Янка Запруднік

9 жніўня 1926 г. у Міры нарадзіўся Янка Запруднік, радны БНР, доктар гістарычных навук, шматгадовы дзеяч беларускае дыяспары ў ЗША, у мінулым супрацоўнік Радыё “Вызваленьне”.

Рада Беларускае Народнае Рэспублікі далучаецца да віншаваньняў.

Янка Запруднік (сапраўднае імя Сяргей Вільчыцкі) нарадзіўся ў 1926 г. у мястэчку Мір у сям’і вясковых настаўнікаў.

У час Другой Сусьветнай Вайны скончыў Баранавіцкую прагімназію, потым вучыўся ў Баранавічах у гандлёвай школе.

З 1944 г. у эміграцыі ў Нямеччыне, потым працаваў на шахтах у Вялікабрытаніі і стаў адным з заснавальнікаў Згуртаваьня Беларусаў у Вялікай Брытаніі.

У 1954 г. закончыў гістарычны факультэт Лювэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі. Потым працаваў на радыёстанцыі “Вызваленьне” (цяпер – “Свабода”).

З 1957 г. у ЗША. Абараніў у Нью-Ёрцкім унівэрсытэце доктарскую дысэртацыю на тэму “Палітычнае змаганьне за Беларусь у Дзяржаўнай думе 1906-1917 гг.”, выкладаў гісторыю ў вышэйшых навучальных установах ЗША. Аўтар шматлікіх кнігаў і артыкулаў па гісторыі Беларусі, мае ўзнагароды ад Беларускай Праваслаўнай Царквы.