Камісія Міжнародных Справаў Рады БНР, 1918 год: вытокі сучаснай беларускай дыпляматыі

29 сакавіка 1918 года на пасяджэньні Рады БНР была створаная Камісія Міжнародных Справаў, першы орган, адказны за міжнародныя стасункі Беларусі.

Камісія займалася вырашэньнем бягучых пытаньняў зьнешняй палітыкі Беларусі, а таксама дэталёвым вызначэннем межаў БНР. Пазьней для выкананьня дыпляматычных функцый быў створаны Сакратарыят Вонкавых Справаў.

Дыпляматы Беларускай Народнай Рэспублікі стаялі ля вытокаў міжнародных адносінаў сучаснай Беларусі.

Прадстаўнікі Беларускай Народнай Рэспублікі мелі сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаваў, у тым ліку Польшчы, Савецкай Расеі, Чэскай Рэспублікі, а таксама з замежнымі міністрамі Нямеччыны, Чэскай Рэспублікі, расейскага ўраду адмірала Калчака і іншымі.  На працягу многіх дзесяцігодзьдзяў БНР мела кантакты з афіцыйнымі прадстаўнікамі Вялікае Брытаніі, Гішпаніі, Канады, ЗША, Францыі.

Дыпляматычная місія БНР у Бэрліне, 1919 г.

Дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларускай Народнай Рэспублікі дзейнічалі ў наступных краінах:

  1. Баўгарыя (консульская агенцыя)
  2. Грузія (дыпляматычная місія)
  3. Данія (кансулят у Капэнгагене)
  4. Латвія (дыпляматычная і вайсковая місія, кансулят у Рызе)
  5. Літоўская Рэспубліка (дыпляматычная місія і кансулят у Коўне)
  6. Нямеччына (дыпляматычная місія й кансуляты ў Бэрліне і Данцыгу)
  7. Польшча (дыпляматычная місія й кансулят у Варшаве)
  8. Расея (місія ў Маскве)
  9. Турэччына (кансулят у Канстантынопале)
  10. Украіна (дыпляматычная місія, кансулят і гандлёвая палата ў Кіеве, місія ў Адэсе)
  11. Чэхаславаччына
  12. Фінляндыя (дыпляматычная місія)
  13. Эстонія (дыпляматычная місія ў Рызе, пашпартны аддзел у Таліне)
  14. Югаславія (консульская агенцыя)

Прадстаўнікі БНР прысутнічалі на Парыскай мірнай канфэрэнцыі 1919 г. і на Генуэзскай канфэрэнцыі 1922 г., дзе перадалі іх удзельнікам мэмарардумы з інфармацыяй пра Беларусь, яе гісторыю і геаграфію, і з заклікам да прызнаньня незалежнасьці нашае краіны.

Шыльда вайскова-дыпляматычнае місіі БНР у краінах Балтыі

Дзякуючы высілкам беларускіх дыпляматаў Беларуская Народная Рэспубліка атрымала поўнае дыпляматычнае прызнаньне Фінляндыі і фактычнае прызнаньне з боку некалькіх іншых эўрапейскіх краінаў: Латвіі, Літоўскае Рэспублікі, Нямеччыны, Польшчы, Украіны, Чэхаславаччыны, Эстоніі.

Мэмарандум Рады БНР да Канфэрэнцыі балтыйскіх краінаў, 1920 г.

Дыпляматамі БНР працавалі выбітныя дзеячы, у тым ліку:

Мітрафан Доўнар-Запольскі

– прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі, выбітны беларускі гісторык і этнограф, у 1918 г. – старшыня Беларускай Гандлёвай Палаты ў Кіеве і супрацоўнік дыпляматычнай місіі БНР ва Ўкраіне;

Сьцяпан Некрашэвіч

Сьцяпан Некрашэвіч, будучы акадэмік і першы старшыня Інбелкульту (цяпер – Акадэмія Навук Беларусі). У 1918-1919 гг. – дыпляматычны прадстаўнік БНР у Адэсе і пры францускім вайсковым камандаваньні на Поўдні Ўкраіны;

Аркадзь Смоліч

Аркадзь Смоліч, будучы прафэсар і дзеяч Акадэміі Навук Беларусі. У 1918-1920 гг. выяжджаў з дыпляматычнай місіяй Беларускай Народнай Рэспублікі ў Кіеў, Варшаву, Бэрлін;

Алег Корчак-Крыніца-Васількоўскі

– генэрал Алег Васількоўскі, у 1917 г. камандуючы Петраградзкай Вайсковай Акругай. У 1919 – 1920 гг. старшыня дыпляматычнай місіі БНР у Фінляндыі;

Алесь Бурбіс

Аляксандар Бурбіс, будучы намесьнік народнага камісара замежных справаў БССР, адзін з арганізатараў таварыства Чырвонага Крыжа БССР, сябра ўраду (Цэнтральнага Выканкаму) БССР. У 1918 годзе – консул БНР у Маскве;

Іван Краскоўскі

Іван Краскоўскі, будучы сябра прэзыдыюму Дзяржпляна БССР, першы амбасадар Украіны ў Грузіі і на Кубані, сябра ўраду Ўкраінскай Народнай Рэспублікі. У 1918 годзе – кансультант дэлегацыі БНР на перамовах з Украінай і ўпаўнаважаны прадстаўнік БНР на перамовах з урадамі Расеі і Ўкраіны;

– і многія іншыя

Міжнародная актыўнасьць Рады БНР стала адным з фактараў, якія прымусілі савецкую адміністрацыю Беларусі стварыць у студзені 1919 года Камісарыят па замежных справах ССРБ, з пачатку дваццатых гадоў актывізаваць намінальную міжнародную актыўнасьць БССР, а пасьля Другой Сусьветнай Вайны дабіцца прадстаўленьня БССР членства ў ААН.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла зь міністрам замежных справаў Чэхіі Карлам Шварцэнбэргам, 2013 г.

У цяперашні час пасаду Сакратара Міжнародных Справаў Рады БНР па сумяшчальніцтве займае Старшыня Рады БНР, што адлюстроўвае прыярытэтную важнасьць дыпляматыі і міжнародных стасункаў у дзейнасьці Рады БНР у выгнаньні.

Глядзі таксама

You may also like...