Пераднавагодні зварот Старшыні Рады БНР да Беларускага народу

Пераднавагодні зварот Старшыні Рады БНР
да Беларускага народу

Дарагія суродзічы, дарагія беларусы ва ўсім сьвеце,

Сканчаецца 2016 год, і надыйшоў час нам падвесьці ягоныя вынікі.

Разам з усім сьветам мы перажываем напружаныя часы. Палітычныя падзеі гэтага году ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Расеі і іншых краінах распачалі ў сьвеце пэрыяд непрадказальнасьці, які нясе для Беларусі большыя рызыкі, чым для многіх іншых краінаў.

Як і раней, найбольшую небясьпеку для Беларусі ўтварае пагроза незалежнасьці з боку цяперашняй аўтарытарнай Расеі. Вельмі непакоіць актывізацыя агрэсіўнай прапаганды ў праўладных расейскіх СМІ: прапаганды напоўненай нянавісьцю да Беларусі і беларускага народу. Вельмі непакояць закулісныя перамовы паміж беларускім і расейскім дыктатарамі, эканамічны ціск і асабліва неадназначныя расейскія вайсковыя перасоўваньні каля беларускай мяжы. Падзеі, якія адбываліся ва Ўкраіне ад 2014 году, не дазваляюць спакойна назіраць за гэтым.

Няма сумневу ў тым, што Расея ёсьць наш сусед, і нягледзячы на супярэчлівую гісторыю нашых дачыненьняў, Беларусь і Расея павінны жыць у сяброўстве і добрасуседзтве, грунтуючыся на ўзаемнай павазе.

Але незалежнасьць – гэта найвялікшая і найважнейшая каштоўнасьць для любога народу, у тым ліку і для нашага, беларускага. На жаль, у цяперашні час нам зноў даводзіцца ўсур’ёз думаць пра неабходнасьць для беларусаў бараніць гэтую незалежнасьць са зброяй у руках. Прычым ад людзей, якія хочуць называць сябе нашымі братамі.

Сытуацыя робіцца больш напружанай і ўнутры Беларусі. Яе эканоміка знаходзіцца ў цяжкім крызісе, у той час, калі эканоміка ўсіх суседніх эўрапейскіх краінаў расьце. Дабрабыт беларусаў працягвае пагаршацца. Гэта яўны знак таго, што цяперашняя мадэль кіраваньня краінай даўно вычарпала свой рэсурс, што Беларусь патрабуе сур’ёзных рэформаў ва ўсіх сфэрах: як у эканоміцы, так і ў палітыцы, так і ў грамадзкім жыцьці.

2016 год адзначыўся актывізацыяй кантактаў паміж афіцыйнымі беларускімі ўладамі і прадстаўнікамі краінаў Вольнага Сьвету. Гэта ёсьць добра, бо патэнцыйна набліжае пераадоленьне міжнароднай ізаляцыі нашай Бацькаўшчыны. Але сусьветная супольнасьць павінна разумець, што саступкі менскаму рэжыму недапушчальныя без канкрэтных і адчувальных крокаў у кірунку дэмакратызацыі ў Беларусі. Менскі афіцыйны рэжым дагэтуль не зрабіў такіх крокаў. Працягваецца перасьлед беларусаў дзеля палітычных матываў, працягваецца цэнзура і прапаганда ў галоўных беларускіх СМІ. Парлямэнцкія выбары, што прайшлі ў 2016 годзе, былі такімі ж несумленнымі і сфальсыфікаванымі – такім-жа падманам і абразай беларускага народу – як і ўсе папярэднія выбары й рэфэрэндумы за апошнія вось ужо больш як дваццаць гадоў.

Афіцыйная беларуская ўлада павінна ўсьведамляць, што дэмакратыя і эканамічныя рэформы неабходныя з пункту гледжаньня беларускіх нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў. Беларускі народ дастойны таго, каб жыць у сваёй уласнай дэмакратычнай краіне, каб мець такія ж самыя правы і свабоды, як маюць нашыя суседзі ў іншых краінах Эўропы. Абавязак людзей, якія шчыра клапоцяцца пра дабрабыт беларусаў, а не пра ўласную карысьць за народны кошт – даць беларусам гэтыя правы і свабоды.

