Лявон Вітан-Дубейкаўскі

19 ліпеня 1869 г. у Мсьціслаўскім павеце нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі — беларускі архітэктар і грамадзкі дзеяч; галоўны дзяржаўны архітэктар БНР, консул БНР у Варшаве.

 

Скончыў Мсьціслаўскую гарадзкую вучэльню. Будаўнічую адукацыю атрымаў ў школе будаўнічых рамёстваў у Варшаве. З 1897 году працуе на Смаленшчыне: адкрыў будаўнічую кантору, будаваў цэрквы.

У 1903 годзе здаў іспыт на інжынэра-будаўніка пры інстытуце цывільных інжынэраў у Пэтэрбургу. 1907—1909 — вучыўся ў Акадэміі архітэктуры ў Парыжы, атрымаў дыплём архітэктара-мастака.

З 1910 году жыў у Варшаве. У 1913—1915 гадах выкладаў будаўніцтва ў тэхнічна-прамысловай школе, у 1913—1915 працаваў у створаным ім уласным бюро. Падчас Першай сусьветнай вайны працаваў у Арле і на Полаччыне.

У 1917 г. увайшоў у склад Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску. З 1 чэрвеня 1918 г. пастановаю Народнага сакратарыята Беларусі быў зацьверджаны галоўным урадавым архітэктарам БНР. Пачаў распрацоўваць эскізы беларускіх дзяржаўных узнагародаў. Па заданні ўрада БНР летам таго ж года завяршыў праект будынка Першай беларускай нацыянальнай гімназіі ў Будславе і кіраваў яе будаўніцтвам, якое не было скончанае з-за пачатку польскае акупацыі Заходняй Беларусі.

У 1919 г. прызначаны консулам БНР у Варшаве, узначальваў Беларускі камітэт у польскай сталіцы. У 1919 годзе чытаў папулярныя лекцыі па архітэктуры на беларускіх настаўніцкіх курсах у Горадні і Вільні.

Пасьля 1921 г. таксама актыўна апекваў беларускія дзіцячыя дамы, дабіваўся вызваленьня з польскіх турмаў беларусаў-палітвязьняў. У 1922 годзе займаўся будаўнічымі работамі ў Вільні, быў дырэктарам мулярскай школы (1925—1929).

Сябра рэдкалегіі заходнебеларускай незалежніцкай газэты «Беларускі фронт».

Быў жанаты на беларускай дзяячцы Юліяне Мэнкэ.

Памёр у 1940 годзе. Пахаваны ў Вільні на могілках Росы.