Тамаш Грыб

19 сакавіка 1895 у Сьвянцянскім павеце нарадзіўся Тамаш Грыб, міністар Беларускай Народнай Рэспублікі, беларускі палітык і грамадзкі дзеяч.

Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і. Навучаўся ў Пэтэрбурскім псыханэўралягічным інстытуце, дзе зблізіўся зь беларускім рухам.

З 1916 году — у войску, удзельнік Першай сусьветнай вайны на Румынскім фроньце. Дэлегат І Усебеларускага зьезду (сьнежань 1917 году), на якім быў арыштаваны бальшавікамі.

Адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР і яе Выканкаму ў 1918, займаў пасады міністра земляробства і міністра ўнутраных справаў.

Уваходзіў у Цэнтральную Беларускую вайсковую раду. Адзін зь лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.

Удзельнік 3-га Ўсерасейскага зьезду Саветаў у 1918. У 1918 годзе чытаў лекцыі на курсах беларусазнаўства ў Менску. Напачатку 1919 году выдае ў Вільні газэту «Грамадзянін». З красавіка 1919 году — у Гародні, дзе супрацоўнічае ў газэце «Родны край», затым — у Менску. Двойчы ў 1919 годзе зьняволены польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасьць. Інтэрнаваны ў лягеры Домбэ пад Кракавам, адкуль уцёк.

Напрыканцы 1920 году выяжджае ў Коўна, удзельнічае тут у выданьні газэты «Сялянская доля». Удзельнік Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі (Прага, 1921). З 1922 году — у Чэхіі. Скончыў філязофскі факультэт Карлава ўнівэрсытэту (1928). Абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Паляне: Пытаньне народу і нацыі».

Стварыў у Празе Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны. Актыўна працаваў у суполцы Беларускага студэнцкага саюзу. Удзельнічаў у працы Беларускай Рады ў Празе. З 1930 году працаваў тут у Славянскай бібліятэцы.

У 1934—1938 гадах — загадчык беларускага замежнага архіва ў Празе. Друкаваў артыкулы на тэмы гісторыі, грамадзкай думкі, нацыянальна-палітычнага жыцьця Беларусі ў часопісах «Студэнцкая думка», «Золак», «Iskry Skaryny». Перакладаў публіцыстыку з расейскай і чэскай моваў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

Ня вытрымаў цяжкіх камплікацыяў грыпу й памёр 25 студзеня 1938 г. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.