Вітаўт Рамук

15 ліпеня 1914 г. у Екатарынаславе (цяпер Дніпро, Украіна) нарадзіўся доктар Вітаўт Рамук, дзеяч беларускай дыяспары ў Чыкага.

У 1922 г. сям’я Рамукоў вярнулася на радзіму, пасяліўшыся ў Ліпнішках каля Ліды. У той час гэтая частка Беларусі была анэксіяваная Польшчай.

У 1926—1930 гг. Вітаўт Рамук навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Пасьля паступае на біялягічны факультэт віленскага ўнівэрсытэта імя Стэфана Баторыя. Праз год ён пераводзіцца на мэдыцыну. Пасьля пачатку савецкай акупацыі ў 1939 годзе ўнівэрсытэт быў зачынены.

Пасьля пачатку акупацыі нямецкай Вітаўт Рамук вяртаецца на Лідчыну, працуе ў гарадзкой адміністрацыі перакладчыкам, бярэ ўдзел у беларускім жыцьці. У 1944 годзе Вітаўт Рамук выязджае на чужыну. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны Вітаўт Рамук апынуўся ў Мюнхене, працягнуў навучаньне мэдыцыне ў Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі.

У Лювэне Рамук таксама бярэ актыўны ўдзел у беларускім грамадзкім жыцьці і нават некаторы час кіруе беларускай студэнцкай грамадой, а таксама ўдзельнічае ў зьездах міжнароднай студэнцкай каталіцкай арганізацыі Pax Romano.

Непрацяглы час Вітаўт Рамук жыў у Лёндане, дзе некаторы час быў намесьнікам старшыні Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі (1954), але неўзабаве вярнуўся ў Бэльгію. Некаторы час ён працаваў у дзіцячым прытулку ў Брусэлі.

Празь некаторы час Вітаўт Рамук пераязджае ў ЗША, у штат Ілінойс. Некаторы час ён жыў у горадзе Пэорыя, а потым селіцца ў Чыкага.

У 1958 г. ён ажаніўся зь Верай Жызьнеўскай.

Вітаўт і Вера Рамукі бралі актыўны ўдзел ў жыцьці беларускай грамады ў Чыкага, разам працавалі ў Беларускім каардынацыйным камітэце, былі актывістамі грэка-каталіцкай парафіі сьв. Хрыста-Збаўцы.

Вітаўт Рамук працаваў у Цэнтры педыятрыі, а затым у Дзіцячым цэнтры ў Чыкага. Ён выйшаў на пэнсію толькі ў 74 гады.

У 1993 г. Рамукі па запрашэньні прадстаўніка Беларусі пры ААН Генадзя Бураўкіна і пасланьніка Беларусі ў Вашынгтоне Міхаіла Хвастова.

У Рамукоў нарадзіліся двое дзяцей. Сын Янка (John Romuk) пазней зрабіў кар’еру ў кампаніі Hitachi, а дачка Ірэна стала пэдагогам.

Вітаўт Рамук распавядае пра беларускія калядныя традыцыі, 1978 г. (на ангельскай мове):

Пра беларускую грамаду ў Чыкага: