Беларускія радыёперадачы з Мадрыду (1958 – 1965)

8 сьнежня 1958 г. пачаліся трансьляцыі беларускіх перадачаў на Гішпанскім Нацыянальным Радыё. Трансьляцыі вяліся на Беларусь, перадачы рыхтавалі беларускія актывісты – радны БНР Янка Сурвілла і ягоная жонка Івонка Сурвілла, якая ў 1997 г. стала Старшынёй Рады БНР.

Падаем тут артыкул І. Сурвіллы ад 2002 пра беларускія радыёперадачы з Мадрыду, заснаваны перадусім на ўспамінах Янкі Сурвіллы.

***

Між беларускімі студэнтамі, якія здабылі стыпэндыі для студыяў у Гішпаніі, быў Янка Сурвілла, сябра Рады БНР ад 1948-га г.

У сваіх успамінах “Беларускае студэнцтва на чужыне” Барыса Рагулі Янка Сурвілла расказвае:

“Калі прыехаў у Мадрыд вясною 1951-га году, убачыў, што сярод радыёперадачаў Гішпанскага Нацыянальнага Радыё, якія вяліся на мовах народаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, не было толькі перадачаў на беларускай мове. З такім станам рэчаў цяжка было пагадзіцца, а таму пачаў раглядацца, як зьмяніць сытуацыю. Справа выявілася складанай: тэхнічныя цяжкасьці, патрэба людзей і фінансавых сродкаў”.

Цытую далей Барыса Рагулю:

“Пасьля шматлікіх захадаў Янкі Сурвіллы 25-га сакавіка 1952-га году на Гішпанскім Нацыянальным Радыё прагучала першая перадача на беларускай мове, прысьвечаная 34-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі – Зварот да беларускага народу тагачаснага Старшыні Рады БНР Міколы Абрамчыка. Гэта быў пачатак. З прыездам у Мадрыд Віктара Сянкевіча ў 1953-м годзе працаваць стала лягчэй: усю грамадзкую працу рабілі разам. У наступныя гады аж да ўвядзеньня штодзённых беларускіх праграмаў у сьнежні 1958-га году, кожнага 25-га Сакавіка рэгулярна перадаваліся спэцыяльныя беларускія праграмы”.

Штодзённыя беларускія перадачы Гішпанскага Нацыянальнага Радыё Янка Сурвілла ўважаў найбольшым асягненьнем свайго жыцьця. Зьбіраўся напісаць пра іх манаграфію, але хвароба і заўчасная сьмерць не дазволілі яму споўніць гэтае жаданьне. Са свайго боку я таксама пачала пісаць успаміны пра тыя гады, магчыма, найшчасьлівейшыя ў нашым жыцьці, ня гледзячы на ўсе недахопы ды цяжкасьці. Спадзяюся, што яны ўвойдуць у наступны том Зборніку БНР. А тым часам хачу расказаць аб радыёперадачах словамі мужа Янкі Сурвіллы. 19-га студзеня 1964-га году ў сваёй справаздачы пад загалоўкам “Кароткая інфармацыя пра беларускія радыёперадачы ў Мадрыдзе” ён пісаў вось так:

“Стараньні аб здабыцьці штодзённых беларускіх радыёперадачаў пры Гішпанскім Нацыянальным Радыё былі распачатыя ў траўні 1957-га году і вяліся да сьнежня 1958-га году пры супрацоўніцтве і падтрымцы ворганаў Рады БНР, якія забавязаліся прыняць на сябе абавязкі ўтрыманьня неабходных працаўнікоў радыёперадачаў, а таксама абавязкі наладжаньня супрацоўніцтва з радыёперадачамі з боку нашага грамадзка-палітычнага актыву. Гэтыя стараньні праходзілі праз розныя моманты, напатыкаючы вялікія цяжкасьці, стаўленыя нашымі ворагамі.

Канчаткова перамога была нашая, і беларускія радыёперадачы пачалі працаваць ад 8-га сьнежня 1958-га году. Нам былі прызнаныя штодзённыя 15-хвілінныя радыёперадачы з умоваю, што мы возьмем на сябе адказнасьць за ўтрыманьне працаўнікоў (2), Гэта значыць на такіх самых умовах як перадачы балтыйскіх краінаў, Харваччыны й Альбаніі. Радыёперадачы іншых нацыянальнасьцяў, якія пачалі працаваць шмат раней – усіх разам налічваецца 16 – маюць крышку іншыя ўмовы, але таксама іхныя працаўнікі ўтрымоўваюцца рознымі нацыянальнымі арганізацыямі.

Нашыя праграмы пачалі перадавацца два разы ў дзень, а 20.30 і 22.40 менскага часу, на кароткіх хвалях 32 і 42 мэтры. Амаль адразу пачалі стараньні, каб здабыць 5 хвілінаў больш, а таксама, каб здабыць адну карацейшую хвалю з далейшым засягам. Стараньні гэтыя ўкаранаваліся посьпехам. Пачынаючы ад 21-га ліпеня 1960-га году беларускія радыёперадачы ў Мадрыдзе трываюць 20 хвілінаў і перадаюцца а 20.30 і 22.40 менскага часу на кароткіх хвалях 32,04 і 25,39 м, што адпавядае 6.363 і 11.814 Кц/с. Заўважу, на 16 радыёперадачаў у мовах паняволеных [СССР] народаў, толькі дзьве – польская і расейская – трываюць па 30 хвілінаў, чатыры – беларуская, вугорская, румынская і баўгарская – па 20 і рэшта па 15.

Нашыя праграмы складаюцца ў сваёй пераважнай большасьці з трох часткаў: навіны дня, якія займаюць у сярэднім чацьвёртую частку праграмы, камэнтар на міжнародныя падзеі (у выпадку, калі падзеі заслугоўваюць на нейкую ўвагу), што займае ў сярэднім таксама каля паўтары бачыны машынапісу празь лінейку або чвэрць праграмы і рэшта – гутаркі, артыкулы й матэрыялы на беларускія тэмы. Праўда, у гэтай апошняй частцы, перадаюцца часам матэрыялы на агульнасавецкія тэмы, але гэта выключна з той прычыны, што няма змогі забясьпечыць заўсёды праграму матэрыяламі на тэмы беларускія. Кожная праграма абыймае шэсьць з паловаю аркушаў машынапісу празь лінейку апрача ўступу і заканчэньня. Пачынаецца яна гішпанскім кавалерыйскім маршам “Кабальгата”, які ёсьць сінтоніяй Гішпанскага Нацыянальнага Радыё, і канчаецца “Пагоняй”.

Матэрыялы на беларускія тэмы ахопліваюць разнаякую тэматыку зь перавагай палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і гістарычнай. У меру магчымасьцяў адзначаюцца ўсе важнейшыя падзеі ў нашай гісторыі, асабліва ў гісторыі нашага нацыянальна-вызвольнага руху, прыпамінаюцца імёны нашых выдатных людзей, іхная дзейнасьць і заслугі; шмат увагі прызначаецца выдатным беларусам, якія сталіся ахвярамі расейска-бальшавіцкага акупацыйнага рэжыму.

Належнае месца займае злачынная палітыка расейска-бальшавіцкага акупанта на нашай Бацькаўшчыне, і гэта ўва ўсіх яе аспэктах. І, безумоўна, на кожным кроку гаворыцца аб нашых мэтах аднаўленьня беларускай незалежнай і сувэрэннай дзяржавы, выказваючы надзею і перакананьне, што вызваленьне нашай Бацькаўшчыны ёсьць справаю непазьбежнаю.

Перадаюцца таксама інфармацыі, калі іх маем, аб жыцьці й дзейнасьці нашых суродзічаў, нашых арганізацыяў і інстытуцыяў у вольным сьвеце. Нядзелямі перадаюцца сьвяточныя гутаркі на рэлігійна-маральныя тэмы, беларускія народныя песьні ў выкананьні эміграцыйных хораў і матэрыялы пераважна літаратурнага характару, патрыятычнага зьместу.

