Гасан Канапацкі

Гасан Канапацкі зь сям'ёю

25 лютага 1879 г. у Менску нарадзіўся палкоўнік Гасан Канапацкі, беларускі вайсковец, дзяяч нацыянальна-вызвольнага руху.

Нарадзіўся ў беларускай татарскай шляхецкай сям’і. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Пэтэрбурскую артылерыйскую школу імя Канстанціна (1897), удзельнічаў у расейска-японскай 1904—1905 гадоў і 1-й Сусьветнай вайне. У 1917 годзе ў рангу палкоўніка камандаваў 69-й артылерыйскай брыгадай Заходняга фронту. У час вайны быў атручаны газамі, лекаваўся й служыў у Менску ў эвакуацыйным пункце (травень-кастрычнік 1917). Кавалер Ордэнаў Сьв. Ганны (I і II ступені), Сьв. Станіслава (I і II ступені), Сьв Уладзіміра (IV ступені).

10 траўня 1918, з расфармаваньнем 69-й артылерыйскай брыгады, здаў грошы й дакумэнты Маскоўскаму абласному камісару вайсковых справаў і вярнуўся ў Менск.

22 кастрычніка 1919 году ўвайшоў у склад Беларускай вайсковай камісіі пры польскім войску, быў прызначаны гетманам Беларускіх вайсковых аддзелаў.

У 1920 годзе пераехаў у Вільню. Браў актыўны ўдзел у беларускім руху: быў намесьнікам старшыні Рады старэйшых Беларускага музычна-драматычнага гуртку й сакратаром Беларускага грамадзянскага сабраньня (БГС), пасьля расколу ў БГС 21 верасьня 1924 — намесьнікам старшыні ва ўтворанай Часовай беларускай радзе (да красавіка 1925), якая супрацоўнічала з польскімі ўладамі, супрацьстаяла Беларускаму пасольскаму клюбу. У гэты час зблізіўся з Францішкам Аляхновічам, Арсенем Паўлюкевічам, Макарам Касьцевічам (Краўцовым) і быў сябрам таварыства «Беларуская хатка» ў Вільні.

На зьезьдзе Заходняе Беларусі 26—28 чэрвеня 1926 году, скліканым Часовай беларускай радай, удзельнічаў як прадстаўнік таварыства «Прасьвета». 21 лістапада 1927 — 2 красавіка 1928 кіраўнік рэдакцыі часопіса «Беларускі радны». Ад 1937 году працаваў у бухгальтэрыі Земскага банку. У 1941—1943 гадах быў старшынём бацькоўскага камітэту Беларускае гімназіі ў Вільні, пісаў фэльетоны ў «Беларускі голас».

У чэрвені 1946 году разам зь сям’ёй выехаў у Польшчу ў горад Быдгашч, дзе й памёр у 1952 годзе.

You may also like...