кс. Адам Станкевіч

6 студзеня 1892 г. у Ашмянскім павеце нарадзіўся Адам Станкевіч — беларускі каталіцкі сьвятар, радны БНР, літаратуразнаўца, выдавец, дэпутат Сойму міжваеннай Польшчы, дзяяч беларускага адраджэньня ў Заходняй Беларусі.

Нарадзіўся ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павету Віленскай губэрні (цяпер Смаргонскі раён, Гарадзенская вобласьць) у сялянскай сям’і беларусаў-католікаў. Пачаў адукацыю ў царкоўна-прыходзкай школе ў в. Баруны, але праз год яго перавялі ў Гальшанскую народную школу. Далей вучыўся ў гарадзкой вучэльні ў Ашмянах.

Скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю (1914) і духоўную акадэмію ў Санкт-Пэтэрбургу (1918). Супрацоўнічаў зь беларускімі часопісамі «Сьветач» і «Дзяньніца». 24 — 25 траўня 1917 году ў Менску ўдзельнічаў у зьезьдзе беларускага каталіцкага духавенства.

Адзін зь першых пачаў ужываць беларускую мову ў багаслужэньні. 3 1919 году выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі.

13 сьнежня 1919 г. кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У 1922 — 1928 гадох быў абраны паслом да польскага Сэйму зь ліста Блёку нацыянальных меньшасьцяў.

Пасьля зноў выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі, адкуль у 1933 годзе быў звольнены польскімі ўладамі. Да 1935 году працаваў у гандлёвай школе ў Вільні.

Апекваўся дзіцячымі прытулкамі, узначальваў Камітэт дапамогі ахвярам вайны.

У 1924 г. стаў старшынём Таварыства беларускай школы, у 1926 годзе – старшынём Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры.

Быў галоўным рэдактарам і выдаўцом газэты беларускіх каталікоў «Крыніца», а потым выдаваў часапіс «Chryścijanskaja Dumka» ў 1927—1938 гадох. У 1928 годзе сумесна зь іншымі дзеячамі заснаваў Беларускае каталіцкае выдавецтва.

За дзейнасьць па беларусізацыі Касьцёла ў 1938 годзе высланы польскімі ўладамі зь Вільні ў Слонім тэрмінам на 5 гадоў.

Увосень 1939 году, пасьля заняцьця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі, вярнуўся ў Вільню, дзе стаў дырэктарам Беларускай дзяржаўнай прагімназіі. Там жа перажыў Другую сусьветную вайну, будучы сьвятаром касьцёла сьвятога Міхала.

Арыштаваны савецкімі ўладамі 7 сьнежня 1944 году, але неўзабаве адпушчаны. Паўторна арыштаваны 13 красавіка 1949 году, прысуджаны да 25 гадоў лягераў. Адпраўлены ў Азярлаг (лягер сыстэмы ГУЛАГ у Тайшэце, Іркуцкая вобласьць, Расея), дзе і памёр у сьнежні таго ж году. Пахаваны на могілках палітзьняволеных каля вёскі Шаўчэнка (Шевченко) Тайшэцкага раёну.

You may also like...