Васіль Захарка

Васіль Захарка, IV старшыня Рады БНР

Нарадзіўся 1 красавіка 1877 у Дабрасельцах (цяпер Зэльвенскі раён Гарадзенскай вобласьці) у беднай сялянскай сям’і.

У 1895 г. здаў іспыт на царкоўнапрыхадзкога настаўніка. Працаваў у школцы, потым – пісарам.

З 1898 па 1902 і з 1904 па 1917 гг. на вайсковай службе. Даслужыўся да пасады намесьніка старшыні вярхоўнага суду штабу 10-й арміі.

Належаў да Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Прымаў актыўны ўдзел у зьедзе беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту 22 кастрычніка 1917 году ў Менску. У створанай Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Радзе займаў пасаду сакратара.

На І Усебеларускім Кангрэсе Захарка абраны сябрам Рады Зьезду. Пад час разгону Кангрэсу арыштаваны бальшавікамі, вызвалены ў ночы на 19 лютага 1918 г.

21 лютага 1918 у Менску створаны Народны Сакратарыят Беларусі, у якім Васіль Захарка заняў пасаду скарбніка.

Пасьля 25 сакавіка Захарка займае розныя міністэрскія пасады ў кіраўніцтве БНР, у тым ліку Міністра фінансаў, Заступніка Старшыні Рады Міністраў. Яго дэлегуюць на розныя далікатныя місіі.

У чэрвені 1920 г. Захарка накіроўваецца ў Маскву па запрашэньні міністра замежных справаў РСФСР Георгія Чычэрына на чале Надзвычайнай Дыпляматычнай Місіі БНР. Захарка вядзе перамовы наконт прызнаньня незалежнасьці Беларусі, арганізацыі войска, вызваленьня беларускіх палітвязьняў ва Ўсходняй Беларусі.

Пасьля Рыскай дамовы 26—29 верасьня 1921 у Празе адбываецца Палітычная нарада беларускай эміграцыі, дзе Захарка быў заступнікам старшыні.

23 жніўня 1923 году на сходзе Прэзыдыюма Рады і Ўраду БНР Захарка быў прызначаны Міністрам Фінансаў. 2 лістапада 1923 году Захарка выехаў з Коўні ў Прагу, дзе працягваў працу як Заступнік Старшыні ўраду Рады БНР Пётры Крэчэўскага.

У 1925 г. Васіль Захарка быў абраны старшынём Таварыства “Беларуская Рада” ў Празе. Супрацоўнічаў з украінскай і расейскай эміграцыяй. Выкарыстоўваў кожную нагоду, каб абвесьціць ўсяму сьвету пра лёс Беларусі. Пісаў звароты ў Лігу Нацыяў, кіраўніцтву іншых краінаў. Прымаў удзел у розных беларускіх імпрэзах у Празе (выстава праскіх беларускіх выдавецтваў, угодкі БНР).

Быў намесьнікам старшыні Рады БНР Пётры Крэчэўскага да ягонай сьмерці 8 сакавіка 1928 году. Пасьля заняў пасаду Старшыні Рады БНР.

6 сакавіка 1943 году тастамэнтам здаў паўнамоцтвы Міколу Абрамчыку, 14 сакавіка памёр. Пакінуў пасьля сябе багаты архіў БНР.

Пахаваны ў Празе на Альшанскіх могілках.