Адозва Рады і Ўраду БНР пра супрацу з габрэйскім народам

У традыцыйнай адозве ўладаў БНР да 25 сакавіка 1921 г. была сфармуляваная пазыцыя БНР адносна супрацоўніцтва зь беларускай габрэйскай меншасьцю. Яна абазначалася ў дакумэнце як адзін з аўтахтонных народаў Беларусі і як неад’емны складнік беларускай палітычнай нацыі. Існавалі праекты дакумэнтаў БНР, у якіх прадугледжваўся афіцыйны статус габрэйскай мовы (ідыш), а таксама расейскай і польскай моваў.

Габрэйскія палітычныя партыі ўдзельнічалі ў Першым Усебеларускім Зьезьдзе і ўвайшлі ў склад Рады БНР на першых этапах яе існаваньня. Этнічныя габрэі ёсьць сярод вядомых дзеячоў БНР: адзін з суаўтараў Трэцяй Устаўной Граматы Майсей Гутман, кіраўнік дыпляматычнага прадстаўніцтва ў краінах Скандынавіі Ісак Лур’е, міністар па справах нацыянальных меншасьцях Самуіл Жытлоўскі і іншыя.

У першай палове 20. стагодзьдзя ў Беларусі жыло больш за 1 мільён габрэяў. Большая частка беларускага габрэйства загінула падчас Галакосту.

Тэкст адозвы:

25 сакавіка 1921 г. прайшло 3 гады ад часу, калі Беларускі Народ у асобе лепшых сваіх прэдстаўнікоў выявіў сваю непахібную волю да самаіснага дзяржаўнага будаваньня і апавесьціў Незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Hi векавое панаваньне шляхецкай Польшчы, ні рабскі ўціск расейскага самадзержаўя ня вырвалі з душы народу яго сьвятога імкненьня да свайго вызваленьня ад векавых прыгнётчыкаў.

Наадварот, пракавечнае змаганьне за сваё нацыянальнае бытаваньне выкавала ў ім непахібную волю да свабоды і загартавала лепшых сыноў народу ў імкненьні да зьдзейсьненьня сваіх нацыянальных ідэалаў.

Гістарычны шлях быў доўгі і цярністы. Многа ахвяр палажыў Беларускі Народ на аўтар свабоды. Многа жывых палягло ў самаахвярным змаганьні за шчасьце і дабро народу. Вечная слава волатам змагарным. Маці-бацькаўшчына будзе вечна праслаўляць іх імёны.

Ды не сам адзін быў Беларускі Народ у сваім змаганьні. Побач яго цярпеў і бароўся другі Народ – пракавечны мучанік Народ Жыдоўскі – з незапамятных часоў паліваўшы зямлю беларускую сваім потам, сьлезамі і крывёй.

Бязьмерны быў глум панявольнікаў над верай і жыцьцём сыноў Ізраіля. Самадзержаўе Маскоўскае меркавала, што яно ў крыві жыдоўскай патопіць народны гнеў, які не адзін раз парываўся разбурыць ціранскую ўладу: шляхецтва польскае шчыра дапамагала свайму ж кату распаляць інстынкты разбэшчанай чэрні.

Жыдоўскі народ зразумеў ясна, што яму німа чаго чакаць ласкавасьці ад сваіх панявольнікаў: што толькі ў змаганьні жыды дабудуць правы на жыцьцё і свабоду.

Уразумеўшы гэта, жыды падалі прыязную руку свайму брату па няшчасьцю – Народу Беларускаму, дзеля далейшага змаганьня за сваю зямлю, культуру і дзяржаўную незалежнасьць.

У вялікі гістарычны дзень 25 Сакавіка 1918 г. – Дзень апавешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі – першы раз была ясна і голасна на ўвесь сьвет высказана дзяржаўная воля гэтых дзьвёх сувэрэнных нацый. Ніякія найміцкія штыкі, ніякія інтрыгі і авантуры ап’янеўшых ад шовіністычнага чаду імпэрыялістаў не прымусяць Беларусоў зьвярнуць з раз выбранага імі шляху. Лёгіка гісторыі прымусіць прызнаць народы, каторыя шчыра зацікаўлены ў тым, каб спыніць братабойніцтва, згодна з яго нацыянальнымі ідэаламі, супакоіць развогненую пасыю і дасьць магчымасьць усім нашым суседнім народам улажыць меч у похвы і ўзяцца за плуг і молат.

У вялікі гістарычны дзень 25 Сакавіка 1918 году Беларуская рада, перэняўшы ўладу ад Усенароднага Беларускага Кангрэсу, першы раз развярнула запраўдны народны сьцяг, на якім накрэсьлены запраўды сьвятыя словы:

  1. Незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, як свабоднай дзержавы.
  2. Перадача ўсёй зямлі працоўнаму народу і дзяржаўная абарона працы.
  3. Сувэрэннасьць нацый беларускай і жыдоўскай і поўнае аб’яднаньне іх у адзін дзяржаўны Беларускі Народ.
  4. Грамадзянскае роўнапраўе ўсіх нацый, насяляючых Беларусь, бяз розьніцы веры і поўнае здаваленьне рэлігійных і культурных патрэб.

Вялікія словы. Пад гэтым сьцягам шчасьце жыць і змагацца і пачэсна паміраць.

У трэція гадавіны вялікага народнага сьвяткаваньня Беларуская Рада і выканаўчая ўлада ў асобе Рады Міністраў не да сьмерці клічуць вас, грамадзяне, а да жыцьця і змаганьня за сьвятыя ідэалы, пакінутыя ў спадчыну нам вялікімі змагарамі за шчасьце і свабоду Беларускага Народу.

Грамадзяне! Мы цьвёрда верым, што ў гэты вялікі дзень на ўсёй зямлі кожнае чэснае беларускае сэрца б’ецца разам з намі і разам з намі клічэ: Слава Беларускай Народнай Рэспубліцы! Няхай жыве Беларуская Незалежнасьць!

Друкуецца паводле pawet.net