Вялікую дапамогу матэрыяламі для нядзельных праграмаў мы атрымлівалі ад сп. Юркі Віцьбіча, які безінтэрэсоўна пераслаў сэрыю адаптаваных ім самым урыўкаў з свае кнігі “Плыве з-пад сьвятое гары Нёман”, а так-жа іншыя нарысы. У сучасны мамэнт у нядзельных праграмах перадаюцца ўспаміны а. Язэпа Гэрмановіча “Кітай, Сібір, Масква”.

У рэлігійных гутарках ніколі не парушаюцца пытаньні веравызнаньняў; робіцца ўсё, каб яны былі прыйманыя за свае гэтак праваслаўнымі як і каталікамі. Пры адзначэньні важнейшых рэлігійных сьвятаў – Калядаў, Вялікадня – аднолькавая ўвага надаецца сьвятам і каталіцкім, і праваслаўным.

Характар матэрыялаў на беларускія тэмы ёсьць чыста нацыянальным. Нашыя нацыянальныя справы й праблемы мы трактуем без ніякіх абмежаваньняў, як-бы гэта рабілі будучы ў сябе дома.

Гаворачы аб сучасным палажэньні ў Беларусі, мы ня кажам, што нашая Бацькаўшчына знаходзіцца ў камуністычнай няволі, і што трэба змагацца зь нейкім абстрактным камунізмам, а называем захопніка і панявольніка сваім уласным імём, падкрэсьліваючы, што гэта той самы, што быў і раней, толькі памаляваны на іншы колер.

Трактуючы міжнародныя праблемы, ня робіцца ніякіх намаганьняў накінуць нейкі погляд або бараніць і прапагандаваць тыя ці іншыя становішчы й ідэі. Трактаваньне гэтых праблемаў мае чыста інфармацыйны характар.

Мо цікава будзе заўважыць, што ня гледзячы на тое, што нашыя праграмы перадаюцца Гішпанскім Нацыянальным (дзяржаўным) Радыё, мы не перадаём весткаў і паведамленьняў з унутранага жыцьця Гішпаніі, што ёсьць абавязковым у іншых краінах у такіх выпадках. Перадаюцца толькі весткі, якія маюць міжнародны характар і значэньне. Для дакладнасьці зазначу, што два або тры разы на год нам трэба перадаваць выняткі з прамоваў шэфа дзяржавы – выняткі, якія датычаць міжнароднага палажэньня і лёсу крінаў, паняволеных Масквою ці Пэкінам. З нагоды гішпанскага нацыянальнага сьвята перадаецца прынагодны каментар, але за гэта ўжо нам дзякуюць.

Столькі было-б абмежаваньняў у нашай працы. Па-за гэтым кожная рэдакцыя ўкладае свае праграмы й перадае матэрыял, які ўважае найбольш мэтазгодным. Для дырэкцыі Радыё робяцца рэзумэны ў гішпанскай мове зь перадаваных матэрыялаў.

Нашыя перадачы былі сустрэтыя шалёным глушэньнем, і гэтак сыстэматычна глушацца да сёньняшняга дня. Пачалі іх глушыць зь першага дня, бо расейцы ведалі, калі іх пачынаем, дзякуючы абвесткам, якія на працягу трох дзён перадавалі ўсе чужынецкія сэкцыі Гішпанскага Нацыянальнага Радыё. Было ўстаноўлена, што неаднолькава заглушаюцца ўсе матэрыялы радыёперадачаў. Менш заглушаюцца навіны дня і каментары на міжнародныя тэмы, затое больш інтэнсыўна глушацца праграмы сьвяточныя, асабліва калядныя і вялікадныя.

