“Покліч” – артыкул Старшыні Рады БНР Крэчэўскага (студзень 1926 г.)

Старшыня Рады БНР Пётра Крэчэўскі (Крачэўскі)

У сваім артыкуле III Старшыня Рады БНР Пётра Крэчэўскі адказвае на аргумэнты непрыяцеляў беларускага дзяржаўнага сувэрэнітэту як у Польшчы, так і ў Савецкай Расеі.

Зь беспрыкладнай у гісторыі народаў адвагай Беларускі Народ вядзе змаганьне за сваё вызваленьне ад чужацкай няволі.

Каб зьменшыць вагу барацьбы за вольнае слова, за родную школу, за мову і сваё палітычнае і гаспадарска-эканамічнае жыцьцё, нашыя ворагі штодня карыстаюцца сваёй і загранічнай прэсай, каб давясьці сьвету, што гэта бандытызм, а не вялікая вызвольчая барацьба за сваю свабоду. Паўстаньні ў Захадняй і Ўсходняй Беларусі жорстка душацца, а падаюцца зьвесткі ў прэсу, што беларускае сялянства і непісьменна, і нацыянальна несьвядома, а таму зьвяртаць увагу на іх барацьбу і дамаганьня ня варта.

Не дармо на ўсім абшары этнаграфічнай Беларусі нашы ворагі карыстаюцца ў гэтым сэнсе тымі самымі доказамі:

“Цяпер ясня відаць, кажа Савецкая Беларусь на Ўсходзе, што ў варунках сучаснага капіталістычнага ладу збудаваць Мужыцкую Беларускую Рэспубліку – сіламі аднаго сялянства на 60: непісьменнага, 90: нацыянальна несьвядомага, – ёсьць заданьне ілюзорнае, вельмі далёкае ад зьдзейсьненьня” (Сав. Бел. 31 Х.І. №296 (1595).

Тое самае гавораць і паны – на Захадзе. Вывад па-іхняму адзін: селянін няпісьменны і нацыянальна несьвядомы мусіць падпарадкавацца альбо, як “кулак”, – камуністам і іх партыі, альбо, як “несьвядомае быдла” – панам, якія ўжо і давядуць селяніна да маткі праўды.

Аднак, без дапамогі тых і другіх, Беларускі Народ сваёй сялянскай масай вызнаў сябе сувэрэнным гаспадаром Беларусі і актам 25 сакавіка 1918 г. замацаваў сваю дзяржаву. Не адважываецца і савецкая Беларусь супярэчыць праўна-юрыдычнаму акту гэнага дню, але прызнаецца шчыра, што пакуль цэніць не права, а сілу, і таму прымушана сьвяткаваць Незалежнасьць 1 студзеня 1919 г. – камуністычную.

Розум і павага, зь якой Беларускі Народ ставіўся да сваёй дзяржавы, як у пройшласьці – Беларуска-Літоўскай дзяржавы, так і цяпер – Беларускай Народнай Рэспублікі, як творчай волі ўсяго Беларускага Народу, дэмакратычнага па істоце і цьвёрдага ў сваім “я”, гаворыць за правідловасьць яго шляху.

Гэтага не адкідаюць і бесстароныя дасьледчыкі беларускага руху з варожага стану:

“Усюды сярод беларускай люднасьці можна без труднасьці сьцьвердзіць моцны стан самаўсьведамленьня, асабліва сацыяльна-клясавага, рэлігійнага, а таксама і нацыянальнага і, хоць праўда, болей у значэньні нэгатыўным – незалежнасьці да даных нацыянальнасьцяў, ніж у пазытыўным – належнасьці да аднэй зь іх” (Сроковскі, Справа народосьцёва на крэсах всходніх, Краков 1924 г. бал. 7).

Мы верым, што традыцыйна ўзгадованы на праве і справядлівасьці Беларускі Народ ніколі не падпарадкуецца сіле дыктатуры, і як актыўна, так і пасіўна, што дасьледчыці называюць нэгатыўным самаўсьведамленьнем у варунках трохсотлетняга заняпаду пад гвалтам польскай і расейскай улады, будзе змагацца за сваё права на поўнае зьдзейсьненьне народапраўства.

Мы не карыстаемся дэмагогіяй і не заклікаем да таго, чаго ня можам даць. Наш шлях – шлях праўды. На абман народу і за кліч яго да ўсясьветнага шчасьця ў той час, як ён галодны і халодны, абрабованы чужынцамі, абліваецца крывёй і потам у змаганьні за сваё права, мы ня пойдзем.

Трэба ўпарадкаваць сваё жыцьцё, трэба Беларускі Народ зрабіць гаспадаром на сваёй зямлі ў першую чаргу, а потым ужо памагаць і другім народам у мэтах агульна-чалавечага шчасьця.

Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублікі стаіць на варце гэных інтарэсаў за граніцай, так, як даручыла яму Рада Рэспублікі 13 сьнежня 1919 г. – Голас Усебеларускага Зьезду.

Духоўная, як і рэальная сувязь паміж Прэзыдыюмам Рады і Беларускім Народам, нягледзячы на варожыя акупацыі, не парвана. Гэта мы бачым штодня з той барацьбы, якую вядзе Беларускі Народ на тэрыторыі Савецкай Беларусі – на Ўсходзе і пад Польшчай – на Захадзе.

Здраднікі і перакідчыкі, то ў адзін бок, то ў другі, самі па сабе атрымалі засуд Беларускага Народу.

Далейшая праца, як наша за граніцай, так і ўсяго Беларускага Народу на Бацькаўшчыне, павінна скінуць панаваньне чужынцаў і даць мейсца Беларускаму Народу на ўсёй Этнаграфічнай Беларусі, дзе ён становіць адменную большасьць.

Сьмела наперад, за нацыянальную і сацыяльную роўнасьць!

Няхай жыве Беларускі Народ!

Не пазволім панам і камуністам фальшаваць волю Беларускага Народу.

Супроць сілы – мы ставім ідэю, супроць гвалту – пратэст.

 

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

П. Крэчэўскі
Студзень 1926 г.

You may also like...