Васіль Русак

4 красавіка 1896 у Слуцкім павеце нарадзіўся Васіль Русак – удзельнік Слуцкага Збройнага Чыну, беларускі выдавец і прадпрымальнік, актывіст беларускай дыяспары ў міжваеннай Чэхаславаччыне, вязень ГУЛАГ.

Браў удзел у Першай сусьветнай вайне ў чыне прапаршчыка на Паўднёвым фронце. З 1917 сябра Беларускай Сацыялістычнай Грамады.

У 1917—1920 браў удзел у стварэньні беларускага вайсковага руху, дэлегат Першага Ўсебеларускага Зьезду (сьнежань 1917).

З 1918 году жыў на Случчыне. Арыштоўваўся немцамі ў 1918 годзе, бальшавікамі ў 1919. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускага нацыянальнага камітэту. Удзельнік антысавецкага і антыпольскага рухаў.

Старшыня Зьезду Случчыны. Абраны ў Раду Случчыны. Прымаў удзел у Слуцкім Збройным Чыне 1920 году — камісар Другога Грозаўскага палка.

У 1921 інструктар Беларускай вайсковай камісіі. Актыўна ўдзельнічаў у антыпольскай партызанцы ў Заходняй Беларусі.

З траўня 1922 у Коўне.

У канцы 1922 зьехаў у Чэхаславаччыну. У 1928 скончыў Праскую вышэйшую тэхнічную школу на агранамічным факультэце. Адзін з кіраўнікоў Праскага аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў. З 1931 кіраўнік Беларускага нацыянальнага камітэту ў Празе.

Выдаў зборнік уласна запісаных беларускіх песень «Беларускі сьпеўнік» (1934), фундаваў выданьне часопіса «Іскры Скарыны». У 1939 выпусьціў на нямецкай мове інфармацыйную брашуру пра Беларусь з этнаграфічнай мапай, паштоўку з выявай Пагоні (1941), «Беларускія (крывіцкія) песьні» (1943).

У час Другой сусьветнай вайны сябра Беларускага нацыянальнага камітэту ў Празе. Разам з Ларысай Геніюш езьдзіў прымаць удзел у Другім Усебеларускім зьезьдзе 27 чэрвеня 1944.

У чэрвені 1945 г. арыштаваны савецкімі спэцслужбамі, у чэрвені 1946 г. асуджаны да 10 гадоў лягераў. Праз восем гадоў, 23 жніўня 1954 году, памёр у лягеры.