў Сэсіі‚ калі праект зьмены Статуту ўнесены ў парадак дня Сэсіі і разасланы сябрам Рады не пазьней як за тры месяцы перад Сэсіяй. Працэдуру зьмены Статуту вызначае Прэзыдыюм Рады БНР, і пра яе паведамляецца сябрам Рады БНР.

XIII. УВАХОД СТАТУТУ Ў СІЛУ

§46. Гэты Статут уваходзіць у сілу адразу пасьля прыняцьця яго XXIII Сэсіяй Рады БНР‚ касуючы адначасна датуль дзейны варыянт Статуту.

Падпісалі:

Старшыня XXIII Сэсіі Рады БНР Янка Запруднік
Сакратары Сэсіі: Алла Орса-Рамана, Вячка Станкевіч

Гэты Статут Рады БНР быў прыняты на XXIII Сэсіі Рады БНР 1 верасьня 2000 году ў беларускім цэнтры “Полацк” у Стронгсвіле (штат Агаё, ЗША) на падставе Статуту, які распрацоўваўся і прымаўся на XV Юбілейнай Сэсіі Рады БНР 25 лістапада 1978 году ў Нью-Ёрку і быў падпісаны Старшынём Рады БНР Вінцэнтам Жук-Грышкевічам.

Згоднасьць з арыгіналам Статуту Рады БНР і зьмешчанымі ў ім папраўкамі сьцьвярджаю сваім подпісам:

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР