Зьнікненьне Дзьмітрыя Завадзкага – 7.7.2000

7 ліпеня 2000 г. бясьсьледна зьнік беларускі тэлеапэратар Дзьмітры Завадзкі, які працаваў разам з знакамітым апазыцыйным журналістам Паўлам Шараметам. Зьнікненьне і, імаверна, забойства Завадзкага стала ў адзін шэраг з іншымі рэзананснымі сьмерцямі і выкраданьнямі апазыцыйных палітыкаў у канцы 90-х гг.: Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Генадзя Карпенкі і іншых.

Завадзкі быў скрадзены, калі накіроўваўся ў аэрапорт «Мінск-2» на аўтамабілі, каб сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета.

Аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце, але самога Завадзкага з тых часоў ніхто ня бачыў. Зьнікненьне Завадзкага ўстала ў адзін шэраг са зьнікненьнямі вядомых апазыцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бо ўлады гэтаксама так і ня здолелі прад’явіць задавальняючыя тлумачэньні злачынству.

За гэтыя гады праваахоўныя органы Беларусі так і адказалі на пытаньні, хто быў арганізатарам і выканаўцам гэтага злачынства і што насамрэч здарылася зь Дзьмітрыем.

Па факце зьнікненьня Завадзкага была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «забойства», аднак потым абвінавачаньне было перакваліфікаванае на «выкраданьне і незаконнае пазбаўленьне чалавека волі».

14 сакавіка 2002 г. Менскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданьні Завадзкага афіцэраў спэцпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыцьцёвае зьнявлоленьне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ужо выйшаў на волю).

Паводле абвінавачаньня, матывам злачынства сталася помста: маўляў, Завадзкі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнскіх байцоў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.

27 лістапада 2003 г. суд Фрунзэнскага раёна Менска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзьмітрыя Завадскага дагэтуль ня знойдзена.


7 ліпеня – дзень знікнення Дзмітрыя Завадскага