In memoriam: Алеся Умпіровіч

19 жніўня 2017 г. адыйшла да Бога Алеся Фурс (Умпіровіч), беларускі палітычны вязень у СССР, удзельніца падпольнага Саюзу Беларускіх Патрыётаў.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказвае шчырыя спачуваньні родным і блізкім Алесі Фурс, і асабліва яе мужу, Антону Фурсу.

“Алеся Фурс – прыклад шчырага і адданага змаганьня за незалежнасьць Беларусі, самаахвярнасьці, гераізму і стойкасьці перад жорсткім, бязьлітасным і бесчалавечным ворагам”

– адзначыла Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.

“Толькі дзякуючы такім героям, як яна, Беларусь стала незалежнаю дзяржавай. Памяць пра Алесю Фурс і яе паплечнікаў будзе вечна жыць у памяці беларускага народу.”

Алеся Умпіровіч нарадзілася 24 сьнежня 1926 года ў вёсцы Азярава ў акупаванай Польшчаю Заходняй Беларусі (цяпер Браслаўскі раён Віцебскай вобласьці).

Падчас Другой Сусьетнай вайны яна навучалася ў настаўніцкай сэмінарыі, дзе ў 1943 годзе стала сябрам Саюзу Беларускай Моладзі.

Пасьля вайны студэнты Пастаўскай пэдагагічнай вучэльні, нязгодныя з антыбеларускай палітыкай акупацыйнай савецкай улады, стварылі падпольны Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мэтамі арганізацыі было дасягненьне паўнавартаснага дзяржаўнага сувэрэнітэта Беларусі і свабоднае разьвіцьцё беларускага народу.

Алеся Умпіровіч стала сябрам гэтай арганізацыі. Такія ж суполкі зьявіліся ў Глыбокім і іншых беларускіх гарадах.

У 1947 годзе Саюз Беларускіх Патрыётаў быў зьнішчаны савецкімі карнымі ворганамі. У 1948 годзе Алесю Умпіровіч арыштавалі і прысудзілі да 25 гадоў зьняволеньня ў Мардовіі. Бацька Алесі, Лявон Умпіровіч, быў асуджаны на 10 гадоў лягероў за неданясеньне на ўласную дачку. Ён памер у турме.

У лягеры Алеся Умпіровіч сябравала зь дзяячкай Рады БНР і вядомай беларускай паэткай Ларысай Геніюш.

Пасля вызваленьня ў 1956 годзе Алеся Умпіровіч выйшла замуж за сябра Глыбоцкай філіі СБП Антона Фурса. Сям’я больш за дваццаць гадоў пражыла ў Казахстане. У вольны час спадарыня Алеся займалася маляваньнем, завочна скончыла Маскоўскі народны ўнівэрсытэт мастацтваў.

У 1982 годзе сям’я Фурсаў вярнулася ў Беларусь і пасялілася ў Паставах. Алесю Фурс рэгабілітавалі 23 лістапада 1992 года.

Алеся Фурс. 25 гадоў канцлягераў – за “Пагоню” – рэпартаж Радыё Свабода

Алеся Ўмпіровіч (Фурс): «Беларусь павінна быць беларускай, са сьцягам бел-чырвона-белым і Пагоняй» – інтэрвію з Радыё Свабода

Чытай таксама:

Алеся Умпіровіч, Антось Фурс. Споведзь няспраўджаных надзеяў

Карцер, избиение, электрошок. Как сейчас живут белорусы, которые за любовь к стране прошли через ГУЛАГ (“Карцэр, зьбіцьцё, электрашок. Як цяпер жывуць беларусы, якія за любоў да краіны прайшлі праз ГУЛАГ”)

You may also like...