Патрэбная дзяржаўная стратэгія што да працы з дыяспарай – выступ А. Чайчыца на Зьезьдзе Беларусаў Сьвету

Фота - budzma.by

Выступ Сакратара Інфармацыі Рады БНР на 7. Зьезьдзе Беларусаў Сьвету ў Менску, 15 ліпеня 2017 г.:

Шаноўныя сябры, я рады вітаць вас на гэтым прадстаўнічым Зьезьдзе.

Нас сабралося тут шмат людзей. Большасьць з нас нарадзіліся ў Беларусі і даўно зьехалі адсюль. Меншасьць – нарадзілася за мяжой, але памятае пра свае беларускія карані.

Беларуская дыяспара мае вялікі патэнцыял. Тыя, хто сёньня прысутнічае на Зьезьдзе, гэта маленькая верхавіна вялікага айсбэргу. За апошнія сто-дзьвесьце гадоў зь Беларусі выехалі дзясяткі ці нават сотні тысячаў чалавек. Многія зь іх дасягнулі вялікага посьпеху за мяжою. Многія з нашчадкаў гэтых людзей памятаюць пра сваё беларускае паходжаньне і гатовыя дапамагаць Беларусі.

Каб гэтыя людзі дапамаглі Беларусі, патрэбная дзяржаўная стратэгія што да працы з дыяспарай. Мы маем закон “Аб беларусах замежжа”, але ён носіць выключна рамачны характар. Закон толькі закладае агульныя асновы для палітыкі ў гэтай сфэры. Неабходна сфармуляваць дакладныя і канкрэтныя мэты і задачы, якіх мы разам – дзяржава і дыяспара – хочам дасягнуць, і азначыць інструмэнты дзеля гэтага.

Мы маем перад вачыма вельмі пасьпяховыя прыклады суседзяў Беларусі – Польшчы, Украіны, Латвіі, Літоўскай Рэспублікі. Яны вядуць вельмі актыўную і пасьпяховую працу з сваімі дыяспарамі. Гэты досьвед трэба вывучаць і пераймаць.

Вялікай праблемай ёсьць тое, што беларускія суполкі за мяжой працягваюць існаваць толькі дзякуючы прытоку новых мігрантаў зь Беларусі. Па сутнасьці, у другім пакаленьні беларусы ўжо асымілююцца і губляюцца для Беларусі. Праца як беларускіх дзяржаўных органаў, так і ЗБС “Бацькаўшчына” павінна быць скіраваная ў тым ліку і на другое, трэцяе і наступныя пакаленьні нашчадкаў выхадцаў зь Беларусі.

Нарэшце, хачу ў заканчэньне свайго выступу зьвярнуць увагу на вялікія юбілейныя даты, якія выпадаюць на 2017 і 2018 гады. Гэта 100-гадовы юбілей Першага ўсебеларускага Зьезду і абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі.

Стагодзьдзе БНР — гэта вялікі юбілей і сьвята для ўсіх беларусаў, каму дарагія беларускія сувэрэнітэт і дзяржаўнасьць. Гэта не залежыць ад палітычных поглядаў, сьцяга і мовы. З абвяшчэньнем БНР на месцы былых губэрняў на палітычнай карце зьявілася Беларусь у сваім сучасным выглядзе: пад сваёй сучаснай назвай, са сваёй сучаснай сталіцай. Беларусь была ўпершыню абвешчаная дэмакратычнай рэспублікай. БНР, БССР і цяперашняя Рэспубліка Беларусь — гэта этапы аднаго і таго ж шляху, які пачаўся ў лютым і сакавіку 1918 года.

Я заклікаю беларусаў ва ўсім сьвеце годна адзначыць гэты важны юбілей.

Дзякую за ўвагу.

You may also like...