Калі-ж ходзіць пра праграмы, прысьвечаныя нашаму нацыянальнаму сьвяту або Слуцкім падзеям, дык глушэньне становіцца асаблівым ня толькі ў сам дзень угодкаў, але і на працягу некалькіх папярэдніх тыдняў, бо ў гэтым часе перадаецца сэрыя матэрыялаў, зьвязаных з надыходзячай гадавінай гістарычнай падзеі.

Спачатку нам удавалася крыху амінуць гэтае глушэньне. Радыёстанцыя мае магчымасьць высылаць нашую праграму са спазьненьнем да 10-ці хвілінаў. Такім чынам [саветы] глушылі сваю норму, пакідаючы канец праграмы незаглушаным. Хутка аднак спахапіліся, зразумелі камбінацыю і, бачачы, што перадача ідзець далей, уключалі нанава машыны перарываючы іх час ад часу, каб пабачыць, ці мы ўжо скончылі. Пазьней гэтую праблему яны вырашылі так, што нашую 20-ці хвілінную праграму глушаць на ўсялякі выпадак паўгадзіны.

Мы ня маем непасрэдных весткаў з Бацькаўшчыны адносна ўмоваў, у якіх [прымаюцца] нашыя перадачы. Атрымаць ліст адтуль у Гішпаніі ёсьць проста немагчыма, а спробы адчыніць паштовую скрынку ў іншай краіне нам не ўдаліся. Аб гэтых умовах можна судзіць аднак паводле весткаў, якія досыць рэгулярна атрымоўваюць праз Швэцыю сэкцыі Летувіская, Латыская і Эстонская. Бо-ж хіба ўмовы ў гэтых краінах і ў Беларусі, пад гэтым поглядам, ня шмат чым розьняцца.

Згодна з гэтымі весткамі мадрыдзкія радыёперадачы туды даходзяць і цешацца папулярнасьцяй дзеля іхнага нацыянальнага характару і непасрэднага падыходу да справаў. Умовы адбіраньне ёсьць неаднолькавыя ў вялікіх гарадох і аддаленых ад іх сельскіх мясцовасьцях. Справа ў тым, што вялікія гарады маюць лякальныя сыстэмы заглушаньня акрамя агульнай, што вельмі абцяжвае слуханьне радыёперадачаў і нярэдка робіць гэтае слуханьне зусім немагчымым. У сельскіх мясцовасьцях перадачы адбіраюцца з большымі або меншымі цяжкасьцямі ў залежнасьці ад зонаў і атмасфэрных умоваў.

Свайго часу айцец Татарыновіч быў атрымаў ліст із Польшчы, у якім яму пісалі аб умовах прыйманьня радыёперадачаў. Згодна з тымі весткамі, мадрыдзкія радыёперадачы адбіраюцца там лепш за ватыканскія, хаця часам можна пачуць і зразумець толькі адарваныя сказы або паасобныя словы. У тым лісьце было зазначана, што і гэтага хапае для лепшага настрою.

У краінах Заходняй Эўропы перадачы адбіраюцца зь вялікімі цяжкасьцямі, але ў Бэльгіі нашыя перадачы нярэдка “чуваць так добра, як-бы іх перадавала мясцовая бэльгійская радыёстанцыя”.

Наагул-жа сам факт глушэньня – шалёнага глушэньня – ёсьць хіба найлепшым доказам, што нашыя перадачы туды даходзяць і ёсьць эфэктыўныя, бо інакш-бы нашыя ворагі ня трацілі-б вялікіх сродкаў для змаганьня зь імі”.

Івонка Сурвілла рыхтуе беларускую перадачу на хвалях Гішпанскага Нацыянальнага Радыё
Івонка Сурвілла рыхтуе беларускую перадачу на хвалях Гішпанскага Нацыянальнага Радыё

Бальшыня перадачаў Гішпанскага Нацыянальнага Радыё, скіраваных на Ўсходнюю Эўропу, былі закрытыя 31-га траўня 1965-га году, у тым ліку і беларуская.

Івонка СУРВІЛЛА

Газэта “Беларус”, #475 Жнівень 2002 г.