а. Аляксандар Надсан

8 жніўня 1926 г. у Нясьвіскім павеце нарадзіўся а. Аляксандар Надсан – беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч, радны БНР, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы, адзін з заснавальнікаў Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане.

Нарадзіўся ў сям’і Антона Бочкі, удзельніка Слуцкага Збройнага Чыну.

Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў настаўніцкай сэмінарыі ў Нясьвіжы. Скончыў курсы кіраўнікоў Саюзу Беларускай Моладзі ў Альбэртыне, менскую афіцэрскую школу Беларускай Краёвай Абароны. У 1944 годзе пакінуў Беларусь, партызаніў ва Францыі, дзе далучыўся да Руху Супраціўленьня. Потым уступіў у войска генэрала Андэрса, служыў у 2-м Польскім корпусе, ваяваў у Паўночнай Італіі, дзе быў паранены.

З 1946 жыў у Вялікай Брытаніі. У 1953 скончыў матэматычны факультэт Лёнданскага ўнівэрсытэту. Стаў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі, у 1951—1953 гг. быў ягоным старшынём.

Рэдактар часопісаў «Беларус на чужыне» й «На шляху», браў удзел у дзейнасьці беларускага хрысьціянскага акадэмічнага таварыства Рунь і Беларускага народнага незалежнага хрысьціянскага руху. Актыўна супрацоўнічаў з найбуйнейшым беларускім духоўным асяродкам на Захадзе — Беларускай каталіцкай місіяй у Вялікай Брытаніі — ад часу яе ўтварэньня ў 1947 годзе.

Ад восені 1953 навучаўся ў папскім Грэцкім калегіюме ў Рыме. Высьвечаны на сьвятара 23 лістапада 1958. У ліпені 1959 вярнуўся ў Лёндан, дзе зноў далучыўся да дзейнасьці сярод беларускае эміграцыі. З 1966 кіраваў школай-інтэрнатам імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі.

З 1971 — дырэктар бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане. Ад 1981 кіраўнік беларускае каталіцкае місіі ў Вялікабрытаніі, ад 1986 апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы. Старшыня дабрачыннага Чарнобыльскага фонду, аўтар шэрагу кніг па гісторыі Беларусі.

Ганаровы доктар Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту (Вільня).

Цягам гадоў айцец Аляксандар Надсан працаваў над перакладамі бізантыйскіх літургічных тэкстаў на беларускую мову — праца, якая зазвычай робіцца вялікімі аўтарытэтнымі камісіямі і якая ўяўляецца непад’ёмнаю для аднаго чалавека. Айцец Надсан пераклаў частку велізарнага корпусу тэкстаў літургічнае традыцыі Ўсходняга Хрысьціянства, сам склаў службы некаторым беларускім сьвятым і на вялікія беларускія сьвяты ды іншыя нагоды (Служба аб памнажэньні любові, Службы да сьвятых Эўфрасіньні Полацкай і Кірылы Тураўскага ды іншыя).

Малітоўнік «Госпаду памолімся», выдадзены ў Менску ў 2002 годзе, стаўся афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускае грэка-каталіцкае царквы.

Айцец Аляксандар Надсан памёр 15 красавіка 2015 году ў Лёндане.

а. Аляксандар Надсан. Літургія ў Менску, 2008 г.

 

Аляксандар Надсан. Рэпартаж тэлеканалу “Белсат”

 

Айцец Аляксандар Надсан. Фільм БГКЦ