2016 год быў годам некалькіх важных гадавінаў.

Роўна дваццаць пяць гадоў таму Беларусь стала незалежнай ад СССР і аднавіла свой дзяржаўны сувэрэнітэт. Вось ужо чвэрць стагодзьдзя наша Радзіма ёсьць паўнавартаснай міжнародна прызнанай дзяржавай. За гэта шмат гадоў перад гэтым змагаліся і за гэта маліліся беларусы ва ўсім сьвеце. І ніякія вонкавыя і ўнутраныя непрыяцелі за гэты час так і ня здолелі пазбавіць нас незалежнасьці. Беларусь адбылася як паўнавартасная дзяржава. Мы дабіліся вялікай гістарычнай перамогі, якую ніхто ня здолее ў нас адабраць.

Роўна трыццаць гадоў прайшло з дня Чарнобыльскай аварыі – самай страшнай экалягічнай катастрофы ў гісторыі чалавецтва, у эпіцэнтры якой было наканавана апынуцца нашай Бацькаўшчыне. Гэта страшнае выпрабаваньне для нашай Беларусі, якое дагэтуль не пераадоленае – і пераадольваць якое перашкаджае безадказная палітыка ўладаў.

Таксама дваццаць гадоў прайшло з сумнавядомага незаконнага рэфэрэндуму 1996 году, які стаў завяршальным этапам дзяржаўнага перавароту ў Беларусі і зрабіў яе дыктатурай і сатэлітам Расеі. Але нават гэты рэфэрэндум так і не зламаў наш беларускі вольны дух, пра які сьпяваецца ў нашым гімне, Ваяцкім Маршы. У цяжкіх умовах, насуперак дыскрымінацыі, працягвае існаваць і сіламі простых людзей разьвівацца беларуская мова, працягваюць выдавацца кнігі пра праўдзівую беларускую гісторыю, працягвае лунаць Штандар наш бел-чырвона-белы і мчаць старадаўняя Пагоня – у прыватных дамах, на вопратцы і на аўтамабілях. І, галоўнае, Беларусь застаецца незалежнай. З гэтым цяпер вымушаны мірыцца і гэтую незалежнасьць цяпер вымушаны спрабаваць умацоўваць і аўтарытарны рэжым у Менску.

Наступны год будзе таксама асаблівы ў тым, што тычыцца юбілеяў. У 2017 годзе мы пачнем адзначаць стагодзьдзе здабыцьця Беларусяй незалежнасьці. Драматычныя падзеі 1917 году адыгралі лёсавызначальную ролю для Беларусі і стварылі перадумовы для абвяшчэньня ў 1918 годзе незалежнай і дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі. 2017 год – гэта сотыя ўгодкі Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, які быў ключавой падзеяй на шляху да стварэньня незалежнай Беларусі і на якім была ўтвораная Рада БНР як першапачаткова Рада Ўсебеларускага Кангрэсу.

Дарагія землякі ўва ўсім сьвеце: на Берасьцейшчыне й Віцебшчыне, на Гарадзеншчыне, Гомельшчыне й Магілёўшчыне; у Менску і ў маіх родных Стоўпцах; у Польшчы й Чэхіі, у Расеі і ва Ўкраіне, у ЗША і Канадзе, Вялікай Брытаніі і Бэльгіі і ўсіх іншых краінах, дзе жывуць нашыя суродзічы.

Віншую вас з Нараджэньнем Хрыстовым, незалежна ад календару, паводле якога сьвяткуеце, і з Новым Годам. Хай гэты сьвяточны час прынясе ўсім нам радасьць ад стасаваньня з блізкімі і надзею на шчасьлівы новы 2017 год. Мы павінны жыць надзеяй і верай у лепшае, у тое, што будучыня прынясе Беларусі доўгачаканае вызваленьне – і так яно абавязкова й будзе.

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Атава
Сьнежань 2016 г.